Суд ЕЗ адмовіўся адмяніць санкцыі супраць транзіту беларускага калію


Суд Еўрапейскага Звязу не прыняў да разгляду пазоў Клайпедскага тэрміналу, што аспрэчвае абмежаванне ЕЗ на беларускі калій. Кіроўная кампанія тэрміналу «Birių krovinių terminalas» не паспела падаць пазоў своечасова. Пра гэта гаворыцца ў рашэнні суда ад 6 снежня.

Перавальванне ўгнаенняў «Беларуськалію» ў Клайпедскім порце ў Літве.
Фота: Birių krovinių terminalas / bkt.lt

24 лютага 2023 года Рада ЕЗ падоўжыла абмежаванні супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў і кампаніяў. Сярод гэтых абмежаванняў быў транзіт праз тэрыторыю ЕЗ беларускіх калійных угнаенняў. Клайпедскі тэрмінал спрабаваў адмяніць гэтыя рашэнні.

Юрысты «Birių krovinių terminalas» (BKT) няправільна палічылі тэрмін, цягам якога можна аспрэчыць рашэнне суда. Пазоў быў пададзены 24 траўня, але апошні дзень быў 23 траўня. Суд ЕЗ пастанавіў адхіліць пазоў.

«Беларуськалій» валодае 30 % кампаніі «Birių krovinių terminalas». А найбуйнейшы акцыянер BKT – бізнесовец Ігар Удавіцкі. Ён хацеў выкупіць долю «Беларуськалію» і атрымаў дазвол літоўскага антыманапольнага органу. Аднак угода так і не адбылася.

Літва забараніла транзіт беларускага калію праз сваю тэрыторыю пасля таго, як у канцы 2021-га набылі моц санкцыі ЗША супраць «Беларуськалію». Гэтае рашэнне Удавіцкі назваў незаконным, а «Беларуськалій» спрабуе адсудзіць у Літвы € 1 млрд.

Каментар
«Пазоў на мільярд». Юрысты каментуюць справу «Беларуськалію» ў спрэчцы з Літвою
2023.11.20 17:54

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў