Мінімум 14 менчукоў утрымліваюцца на Акрэсціна на паўторных соднях


Перазатрыманні і новыя пратаколы – яшчэ адзін спосаб ціску на беларусаў, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». На гэты момант у ЦІП застаюцца мінімум 14 чалавек, якіх паўторна затрымлівалі некалькі разоў пасля сканчэння тэрміну арышту паводле палітычна матываваных справаў. З некаторымі запісвалі «пакаяльныя відэа».

Паводле «Вясны», новыя пратаколы паводле адміністратыўных справаў сілавікі пачалі актыўна выкарыстоўваць больш за паўгода таму, каб не выпускаць на волю затрыманых з «палітычных артыкулаў» пасля сканчэння тэрміну арышту.

Каб затрыманых як мага даўжэй утрымліваць на Акрэсціна, іх пачалі «перазатрымліваць» пасля вызвалення і складаць пратаколы паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства») і 24.3 КаАП («Непадпарадкаванне міліцыянтам»). Гэтыя «правапарушэнні» нібыта адбываюцца ўжо на тэрыторыі РУУСу, міліцыянты якога складаюць пратаколы.

Артыкулы
Беларуска пабывала ў ізалятары ў Нарвегіі і на Акрэсціна. Папрасілі параўнаць
2021.11.18 10:00

За апошні час рэкардсменамі ў соднях сталі Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева, якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі. Мужа і жонку судзілі дзевяць разоў запар, складаючы новыя і новыя пратаколы паводле аднаго артыкулу. Але Сяргей і Анастасія не адзіныя, каго працяглы час утрымліваюць на Акрэсціна паводле адміністратыўных артыкулаў.

Паводле «Вясны», на гэты момант у ЦІПе застаюцца мінімум 14 чалавек, якіх паўторна затрымлівалі некалькі разоў паводле палітычна матываваных артыкулаў.

Найбольш распаўсюджаныя – тры артыкулы: 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»), 24.3 КаАП («Непадпарадкаванне міліцыянтам») і 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі). Таксама вядомыя некалькі выпадкаў, калі арыштантаў афіцыйна вызваляюць і аддаюць рэчы, але з тэрыторыі ЦІПу на волю яны так і не выходзяць, бо супрацоўнікі ГУБАЗіКу ці РУУСу сустракаюць іх, каб правесці «прафілактычныя гутаркі», падчас якіх арыштанты, паводле пратаколу, «паводзяць сябе агрэсіўна», за што атрымліваюць новыя содні.

На гэты момант праваабаронцы ведаюць мінімум пра 13 перазатрыманых мужчынаў і адну жанчыну.

Яўгена Люльковіча паводле пяці пратаколаў засудзілі на 61 дзень. За кратамі ён застаецца з 21 верасня.

Аляксандра Бембеля перазатрымлівалі чатыры разы. У выніку паводле пяці пратаколаў паводле арт. 19.11 КаАП яго арыштавалі на 58 содняў.

Аляксандра Беладзеда з 1 кастрычніка паспелі судзіць ужо паводле чатырох пратаколаў. Агулам на Акрэсціна мужчына правядзе 51 дзень. Судзілі Аляксандра спачатку за непадпарадкаванне, а потым тройчы – за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле арт. 19.11 КаАП.

Віталя Умрэйку засудзілі паводле трох пратаколаў на 44 дні.

Яшчэ дзесяць паўторна затрыманых менчукоў асуджаныя да 30 і болей содняў. Сярод іх – журналістка Ірына Слаўнікава і ейны муж Аляксандр Лойка, якіх днямі арыштавалі зноў на 15 содняў. Вядома, што іх выпускалі з Акрэсціна, але сваякі так і не пабачылі сваіх блізкіх.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў