ЗША: вайскоўцы, якіх Расея цяпер перакідвае ў Беларусь, могуць быць задзеяныя ў нападзе на Украіну


У Вашынгтоне непакояцца, што вайскоўцы Расейскай Федэрацыі, якіх цяпер перакідваюць у Беларусь, могуць быць выкарыстаныя для нападу на Украіну, а таксама што існуе пагроза сталага размяшчэння ў Беларусі ядравых сілаў Расеі, піша «Deutsche Welle».

Перакідванне расейскіх вайскоўцаў у Беларусь для супольных вучэнняў «Саюзная рашучасць – 2022» на фоне напружанасці ў рэгіёне прымушае апасацца, што гэтыя сілы «патэнцыйна» могуць быць выкарыстаныя для нападу на суседнюю Украіну. Пра гэта ў аўторак, 18 студзеня, заявіў журналістам на брыфінгу прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША на ўмовах ананімнасці.

«Час звяртае на сябе ўвагу і, вядома, з гэтым звязаныя перасцярогі, што Расея імкнецца размесціць войскі ў Беларусі пад выглядам супольных вайсковых вучэнняў – для патэнцыйнага нападу на Украіну», – сказаў чыноўнік.

Будынак Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША ў Вашынгтоне.
Фота: Deutsche Welle

Паводле ацэнак Вашынгтону, колькасць расейскіх вайскоўцаў, якія цяпер перакідваюцца ў Беларусь, «выходзіць за межы таго, што мы чакаем у рамках звычайных вучэнняў», і можа азначаць сталае расейскае вайсковае знаходжанне там з удзелам як звычайных, так і ядравых сілаў, дадаў прадстаўнік амерыканскага ведамства.

Аналітыка
«Лукашэнка прывык гуляць з агнём». Што стаіць за планамі правесці расейска-беларускія вучэнні на мяжы з Украінай і ЕЗ
2022.01.17 18:18

Сталаму размяшчэнню вайсковых сілаў РФ у Беларусі могуць таксама спрыяць папраўкі ў Канстытуцыю Беларусі, прыняцце якіх чакаецца пасля рэферэндуму ў лютым, апасаюцца ЗША.

«Гэты праект канстытуцыйных змяненняў можа ўказваць на тое, што Беларусь плануе дазволіць размяшчэнне на сваёй тэрыторыі як звычайных, так і ядравых сілаў Расеі», – лічыць прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту.

Такі сцэнар, паводле ЗША, стане «выклікам еўрапейскай бяспецы, які можа запатрабаваць адказу».

Намеснік міністра абароны РФ Аляксандр Фамін паведаміў 18 студзеня, што на вучэннях, якія пройдуць 10–20 лютага, вайскоўцы дзвюх краінаў адпрацуюць задачы «адбіцця вонкавай агрэсіі падчас вядзення абарончай аперацыі». Першы этап праверкі сілаў рэагавання завершыцца 9 лютага. На другім этапе – з 10 да 20 лютага – будуць праведзеныя супольныя манеўры «Саюзная рашучасць – 2022».

Hавiны
«Атака на Украіну павялічвае рызыку для Польшчы, краінаў Балтыі і Малдовы»
2022.01.12 14:15

Раней афіцыйны прадстаўнік Белага дому Джэніфэр Сакі выказала меркаванне, што Расея «можа ў любы момант пачаць напад на Украіну». Адміністрацыя ЗША, паводле словаў Сакі, лічыць магчымымі ўсе сцэнары.

«Ніводны з варыянтаў не зняты з парадку дня», – падкрэсліла яна.

Паводле звестак Захаду, каля мяжы з Украінай і ў Крыме цяпер каля 100 тысяч вайскоўцаў. Масква адмаўляе падрыхтоўку да нападу і заклікае ЗША і NATO прадставіць «гарантыі бяспекі», патрабуючы скарачэння амерыканскіх войскаў і ўзбраенняў у Еўропе і адмовы ад далейшага пашырэння NATO на ўсход.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў