Як вылечыць Праваслаўную царкву ад «русского мира»? Гутарка з тэолагам і святаром


Пра «русский мир» у Праваслаўнай царкве, ці магчыма яе вылечыць ад ідэалогіі імперскасці, будучыню РПЦ, аддзяленне цэркваў ад Маскоўскага патрыярхату, пра перспектывы самастойнасці беларускай царквы – разважаем разам з эксперткай у галіне рэлігіі, палітыкі, праваабароны, тэолагам Наталляй Васілевіч і беларускім святаром Аляксандрам Шрамком, якому некалі за крытыку патрыярха Кірыла забаранілі служыць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mikhail Klimentyev / Kremlin Pool / Zuma Press / Forum

«РПЦ адыходзіць ад Евангелля і на першае месца ставіць ідэалогію дзяржавы»

– Расейская праваслаўная царква заўсёды лічыла сябе захавальніцай ідэяў «русского мира». Вядомая фраза пра тое, як што не зробіць расейскі штык, даробіць у тым ліку расейскі поп. РПЦ заўсёды на акупаваных Расеяй тэрыторыях дапамагала дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі. Летась мы ўбачылі, як РПЦ падтрымлівае вайну ва Украіне і нават заклікае да яе. Адкуль гэта ўсё ў царкве?

А. Ш. – Гэта наступствы глыбінных працэсаў, якія адбываюцца ў Расейскай праваслаўнай царкве. РПЦ заўсёды была схільная да падпарадкавання дзяржаве. Гэта закладзена ў царкоўнай іерархіі. А іерархі – тыя ж чыноўнікі, і бяда РПЦ у тым, што яны часта не аддзяляюць сябе ад дзяржавы і адначасова адрываюцца ад звычайных вернікаў. У выніку выходзіць, што царква на ўзроўні іерархіі адыходзіць ад Евангелля, а на першае месца ставіць ідэалогію дзяржавы.

Н. В. – Адзінай ідэалогіі «русского мира» няма і ніколі не было, гэта цэлы шэраг міфаў, метафараў і ідэяў, у тым ліку ў іх праваслаўнай абгортцы, але не выключна ў ёй.

Фраза пра «штык» – гэта хутчэй не пра «русский мир», а пра імперскую ідэалогію, у межах якой, пасля рэформаў Пятра I, праваслаўная царква стала фактычна адным з бюракратычных органаў Расейскай імперыі, на ўзор заходніх пратэстанцкіх краінаў, і менавіта ў тыя часы тое, што цяпер называецца ідэалогіяй «русского мира», канцэпцыя «Святой Русі» пачынае выконваць ролю супрацьвагі бюракратычнаму імперыялізму – як рамантычны міф даімперскай, народнай Русі. На пачатку ХХ стагоддзя сярод царкоўнага народу і інтэлектуалаў тэма дэінструменталізацыі Расейскай царквы і крытычнае стаўленне да такой ролі царквы спарадзіла цэлы рух, які ўвасобіўся ў правядзенні Сабору 1917–1918 гадоў, адной з самых маштабных падзеяў у жыцці ўсяго праваслаўнага свету ў ХХ стагоддзі.

Цяперашняе падтрыманне вайны з боку кіраўніцтва РПЦ, на мой погляд, гэта не столькі падтрыманне ідэалогіі «русского мира», колькі аўтарытарнага рэжыму Пуціна, а таксама аднаўлення Расеі як альтэрнатыўнай «капіталістычнаму Захаду» цывілізацыі, гэтага Савецкага Саюзу. Нават Аляксандр Неўскі, якога ў старажытнай расейскай царкве шанавалі як святога, які адмовіўся ад княжання і прыняў манаства, цяпер функцыянуе не як «жыційны» вобраз, але як створаны савецкім кінематографам. Сергій Раданежскі з ісіхаста-манаха пераўтварыўся ў святога, які дабраслаўляў ваенныя паходы. Таму сучасная «руская» царква ніякая не «руская», а больш «савецкая».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yuri Smityuk / TASS / Forum

І тут, на мой погляд, нават у самой ідэалогіі «русского мира» ёсць патэнцыял супрацьстаяння гэтай створанай за савецкім часам «сергіянскай» царквы, якая прыслугоўвае дзяржаўнай ідэалогіі і дзяржаўным інтарэсам. Тут трэба не адмаўляцца ад шанавання Сергія Раданежскага, Серафіма Сароўскага, Ксеніі Пецярбургскай, нават ад канцэпцыі Святой Русі не трэба адмаўляцца, але перагледзець іх крытычна, пабачыць, як яны могуць выкарыстоўвацца для апраўдання людажэрскіх ідэяў і дзеянняў, у імперыялістычным рэчышчы.

«Уплыў РПЦ у Беларусі ніколі не быў значным»

– Якую ролю РПЦ сёння грае ў фармаванні ідэнтычнасці людзей на постсавецкай прасторы, у прыватнасці, у Беларусі? 

А.Ш. – У шараговых прыходах Беларусі прапаганды «русского мира» няма, ці, прынамсі, не было да нядаўняга часу. Калі я быў святаром, не было ніякіх цыркуляраў зверху, якія ідэі прасоўваць і гэтак далей. Свядома царква такім не займаецца, прынамсі, раней так было. Мітрапаліт Павел нават падчас адной са сваіх прамоваў на сходзе святароў казаў, што недапушчальна прадаваць у царкоўных крамах ідэалагічную літаратуру з прапагандаю шавіністычных ідэяў іншых дзяржаваў. Ён меў на ўвазе, што недзе кнігі Гіркіна прадаваліся.

У нашых царкоўных крамах сапраўды большасць літаратуры – расейская. Таксама тэлебачанне ў нас людзі глядзяць у асноўным расейскае, той жа «Спас». Праз гэта да нас і прыходзяць пэўныя ідэі. На жаль, у Беларусі і выдавецкая рэлігійная дзейнасць, і тэлебачанне не могуць канкураваць з медыйнымі прадуктамі Масквы. А тыя ўстановы, якія могуць, як, напрыклад, Свята-Елісавецінскі манастыр, цалкам прасякнутыя «русским миром».

Н.В. – На мой погляд, РПЦ фактычна ніякай ролі ў фармаванні ідэнтычнасці не грае, для гэтага на постсавецкай прасторы ёсць тэлевізар і сеткі ботаў. Некаторыя выступы спікераў ад РПЦ могуць станавіцца віруснымі на кароткі час, але яны даўно ўжо не вызначаюць ідэалогіі. Віруснымі становяцца найбольш радыкальныя выказванні. Інфармацыйная прастора сама выносіць трэш-кантэнт на паверхню, людзі менш чытаюць нешта ўдумлівае, разважлівае, наогул менш чытаюць.

Уплыў РПЦ на людзей у Беларусі сёння нязначны і ніколі значным не быў. За гады незалежнай Беларусі хіба толькі ў Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) быў досыць высокі аўтарытэт у грамадстве, каб хаця трохі на гэтае грамадства ўплываць, але фігураў параўнальнага маштабу больш няма. Самай уплывовай асобай сёння я б назвала протаіерэя Андрэя Лемяшонка і ацаніла б ягоны ўплыў у межах каля тысячы-паўтары асобаў, якія яго рэальна слухаюць і дзейнічаюць у адпаведнасці з пачутым. Яшчэ адзін з такіх лідараў – епіскап Яўсевій, вікарый Віцебскай епархіі. Мітрапаліт Веніямін таксама мае ўплыў, але хутчэй адміністратыўнага, чым ідэйнага характару, і гэты ўплыў забяспечаны таксама прымусовымі сродкамі рэжыму.

Католики празднуют Рождество Христово в Красном костёле в Минске, Костёл святого Симеона и святой Елены, богослужение
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Царква, безумоўна, у першую чаргу павінна прапаведаваць Хрыста, а не палітычную дактрыну. Гэта аднак, не значыць, што царква мусіць цурацца палітыкі. Важна, каб царква адстойвала ў грамадскім жыцці прынцыпы міру, свабоды, справядлівасці, праўды, брацтва паміж людзьмі; салідарызавалася з прыгнечанымі людзьмі і групамі, абараняла слабых і маргіналізаваных, тых, каго ніхто не хоча абараняць. Царква можа супрацоўнічаць з уладамі ў добрых справах, супрацьстаяць у дрэнных справах, але не павінна станавіцца інструментам у руках палітыкаў.

«Вылечыць царкву можна толькі знутры»

– Як можна вылечыць царкву ад ідэалогіяў імперскасці і «русского мира»?

А.Ш. – Толькі знутры. Я не веру, што гэта можна зрабіць прымусам, як, напрыклад, у Латвіі ці Украіне, дзе дзяржава змушае аддзяліцца ад Маскоўскага патрыярхату. Фармальна царква аддзеліцца, так, але знутры застанецца той жа самай, і ідэі там застануцца тыя ж самыя, толькі яны сыдуць з легальнага ўзроўню ў падполле. Людзі не пачнуць заўтра думаць інакш, бо ім так сказалі. Змяненні ў царкве адбудуцца тады, калі наспеюць знутры, калі іх захочуць звычайныя вернікі, калі выспее самастойная грамадзянская супольнасць. Тады ціск будзе знізу на вярхі, а не наадварот, і менавіта такі ціск запусціць змяненні.

Гэта добра паказаў наш 2020 год. Тады ад імя царквы шмат што рабілася на ўзроўні звычайных свядомых прыхаджанаў, якія збіраліся разам, у тым ліку з вернікамі іншых канфесіяў – на супольныя малебны каля Ратушы, шэсце да Чырвонага касцёлу разам з каталікамі, пратэстантамі. У валанцёрскай дапамозе прымалі ўдзел святары і вернікі, а не вышэйшая іерархія. Такія канкрэтны супольныя справы знізу здольныя шмат што змяніць у царкве і ў стаўленні грамадства да царквы. Царква – гэта найперш людзі, а не кіраўніцтва. Судзіць пра царкву па верхавіне – гэта тое самае, што асацыяваць усю Беларусь з лукашэнкаўскім рэжымам.

«Барацьба з РПЦ ва Украіне ідзе не ў той бок»

– Як вы ставіцеся да выхаду ўкраінскай царквы з Маскоўскага патрыярхату і забароны РПЦ ва Украіне?

А.Ш. – Я лічу, што забаронамі праблему нельга вырашыць. Я быў ва Украіне і бачыў розніцу паміж Украінскай праваслаўнай царквой, якая была ў Маскоўскім патрыярхаце, і Праваслаўнай царквой Украіны. УПЦ – гэта вельмі народная царква, люстэрка складанага ўкраінскага грамадства. У ПЦУ людзей менш, але яны з вельмі канкрэтнымі ідэйнымі ўстаноўкамі. Прымусам немагчыма перавесці людзей з адной царквы ў іншую. Гэта доўгая праца – распавядаць, тлумачыць.

Я прыхільнік абсалютнай свабоды веравызнанняў і рэлігіяў, і лічу, што ціск на любую царкву будзе мець кепскія наступствы.

Н.В. – УПЦ адмаўляе сваю прыналежнасць да Маскоўскага патрыярхату ці РПЦ і вызначае сваю ідэнтычнасць як украінскай царквы. А ўкраінская дзяржава, у сваю чаргу, не лічыць, што змагаецца з царквой, нават калі гэта РПЦ, але з калабарантамі з ліку рэлігійных арганізацыяў.

Я сачу за вынікамі ператрусаў, якія СБУ праводзіць у прыходах, манастырах і епархіяльных упраўленнях УПЦ, і на мой погляд, барацьба з РПЦ там ідзе не ў той бок. Прынамсі, тыя фотаздымкі, якія з ператрусаў публікуюцца, выклікаюць здзіўленне – у якасці кампрамату дэманструюцца часта проста кнігі на расейскай мове – нават «Дзіцячая біблія», як была ў мяне ўдома на пачатку 1990-х. Нядаўна быў кур’ёз, што на фотаздымак трапіла кніга аднога беларускага хрысціянскага выдавецтва, у якой і блізка ніякім «русским миром» пахнуць не магло, але якая была прадэманстраваная на фотаздымках.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Fabrizio Bensch / Reuters / Forum

З аднаго боку, я разумею жаданне «навесці парадак» у краіне, якая цяпер у сітуацыі вайны, калі органам бяспекі даюцца надзвычайныя паўнамоцтвы. Зразумелае таксама і непрыняцце значнай часткай грамадства УПЦ і асобных ейных лідараў і святароў.

З іншага боку, вернікі Украінскай праваслаўнай царквы – гэта таксама частка грамадства, прычым частка значная, сярод вернікаў шмат патрыётаў, якія проста цяпер змагаюцца на фронце, і многія з іх разглядаюць цяперашнія захады як дзеянні варожыя да іх і іх царквы. Гэта таксама падаграе «хэйт» унутры грамадства, прыводзіць да ўнутраных раздзяленняў, і з цяперашніх дзеянняў не зусім зразумела, якая ў дзяржавы доўгатэрміновая стратэгія ў дачыненні іх.

Што з Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквой?

– У Беларусі і свеце ёсць Беларуская праваслаўная аўтакефальная царква, але яна не прызнаная астатнімі праваслаўнымі цэрквамі. Чаму так склалася, як вы ставіцеся да яе?

А. Ш. – Яна павінна мець свабоду і не цярпець ад пераследу з боку дзяржавы. Цяпер жа, праз маргіналізаванае становішча ў аўтакефальнай царквы ў Беларусі не вельмі добры духоўны стан. Там мала людзей. Так, яны маюць яскравую нацыянальную накіраванасць, але палітычны складнік там дамінуе над духоўным. Замяніць Беларускую праваслаўную царкву аўтакефальная пакуль не можа. Хоць, калі Беларусь вызваліцца ад уплыву Масквы, пытанне пра самастойную царкву стане актуальным. Агулам аўтакефальнасць – гэта нармальна. У пратэстантаў, напрыклад, кожная абшчына мае самастойнасць. Але ўсё ж галоўнае не ў тым, аўтакефальная царква ці падпарадкоўваецца нейкаму патрыярхату – галоўнае, каб царква была царквой, а не палітычнай структурай.

Н.В. – На сённяшні момант досыць цяжка апісаць стан таго, што засталося ад Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, паколькі гэта збольшага невялікія групы вернікаў у дыяспарах, якія пастаянна ў канфліктах, не маюць агульнай структуры, не могуць адэкватна прадстаўляць сябе ў межах сусветнага праваслаўя. Галоўная праблема, на мой погляд, палягае ў тым, што беларускія праваслаўныя рэлігійныя дзеячы ад пачатку не зрабілі стаўку на пошук прызнання ў межах сусветнага праваслаўя. Гэта былі «кустарныя» спробы арганізаваць царкоўнае жыццё, і беларусы адразу былі раздзеленыя.

У пасляваеннай эміграцыі беларускія кананічныя біскупы сышлі ў «зарубежную» царкву, а святары і вернікі падзяліліся паміж тымі, хто шукаў прыстанку ў Канстанцінопальскім патрыярхаце (а. Мікалай Лапіцкі, а. Святаслаў Коўш), і тымі, хто зрабіў стаўку на аўтакефальнае – непрызнанае – існаванне. Адпаведна, сілы расцерушыліся, і беларусы не змаглі стварыць прызнанай аўтакефальнай структуры ўнутры Канстанцінопальскага патрыярхату.

«Беларускую царкву трэба рабіць не рукамі дзяржавы, а сваімі ўласнымі»

– Якой вы бачыце будучыню Расейскай праваслаўнай царквы? Пасля змяненняў у Беларусі ці варта і нам таксама забараніць яе і ствараць і развіваць сваю царкву з беларускай мовай?

А. Ш. – Маскоўскі патрыярхат будзе развальвацца, і ён сам у гэтым вінаваты, бо ператвараецца ў палітычную структуру. РПЦ сама сабе шкодзіць. Царква павінна быць дыстанцыянаванай ад любой улады. А калі РПЦ становіцца царквой пры расейскай дзяржаве, падтрымлівае яе ва ўсім, то зразумела, што цэрквы ў іншых краінах будуць аддзяляцца, бо тут ужо ідзе гаворка пра падпарадкаванне не царкоўнаму цэнтру, а іншай дзяржаве, філіялам якой фактычна стала царква.

Пытанне з мовай у беларускай царкве, на мой погляд, павінна вырашацца гэтак жа, як і ўвогуле змены ў царкве – праз перамены ў грамадстве і запатрабаванне знізу. У нас і цяпер ёсць прыходы, дзе вядуцца беларускія службы. Я служыў па-беларуску для ахвочых. Але не магу сказаць, што шмат людзей прыходзіла. У гэтым праблема. Каб царква беларусізавалася, на гэта патрэбная «замова» знізу. Усё ідзе ад патрэбаў грамадства. Я супраць гвалтоўнага ўвядзення той ці іншай мовы.

Н. В. – Пасля пераменаў у Беларусі павінна быць гарантаваная свабода рэлігіі і перакананняў і іншыя правы чалавека. Дзяржава не павінна вызначаць за вернікаў, якому Богу і ў якой форме яны хочуць і лічаць патрэбным маліцца, якім рэлігійным лідарам падпарадкоўвацца, як гэта робіць цяперашні рэжым.

Новая дэмакратычная ўлада павінна ўсім гарантаваць права вызначаць сваю рэлігійную прыналежнасць, і калі гэта будзе, то магчыма ў нас з’явіцца цэлы шэраг розных праваслаўных цэркваў, а можа і тая царква большасці, якая цяпер існуе пад іменем БПЦ стане аўтакефальнай ці аўтаномнай. А можа, адбудзецца раскол унутры гэтай арганізацыі. Ці ўтворацца параўнальныя праваслаўныя юрысдыкцыі, абедзве ўмоўна кананічныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vyacheslav Prokofyev / TASS / Forum

Калі хтосьці хоча, каб у Беларусі была беларуская царква, то яе трэба рабіць не рукамі дзяржавы, а сваімі ўласнымі. Данаціць на пераклады ці самім перакладаць, вучыцца спяваць, вывучаць тэалогію, каб стаць добрымі святарамі і выкладчыкамі, наведваць набажэнствы па-беларуску, ствараць прадукт і інфраструктуру ці прынамсі падтрымліваць тых, хто стварае, калі не грашыма, то рэпостамі, купляць беларускую рэлігійную літаратуру, і што яшчэ важна – жыць пабожным хрысціянскім жыццём.

Што рабіць, калі ты праваслаўны вернік і не можаш хадзіць у царкву праз свае прынцыпы?

– Пасля падзеяў 2020 года, а асабліва пасля ўварвання Расеі ва Украіну, можна часта пачуць, што той ці іншы чалавек не можа больш хадзіць у царкву праз свае прынцыпы. Але ў той жа час ён лічыць сябе вернікам, праваслаўным. Што яму рабіць у такой сітуацыі? Ісці ў царкву насуперак усяму, кіруючыся тым, што ідзе туды найперш да Бога, не хадзіць увогуле, шукаць іншы прыход, змяняць патрыярхат, канфесію?

А. Ш. – Можна знайсці іншага святара, іншы прыход, калі ў гэтым табе нешта не падабаецца. Можа быць складаней, калі чалавек не хоча чуць згадвання патрыярха Кірыла на службе. Тады можна і ў касцёл зайсці памаліцца. Можна збіраць сваіх аднадумцаў, разам маліцца, разважаць па-за царквой. І не, гэта не грэх, і на споведзь з гэтым ісці не трэба, калі такія крокі адпавядаюць тваім маральным прынцыпам.

Н. В. – Змяніць Патрыярхат у Беларусі нельга, няма альтэрнатывы, гэта опцыя, якая дзейнічае толькі за мяжой. Можна глядзець інтэрнэт-трансляцыі богаслужэнняў з-за мяжы.

Мне падаецца, што найлепшым выйсцем было б хадзіць у тыя прыходы і да тых святароў, якія выклікаюць давер і не прымушаюць саромецца за іх, падтрымліваць богаслужэнні на беларускай мове; пры гэтым максімальна ігнараваць тых святароў і тыя прыходы, дзе ідзе падтрыманне рэжыму ці вайны. Падтрымліваць тых святароў, якіх пераследуюць. Можна проста скарыстацца гэтай магчымасцю і хадзіць знаёміцца з іншымі прыходамі, у тым ліку прыходамі іншых канфесіяў, не пераходзячы афіцыйна, але наведваючы як госці і сябры. Можна перанесці акцэнты ў сваім рэлігійным жыцці з наведвання святыні на чытанне Святога Пісання і хрысціянскай літаратуры, на прагляд якасных хрысціянскіх відэа, на малітву ўнутры ўласнай сям’і, на справы дабрачыннасці і на супрацьстаянне злу, на маральны чын, на тое, каб быць хрысціянамі ў сваім асабістым і грамадскім жыцці.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў