«Каб хоць камандзірам заробкі плаціць». Чаму Паспалітае рушэнне пакуль што не стала народным рухам


У верасні 2023 года патрыятычна-спартовая абаронная арганізацыя беларусаў у Польшчы Паспалітае рушэнне адзначыла першы год сваёй дзейнасці. Фармаванне вырасла колькасна, але страціла Гданьскую харугву. Чаму за гэты год Паспалітае рушэнне так і не зрабілася сапраўды паспалітым – народным рухам? Пра гэта размаўляем з афіцыйным прадстаўніком і кіраўніком грамадзянскага штабу арганізацыі Сяргеем Бяспалавым.

Афіцыйны прадстаўнік і кіраўнік грамадязнскага штабу Паспалітага рушэння Сяргей Бяспалаў. Скрын відэа: Паспалітае рушэнне / Youtube

На пачатку верасня з беларускай парамілітарнай арганізацыі Паспалітае рушэнне сышоў адзін з яе кіраўнікоў Сяргей Кедышка, які стаяў ля вытокаў, а ў лютым абвяшчаў самастойнасць арганізацыі. Адной з прычынаў свайго сыходу Кедышка называў «несупадзенне бачання шляхоў развіцця арганізацыі» і падкрэсліваў, што ён сыходзіць не праз яе развал і дэградацыю – фармаванне «працягвае існаваць і дзеяць».

Сяргей Бяспалаў: Працуем у звычайным рэжыме

7 верасня стала вядома пра прызначэнне на пасаду афіцыйнага прадстаўніка і кіраўніка грамадзянскага штабу Паспалітага рушэння Сяргея Бяспалава. У размове з «Белсатам» Сяргей Бяспалаў распавёў, куды рухаецца Паспалітае рушэнне і ці маецца ў арганізацыі «агульнае бачанне шляхоў развіцця». Даведаліся таксама пра асабісты шлях Бяспалава да Рушэння.

«Я маю досвед вайсковай і калявайсковай працы, і гэта, безумоўна, дапамагае мне сёння. Ведаю, пра што можна пісаць, а пра што нельга. Ведаю, як і чым трэба кіравацца», – кажа Сяргей Бяспалаў.

Сяргею Бяспалаву 33 гады. Распавядае, што яшчэ 16-гадовым юнаком прыносіў у намётавы гарадок на Плошчы-2006 ў Менску лекі ўдзельнікам пратэстаў. У 2007 і 2008 гадах удзельнічаў у акцыях грамадзянскай кампаніі «Джынс – за свабоду». У 2010-м стаў актывістам «Гавары праўду» і быў сведкам затрымання 19 снежня на Нямізе колішняга кандыдата на прэзідэнта і пісьменніка Уладзіміра Някляева. Тады «сілавікі» закідалі калону светлашумавымі гранатамі і паклалі актывістаў тварам у снег. У 2011-м Бяспалаў быў адным з каардынатараў маўклівых пратэстаў «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі».

Праз два гады ён стварыў праект «Мая краіна Беларусь», адначасова працаваў у якасці SMM-менеджара на «Радыё Свабода». У 2020 годзе на наступны дзень пасля затрымання цяперашняга палітвязня Ігара Лосіка, з якім працаваў поплеч, вымушаны быў з’ехаць у Прагу, а потым – у Кіеў.

Ваяры
«Мы з сябрам вырашылі – трэба ехаць!» Чаму Сяргей Бяспалаў далучыўся да палка Каліноўскага
2023.05.15 21:06

«Сустрэў вайну ў Кіеве і на пяты дзень мы з сябрам пайшлі ў роту «Азоў».  Я бачыў, як ствараўся полк Каліноўскага. Можна сказаць, быў у ім прэс-аташэ. Займаўся медыйнай працай. Ствараў тэлеграм- і youtube-каналы, бот для далучэння людзей, браў інтэрвʼю ў ваяроў. Таму, так, досвед у мяне ёсць», – апавядае Сяргей Бяспалаў.

Па ягоных словах, працаваў у палку Каліноўскага 5 месяцаў. На баявыя выезды яго не бралі, таму абыходзіцца з аўтаматам навучыўся падчас трэнінгаў. Пасля пераезду ў Польшчу ў сакавіку 2023 года далучыўся да Паспалітага рушэння, дзе да свайго прызначэння працаваў у медыйным сектары.

«Усё добра. Асаблівых цяжкасцяў няма. Працуем у звычайным рэжыме. Хлопцы трэнуюцца, як і трэнаваліся. Прыходзяць новыя людзі. Я заўжды адкрыты для СМІ», – лаканічна адказвае на нашае пытанне, як працуецца на новай пасадзе.

«Каб і офіс быў, і аўтаматы»

Афіцыйны прадстаўнік Паспалітага рушэння сцвярджае, што агульная колькасць добраахвотнікаў дасягнула ўжо амаль 400 чалавек (у лютым Сяргей Кедышка казаў пра 150 рэзервістаў). Плануецца адкрыццё новых харугваў у Быдгашчы і Кракаве. Прыток навабранцаў не спыняецца, але чэргаў, каб запісацца ў арганізацыю, як адзначае Бяспалаў, на жаль, не назіраецца.

Некаторыя людзі сыходзяць з харугваў. Гэтак, перастала, напрыклад, існаваць Гданьская харугва.

Удзельнік Варшаўскай харугвы Паспалітага рушэння. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Проста на жаль пакуль няма фінансавання і праз гэта маюцца некаторыя праблемы. Людзі за свой кошт набываюць абмундзіраванне. Нават выезды на трэнаванні аплачваюць часам са сваёй кішэні. Калі я еду нешта здымаць – таксама за свой кошт», – тлумачыць афіцыйны прадстаўнік Паспалітага рушэння.

На пытанне пра рэгістрацыю фундацыі, гаворка пра якую вялася яшчэ на пачатку года, Сяргей Бяспалаў адказвае, што «яна будзе, і гэтым займаемся». Запэўнівае, што патрэбны яшчэ месяц ці два, гэта максімум. Прадстаўнік арганізацыі вельмі спадзяецца, што адкрыццё фундацыі развяжа шмат праблем – «усе разлічваюць на яе».

«Мы нядаўна сустракаліся з польскімі «Стральцамі», якія, калі будзе ўсё афіцыйна зарэгістравана, дазволілі б нам бясплатна карыстацца іхнымі стрэльбішчамі.

Пакуль што, напрыклад, пастраляць на стрэльбішчы каштуе для аднаго чалавека 200-300 долараў. Не кожны гатовы аддаць такія грошы, бо гэта для многіх палова сумы за арэнду жылля. Гэта дорага. Дамагчыся, каб у нас былі стрэльбішчы, – гэта для мяне зараз прыярытэт. Першы крок, які дапаможа далучыць больш людзей і перайсці на новы ўзровень», – кажа Сяргей Бяспалаў.

Ён гаворыць, што людзі сыходзяць з Паспалітага рушэння якраз праз адсутнасць фінансавання і хоць якой матэрыяльнай базы. Няма офісу і сваіх уласных пляцовак, бракуе страйкбольных рэплікаў («Добра калі маем 100») і формы. Збор на пляцоўцы «BYSOL» захрас на палове – сабрана амаль 11,5 тысячаў еўраў (паўдзельнічаць у зборы можна і зараз). Гэта грошы, якія маюць пайсці на закуп абмундзіравання і самых неабходных рэчаў.

Рэпартаж
Манро з аўтаматам, граната пад нагамі Халілава… Пабывалі на вучэннях варшаўскай харугвы
2023.03.24 07:26

«Колькі нам трэба? Канкрэтна не скажу: каб і офіс быў, і аўтаматы, і… Але на пачатку трэба хоць на нейкія заробкі камандзірам, каб яны маглі больш часу ўдзяляць гэтай важнай справе, а не працы. Бо ўсе ж працуюць. І я ў тым ліку», – гаворыць Сяргей Бяспалаў.

Голым, хоць і гарачым, беларускім энтузіязмам усё не закрыеш, заўважае кіраўнік грамадзянскага штабу Паспалітага рушэння. Таму развязанне фінансавых пытанняў і здабыванне бясплатных стрэльбішчаў – на парадку дня і ў бліжэйшых планах.

«Гэта людзі, якія пытаюцца: «Калі мы пойдзем на Беларусь?»

«А ці маеце якія-небудзь доўгатэрміновы план – стратэгію дзеянняў?» – пытаемся.

«На жаль, не, – кажа наш суразмоўца. – Думаю ніхто зараз не мае такога плану. Шмат хто кажа зараз, што мае яго, але часцей за ўсё гэта няпраўда. На жаль, ніхто нічога не ведае і падрыхтаваць зараз план цалкам нерэальна. Людзі трэнуюцца з думкай, што калісьці гэта будзе. А калі – ніхто не ведае. Трэнуюцца, каб трымаць сябе ў форме, каб быць напагатове. Гэта важна. Бачым, што ваенныя канфлікты разгараюцца амаль штодзень.  Проста не ведаеш, чаго чакаць».

Палявыя вучэнні Варшаўскай харугвы Паспалітага рушэння. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Агульная мэта Паспалітага рушэння, па словах Сяргея Бяспалага, не змянілася. Рушэнне – гэта добраахвотнае абʼяднанне для абароны Беларусі і Украіны. Рэзерв, які знаходзіцца зараз ў стане чакання.

«Гэта людзі, якія пытаюцца: «Калі мы пойдзем на Беларусь?» Таму так, гэта рэзерв для Беларусі. Бо, як бы там ні было, сілавы сцэнар ніхто не адмяняў. Так, ён можа не будзе цалкам сілавы, але будуць патрэбныя людзі са зброяй у руках. Я ў гэтым упэўнены», – кажа Бяспалы.

Ён сцвярджае, што калі б зараз у Беларусі ўзніклі спрыяльныя ўмовы для ўваходжання туды рэзервістаў, пад сцягі Паспалітага рушэння можна было б у момант паставіць як мінімум 200 добраахвотнікаў са зброяй у руках («А можа, і трыста»).

«Няма таго, што мы хацелі»

Яшчэ ўвесну прадстаўнік рушэння Сяргей Кедышка казаў пра рэформы ў арганізацыі і выпрацаванне «структуры з вертыкальным кіраваннем, але са свабодай у прыняцці рашэнняў на гарызантальным узроўні». Былі створаныя два штабы – ваенны і грамадзянскі, якія падпарадкоўваюцца кіраўніку Паспалітага рашэння (вайсковец з пазыўным Гусар). Гарызантальны ўзровень мае забяспечваць Рада ПР.

«Можна сказаць, што Паспалітым рушэннем кіруюць людзі. Хоць, вядома, асноўныя рашэнні прымае, пры іх падтрыманні, непасрэдна кіраўнік арганізацыі», – тлумачыць Сяргей Бяспалаў.

Праўда, удакладняе, што ў Раду арганізацыі ўваходзяць толькі камандзіры харугваў, якія маюць быць абʼяднаўчым звяном паміж кіраўніцтвам і шараговымі добраахвотнікамі. Ці працуе гэта? Як кажа Бяспалаў, на адсутнасць зваротнай сувязі паміж добраахвотнікамі і камандаваннем пакуль ніхто не скардзіўся.

Палявыя вучэнні Варшаўскай харугвы Паспалітага рушэння. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Сяргей, у Польшчы зараз, па некаторых падліках, знаходзіцца каля 300 тысяч беларусаў. Чаму, на ваш погляд, за год існавання Паспалітае рушэнне не стала сапраўды паспалітым, то бок народным?» – задаём пытанне.

«Зноў жа, таму што няма таго, што мы хацелі. Няма палігонаў, няма зброі. Таму цяжкавата людзям.  Паўтаруся: гэтага беларускага голага энтузіязму проста пакуль не хапае на ўсё гэта», – гаворыць Сяргей Бяспалаў.

Паспалітае рушэнне ўзнікла ў верасні 2022 года пад эгідаю прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерыя Сахашчыка. Лукашэнкаўскі рэжым прызнаў яго «экстрэмісцкім фармаваннем». Гэта спартова-адукацыйная арганізацыя, якая сярод іншага мае на мэце адраджаць беларускія вайсковыя традыцыі.

Харугвы рушэння ствараюцца толькі за межамі Беларусі. На сёння ў складзе арганізацыі – 5 харугваў: Беластоцкая, Варшаўская, Вроцлаўская, Познаньская, Лодзкая. Новыя харугвы маюць адкрыцца ў Быдгашчы і Кракаве. Што да літоўскіх Віленскай і Ковенскай харугваў, то яны, па словах афіцыйнага прадстаўніка Паспалітага рушэння, падпарадкоўваюцца іншай арганізацыі – клубу «Licviny». Усяго ў Паспалітым рушэнні, паводле звестак кіраўніцтва, каля 400 добраахвотнікаў. Каб далучыцца да Паспалітага рушэння – пішыце ў чат-бот арганіазацыі.

Гісторыі
Былы баец батальёну «Волат»: Беларусам трэба рыхтавацца да вялікай вайны
2023.04.27 07:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў