Вадохрышча: як акунуцца ў палонку і не захварэць


19 студзеня ў Праваслаўнай Царкве адзначаецца свята Хрышчэння, якое ў народзе завецца Вадохрышчам. Яно здаўна было адным з самых шанаваных і лічыцца адным з галоўных праваслаўных святаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Крышку гісторыі

Вадохрышча святкуецца ў гонар прыходу трох вешчуноў да нованароджанага Ісуса, а таксама ў гонар хрышчэння, якое прыняў ужо дарослы, 30-гадовы Ісус у водах ракі Іярдан ад Яна Хрысціцеля. Гэтае свята таксама называюць Богаз’яўленнем. У гэты дзень Бог паказаў сябе свету ў трох іпастасях: Бог Сын – Ісус Хрыстос – прымаў хрышчэнне ў Іярдане, Дух Святы сышоў на яго ў выглядзе голуба і Бог Айцец засведчыў Ісуса Хрыста голасам з неба. У беларускай праваслаўнай традыцыі гэтае свята больш звязана з хрышчэннем у Іярдане, хоць яно і завяршае два калядныя тыдні.

Свята пачынаецца яшчэ ўвечары 18 студзеня, калі ўсе праваслаўныя адзначаюць куццю, падчас якой, пасля літургіі ў цэрквах, здзяйсняецца асвячэнне вады. Другі раз вада асвячаецца ў само свята Богаз’яўлення. У гэты час вада, паводле павер’я, набывае гаючыя ўласцівасці, якія захоўвае на працягу года. Ёю апырсквалі новую хату перад тым, як засяліцца, вадохрышчанскай вадою асвячалі поле перад сяўбою і труну, перш чым пакласці туды нябожчыка.

Прыкметы кажуць, што ў гэты дзень нельга нічога рабіць у хаце, асабліва забаронена браць у рукі нажніцы. Нашыя продкі строга прытрымліваліся забаронаў і верылі ў прыкметы. На Вадохрышча прыпадалі самыя вялікія маразы, пасля якіх зіма паступова пачынала паварочваць на лета. У народзе казалі: «Трашчы не трашчы, прыйшлі вадахрэшчы – не к Ражству, а к Пятру». Маўляў, большых маразоў ужо не будзе. На Вадохрышча арыентаваліся ў вызначэнні надвор’я («На Вадохрышча вельмі сцюдзёна – у жніво вельмі горача»), спрабавалі прадказаць і якасць ураджаю («На Вадохрышча дзень цёплы – будзе хлеб цёмны»).

Якое дачыненне да рэлігіі мае акунанне ў палонку

Лічыцца, што вадохрышчанская вада прыносіць духоўнае і цялеснае здароўе. Таму ў гэтае свята людзі акунаюцца ў палонку ў форме крыжа – на вадаёмах, у купелі – «іярдані».

Вытокі гэтага звычаю знаходзім у традыцыі Іерусалімскай царквы пад назваю «хаджэнне на Ярдань». Там у IV ст. з’явіўся звычай хадзіць на раку для асвячэння вады і акунання на ўспамін Хрышчэння Ісуса. З часам гэты абрад быў запазычаны і прыжыўся ў іншых Цэрквах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадстаяльнік Праваслаўнай царквы Украіны мітрапаліт Ануфрый асвяціў купель ля Свята-Пакроўскага царквы. Кіеў, Украіна. 19 студзеня 2022 года.
Фота: Белсат

Купанне на Вадохрышча не мае непасрэднага дачынення да царкоўных звычаяў. Хутчэй гэта частка народных традыцыяў. З года ў год гэтая традыцыя робіцца ў Беларусі ўсё больш папулярнай. На Вадохрышча апошнім часам акунаюцца і праваслаўныя, і каталікі, і аматары «экстрыму», і тыя, хто такім чынам хоча загартаваць арганізм ад хваробаў.

Праваслаўныя святары папярэджваюць: за народнымі традыцыямі варта не забываць сапраўдны сэнс свята, і жаданне чалавека акунуцца ў палонку ў любым выпадку павінна быць духоўна ўсвядомленым. Перад акунаннем трэба прачытаць малітву, а перад уваходам у ваду – перажагнацца. Малітва, споведзь і прычашчэнне – толькі тады акунанне можа пайсці на карысць, лічаць святары.

Таксама святары абвяргаюць распаўсюджанае меркаванне, што акунанне змывае грахі, ачышчае і аздараўляе чалавека на наступны год – гэта супярэчаць царкоўнай свядомасці.

Што рабіць, калі раней не акунаўся ў палонку, але вельмі хочацца

Вернікі сцвярджаюць, што купанне ў ледзяной вадзе ў гэты дзень не можа нікому нашкодзіць. Аднак медыкі прытрымліваюцца іншай думкі. Калі вы ніколі не «маржавалі», лепш рыхтавацца да гэтага дня загадзя, напрыклад, тыдні за два пачаць прымаць кантрасны душ. Але нават калі вы гэтага не рабілі, ёсць простыя правілы, як акунуцца з найменшаю рызыкаю для здароўя.

1. Памятайце пра супрацьпаказанні. Дзецям да 7 гадоў, цяжарным жанчынам, мамам, якія кормяць грудзямі, людзям пасля 65 гадоў купацца ў ледзяной вадзе забаронена. Устрымацца ад купання варта асобам з вострымі хваробамі ды абвастрэннямі хранічных, людзям, якія пакутуюць ад хранічных сэрцава-судзінных хваробаў, захворванняў органаў дыхання, нырак і суставаў.

2. Выбірайце спецыяльна абсталяваную палонку каля берагу, дзе ёсць мосцікі, а побач дзяжураць выратавальнікі і медыкі. Акунацца трэба на глыбіні, на якой ногі дакранаюцца да дна.

3. Купальнік ці плаўкі лепш надзець у хаце загадзя. З сабой захапіце зменную бялізну, каб пераапрануцца пасля купання. Дарэчы, жанчыны часта акунаюцца з непакрытаю галавой, а трэба з пакрытай, як і ў царкву хадзіць.

4. Распранайцеся паступова: спачатку зніміце верхнюю вопратку, праз 2–3 хвіліны – абутак, так арганізм хутчэй прывыкне да холаду.

5. Для купання таксама лепш узяць абутак, які не будзе слізгаць і лёгка здымаецца. Кроксы ці сланцы будуць у самы раз. Пазбягайце хаджэння басанож па халоднай зямлі. Да палонкі лепш ісці ў шарсцяных шкарпэтках ці тапачках, інакш хутка змерзнуць ногі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

6. Перад акунаннем лепш трохі «разагрэцца» – зрабіць некалькі прысяданняў ці іншых практыкаванняў, каб разагнаць кроў па целе.

7. Акунацца з галавой не абавязкова. Трохразовае акунанне ў палонку з галавой – гэта праваслаўная традыцыя, а не канон, які абавязкова патрэбна выконваць. Акунайцеся хутка, у вадзе не рэкамендуецца заставацца больш за 1 хвіліну, каб не дапусціць пераахалоджванне арганізму.

8. Пасля купання абавязкова разатрыце сябе ручніком, каб сагрэцца. Апраніцеся ў сухое цёплае адзенне і выпіце гарачай гарбаты.

9. Перад купаннем пажадана паесці, але не пераядаць.

10. Не піце алкаголю. Таксама варта на некаторы час устрымацца ад палення, бо цыгарэты негатыўна дзейнічаюць на крывацёк і павялічваюць расход цяпла.

СП belsat.eu

Стужка навінаў