Ці прывядуць «хаатычныя перамовы» Еўразвязу да прызнання Лукашэнкі?


Нечаканыя тэлефонныя размовы Менску з Берлінам і Бруселем збянтэжылі шмат каго і ў Беларусі, і ў Еўрапейскім Звязе. Разбіраемся, што адбываецца і якія могуць быць наступствы гэтага.

Ангела Мэркель.
Фота: Christian Marquardt / ddp images / Forum

Сітуацыя з тэлефанаваннем у Менск еўрапейскіх лідараў абрастае ўсё новымі дэталямі. Гэтак, адбыўся ўжо другі званок в.а. канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель Аляксандру Лукашэнку. Еўразвяз абяцае 700 тыс. еўраў на дапамогу мігрантам, што захраслі на беларускай мяжы з краінамі Еўразвязу.

Hавiны
ЕЗ вылучыць 700 000 еўра на дапамогу мігрантам на мяжы Беларусі
2021.11.17 16:30

Пры гэтым такія перамовы Бруселю і Берліну з Менскам выклікаюць незадаволенасць у краінаў Балтыі і ў Польшчы, якія мяжуюць з Беларуссю.

Няма ад іх энтузіязму і ў самой Нямеччыне.

Размова
Немцы раскрытыкавалі Мэркель за размову з Лукашэнкам
2021.11.17 15:12

Паралельна ідуць чуткі і пра тое, што беларускую авіякампанію «Белавія» могуць выкрасліць з еўрапейскага санкцыйнага спісу. Нібыта за гэтым стаяць улады Нямеччыны і Італіі.

Разам з тым Еўрапейскі Звяз не збіраецца, прынамсі афіцыйна, ісці на саступкі. Больш за тое Еўракамісія заявіла, што кансультацыі з Беларуссю і ААН па сітуацыі вакол мігрантаў не паўплываюць на ўвядзенне новых санкцыяў супраць беларускага рэжыму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты чакаюць атрымання прадуктаў харчавання і іншых харчоў у намётавым лагеры на беларуска-польскай мяжы. 12 лістапада 2021 года.
Фота: Леанід Шчаглоў / БЕЛТА / TASS / Forum

«Аб перамовах з рэжымам Лукашэнкі не можа быць і гаворкі», – заявіў афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай камісіі Эрык Мамер.

Артыкулы
«Ён не зʼяўляецца прэзідэнтам». У ЕЗ выказаліся наконт патрабаванняў Лукашэнкі
2021.11.17 14:52

Торг пры статус-кво

Апошнія дзеянні Еўразвязу ў дачыненнях з уладамі Беларусі «сведчыць, што Брусель змяніў тактыку» і пачынае «дыялог, торг з афіцыйным Менскам», піша ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Валер Карбалевіч.

Але, мяркуе палітолаг, хоць Лукашэнка і «атрымаў маральнае задавальненне» («адпомсціў суседзям», «прымусіў ЕЗ пачаць дыялог» і на тым «парадку дня, на якім настойваў Менск»), «пакуль гэтым дывідэнды вычэрпваюцца».

«Пра адмену санкцый гаворкі няма. Але і пра разрадку, размарозку сітуацыі на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой таксама інфармацыі няма. То бок, пакуль будуць ісці перамовы, захоўваецца статус-кво», – заявіў Валер Карбалевіч, дадаўшы, што Лукашэнка «можа прыйсці да высновы: шантаж мігрантамі працуе, дае эфект, гэтым інструментам можна карыстацца і далей».

Таксічнасці стала больш

У сваю чаргу палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман мяркуе, што кантакты паміж Еўразвязам і ўладамі Беларусі могуць так і застацца «абмежаваным разавым эпізодам толькі па рашэнні гуманітарных праблем мігрантаў, а потым бакі вернуцца да адсутнасці дыялогу перад новай эскалацыяй». На яго думку, чакаць размарозкі адносін пакуль не трэба.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: DIDOR SADULLOEV / Reuters / Forum

«Па-першае, Мэркель сыходзіць, яе пераемнік не будзе мець досведу ці асаблівага жадання мець зносіны з Лукашэнкам. Па-другое, Польшча і Літва палічаць такі паварот здрадай – «гэта значыць можна ўладкоўваць трэш нам на мяжы, а потым проста бяскарна адкруціць назад, і забудуцца ўсе грахі?». Не ўпэўнены, што старая Еўропа гатовая на такі скандал з новай, прывабнасць новага раўнда дыялогу з Лукашэнкам не такая моцная», – лічыць аглядальнік.

Акрамя таго, на яго думку, «вырашыць астатнія спрэчныя пытанні адносна Лукашэнкі палітычна складаней, чым спыніць створаны ім жа міграцыйны крызіс».

«Таксічнасці стала больш, легітымнасці менш», – упэўнены Арцём Шрайбман.

Паводле яго, пакуль не зразумела, чым Лукашэнка можа зацікавіць Брусель «на наступны кантакт без гатовасці сур’ёзна саступаць па хвалюючых ЕЗ пытаннях».

«Ізноў стварыць нейкі рэгіянальны гуманітарны крызіс? Баюся, у другі раз не купяць нават самыя трапяткія да такіх рэчаў еўрапейцы», – заявіў аглядальнік.

Гульня з нулявой сумай

З тым, што «немагчыма для Менску падобнымі шляхамі дамагчыся легітымізацыі і «вярнуць усё, як было», згодны і палітычны аглядальнік Пётр Кузняцоў. Паводле яго, у еўрапейскай палітыцы важныя не толькі словы Мэркель, «але і працэдуры, і ўсеагульная згода, і грамадская думка, як уплывае на агульны рэйтынг палітыкаў і іх палітычную будучыню».

«Для таго, каб дабіцца свайго прынятымі на ўзбраенне метадамі, Лукашэнку з Пуціным трэба, каб і еўрапейскія палітыкі, і еўрапейскае грамадства адмовіліся ад асноў свайго светапогляду», – падкрэсліў Кузняцоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sachelle Babbar / Zuma Press / Forum

На яго думку, Лукашэнка не здолее дасягнуць прызнання ці адмены санкцыяў, а толькі затармозіць прыняцце пятага пакету. Пры гэтым сапсаваўшы стасункі не толькі з еўрапейскімі, але і арабскімі краінамі.

«Тармажэнне 5-га пакета – гэта гульня з нулявой сумай, бо ён як раз праз мігрантаў і задумваўся. А агульнае рэчышча развіцця рэальных і прагматычных стасункаў, якія ўплываюць на эканоміку, ужо акрэслена заявай, што канвертаваць грошы ААН у еўра не атрымаецца ні пры якіх раскладах», – заявіў аглядальнік.

Хаатычныя перамовы

Між тым літоўскі палітолаг, доктар палітычных навук Літвы Вадзім Валавы ў каментары «Белсату» раскрытыкаваў пазіцыю Еўразвязу ў крызісе з мігрантамі. На яго думку, калі Еўразвяз ужо пачаў праводзіць у дачыненні да Беларусі пэўную лінію (не прызнае легітымнасць Лукашэнкі, уводзіць санкцыі і г.д.), то гэтай лініі трэба і прытрымлівацца паслядоўна.

«З іншага боку калі нешта здараецца, некаторыя пачынаюць мітусіцца і вядуць перамовы. Аляксандр Лукашэнка гэтага і дамагаецца, каб вярнуць сабе легітымнасць. Можна, вядома, колькі заўгодна лічыць яго нелегітымным прэзідэнтам, але ёсць канкрэтныя праблемы, якія трэба развязаць. Ёсць канкрэтныя людзі – жанчыны, дзеці – якія мерзнуць, хварэюць. І тады трэба абіраць, або мы такія прынцыповыя і стаім сцяной, перамоваў не вядзем, або мы гэтую праблему вырашаем, заплюшчыўшы вочы на сваю мінулую палітыку», – заявіў Валавы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты атрымліваюць гуманітарную дапамогу ад беларускіх уладаў у намётавым лагеры на беларуска-польскай мяжы. 10 лістапада 2021 года.
Фота: Леанід Шчаглоў / БЕЛТА

Паводле эксперта, цяжка адназначна даць адказ, які падыход мае пераважаць і як менавіта паводзіць сябе Еўразвязу.

«Але праблема ў тым, што калі ўжо і мяняць падыход ці неяк яго карэктаваць, то трэба гэта рабіць больш-менш узгоднена. Але зараз мы бачым, што па сутнасці ідуць перамовы, Лукашэнка ўмовы ставіць. Аднак усё гэта адбываецца ў хаатычным рэжыме. У той час, як прадстаўнікі розных краін дамаўляюцца пра санкцыі, пані Мэркель бярэ слухаўку і на ўласную ініцыятыву набірае Лукашэнку і пачынае з ім весці сепаратныя перамовы», – мяркуе літоўскі палітолаг.

Гэта ў чарговы раз даказвае, што Еўрапейскі Звяз як адзіная структура – «дастаткова праблемны панятак». Зараз паводзіны Еўразвязу нагадваюць «калі не хаос, то сур’ёзны вэрхал», падкрэсліў эксперт.

«А іншы бок, той жа Лукашэнка, пацірае рукі, кажучы ягонымі ж словам: нагнулі Еўропу, прымусілі яе змяніць падыход», – заявіў ён.

Што далей?

Вадзім Валавы адзначыў, што так і не вырашыўшы пакуль праблемы, Еўразвяз ужо сутыкнуўся з сур’ёзнымі іміджавымі наступствамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты ў лагеры на беларуска-польскай мяжы. 13 лістапада 2021 года.
Фота: Леанід Шчаглоў / БЕЛТА / TASS / Forum

Больш за тое, паводле яго, паўстаюць два пытанні: ці не паўтарыцца гэта зноў і што будзе далей з санкцыямі.

«Ці будуць яны адмененыя, ці не? Ці будуць праз некаторы час уводзіцца новыя? А калі зараз будуць адмененыя, а пасля будуць уводзіцца новыя, то ці не паўтарыцца зноў сітуацыя з мігрантамі? Узровень нявызначанасці даволі высокі, і чым гэта ўсё скончыцца… Калі раней непрадказальнасць была толькі з боку Беларусі, то цяпер яна ўжо ёсць і з боку ЕЗ», – кажа палітолаг.

І гэта, паводле яго, без уліку факту комплекснага супрацьстаяння Захаду і Расеі, дзе Беларусь з’яўляецца важным звяном, у тым ліку ў кантэксце сітуацыі з Украінай.

Меркаванні
Ці азначаюць званкі Мэркель, што Лукашэнка «нахіліў» Еўропу?
2021.11.18 17:27

МГ belsat.eu

Стужка навінаў