Маўчаць ці каяцца? Як не згубіць сябе, калі ГУБАЗіК вымагае пакаянняў


«Зрабіў памылку пад уздзеяннем дэструктыўных тэлеграм-каналаў, цалкам раскайваюся, больш так рабіць не буду. А супрацоўнікам ГУБАЗіКу дзякую за тое, што своечасова спынілі мяне і наставілі на “шлях ісціны”». Гэта прыблізная формула пакаянных тэкстаў, якія агучваюць затрыманыя беларусы на відэакамеры ГУБАЗіКу. Апошнім часам вытворчасць такіх ролікаў пастаўленая на паток: за верасень 2021 года на ТГ-канале ГУБАЗіКу зʼявілася каля 90 «пакаянных відэа». Навошта і кім гэта робіцца, як змяняецца «жанр» з цягам часу і ці варта згаджацца на ўдзел у здымках? Паразмаўлялі з экспертамі.

Азараў: Узровень страху такі, што людзей і біць не трэба

Былы начальнік упраўлення ГУБАЗіКу МУС, а цяпер прадстаўнік арганізацыі ByPol Аляксандр Азараў сцвярджае, што раней ведамства такім не займалася («Нават у думках не было»). З ягоных словаў, сам факт, што такія ролікі здымаюцца ў кабінетах ГУБАЗіКу, паказвае, наколькі гэтая арганізацыя за апошні год дэградавала – «ператварылася ў амаральную пачвару».

«Спачатку здымалі прызнанні, потым прызнанні з выбачэннямі, а цяпер – гэта проста здзек і глумленне: абклейваюць чалавека налепкамі, даюць у рукі клюшкі ці швабры. Зневажаюць людзей як могуць. Дый не людзі яны для іх – «персанажы», «гніды», «змагарыкі». Здымаецца ўсё гэта ў кабінеце начальніка трэцяга ўпраўлення Ігара Луневіча. Мяркую, што ён і сцэнары прыдумляе. Я сам у гэтым кабінеце працаваў раней», – кажа Аляксандр Азараў.

Артыкулы
Былы следчы ГУБАЗіКу Азараў – пра тое, як гэтае падраздзяленне ваюе з беларускім народам
2021.10.12 13:42

Ён адзначае, што год ці нават яшчэ паўгода таму на тварах людзей, якія штосьці казалі на міліцэйскія камеры, былі відаць сляды пабояў (Мікалай Дзядок, Раман Пратасевіч ды інш.). Цяпер, мяркуе, абыходзіцца прынамсі без фізічнага гвалту.

«Узровень і напал страху цяпер такі ў краіне, што людзей і біць не трэба – дастаткова проста прывезці ў ГУБАЗіК. Затрыманы ўсведамляе, што з ім можа тут адбыцца, – і пачынае ўсё расказваць. То бок гэтай мэты яны дасягнулі. ГУБАЗіК – і ўжо чалавек гатовы пісаць яўку з павіннай і прызнавацца нават у тым, чаго не ўчыняў», – мяркуе Азараў.

Псіхолаг: Галоўнае – захоўваць пачуццё ўласнай годнасці

Такія пакаянні, зробленыя пад прымусам і страхам, могуць пакінуць глыбокі след у псіхіцы чалавека, кажа псіхолаг Уладзімір К. (прозвішча з меркаванняў бяспекі не называем).

«Зразумела, што ў гэтым выпадку чалавек перажывае моцнае пачуццё страху. Прычым – вымушанага. І праз страх згаджаецца на запіс відэа. Наступствам гэтага можа быць псіхалагічная траўма. Сляды застануцца: чалавеку будзе сорамна перад сабой, будзе брыдка. Такое бясследна не праходзіць. Безумоўна, гэта будзе траўма, ад якой пазбавіцца будзе нялёгка», – гаворыць адмыслоўца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Але падкрэслівае, што траўмаванымі аказваюцца не толькі ахвяры, але і выканаўцы.

«Глумленне над іншым таксама не праходзіць бясследна. Іншая справа, што гэтыя людзі ўжо дастаткова дэфармаваныя. Яны здымаюць асабістыя ўнутраныя канфлікты за кошт прыніжэння іншага чалавека, атрымліваюць ад гэтага садысцкае задавальненне», – тлумачыць псіхолаг.

Ён раіць згаджацца на патрабаванні супрацоўнікаў МУС запісацца на камеру, але рабіць гэта так, каб не запляміць сумленне. Напрыклад, прызнаць «памылку», але «ў тактычнай, прымальнай для сябе, кампраміснай форме».

Галоўнае, лічыць псіхолаг, захоўваць пачуццё ўласнай годнасці.

«Калі вы паказваеце, што не баіцеся, што кантралюеце сябе, то да вас і не чапляюцца. Калі вытрымліваеце характар і даяце зразумець, што не пойдзеце на гэта, тады той, хто вас правакуе, перастае выкарыстоўваць гэты прыём. Чалавек, які мае пачуццё ўласнай годнасці, выклікае павагу і ў іншага боку, няхай і схаваную. А чалавек, які паказвае, што баіцца, сам правакуе на глумленне над сабой. Так што галоўнае – захоўваць пачуццё ўласнай годнасці», – раіць адмыслоўца.

«Найлепшая абарона – маўчанне»

Між тым, былы супрацоўнік ГУБАЗіКу Аляксандр Азараў сцвярджае, што такія прызнанні ідуць на карысць толькі супрацоўнікам МУС, але ніяк не аблягчаюць лёс затрыманых.

«У іх адна задача – зацягнуць чалавека ў кабінет і запужаць яго так, каб ён прызнаўся ва ўсім сам, і тады няма ўжо патрэбы здабываць якія-кольвек доказы. Тым больш што доказаў і няма. Пра гэта мне кажуць дзейныя супрацоўнікі. Яны проста перасталі збіраць доказы і праводзіць мерапрыемствы. А навошта? Проста бярэш чалавека – і ён табе ва ўсім прызнаецца. Усё. Сам сябе абгаворвае, падрабязна расказвае, калі недзе ў чымсьці браў удзел», – гаворыць Азараў.

Ён пераконвае, што згаджацца на публічныя пакаянні на відэа не варта («Гэта не дае ніякае карысці, нават практычнай – людзі пасля гэтага ўсё адно едуць у ІЧУ»). А лепш за ўсё – увогуле маўчаць.

Hавiны
«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу
2020.10.09 09:50

«Найлепшая абарона – гэта адмова ад дачы паказанняў наагул. А калі што і казаць, то «нічога не ведаю», «нічога не помню», «нідзе не ўдзельнічаў». Усё. І ніякага відэа! Бо гэта прыніжэнне. Чалавек сябе зневажае, а яны потым выкарыстоўваюць гэта для прапаганды. Яны здзекуюцца. Паглядзіце, маўляў, як румзаюць гэтыя «наркаманы», «бэчэбэшнікі», «змагарыкі», – кажа Азараў.

Прызнаецца, што яму пакуль не зусім зразумела, чаму людзі так лёгка ідуць на запіс публічных пакаянняў. Бо, мяркуе, іх не бʼюць і не катуюць.

Праваабаронца: Ёсць прыкметы катаванняў

Праваабаронца Павел Левінаў кажа, што пра адсутнасць катаванняў казаць не выпадае («Калі людзі выйдуць з ізалятараў і турмаў, яны раскажуць, якімі метадамі выцягваліся гэтыя пакаянні»). Сам факт, што чалавек дае паказанні пад прымусам і ціскам, ужо мае прыкметы жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, то бок катавання.

«Бо катаванні – гэта неабавязкова тады, калі камусьці заціскаюць дзвярыма пальцы ці ставяць на жывот нагрэты прас. Гэта могуць быць і «псіхалагічныя дзверы», «псіхалагічны прас». Пагрозы, шантаж дзецьмі і семʼямі – і людзі праз страх за сваіх блізкіх робяць пакаянныя заявы», – кажа праваабаронца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

На ягоную думку, казаць у сённяшняй сітуацыі пра парушэнні заканадаўства з боку ГУБАЗіКу не мае сэнсу («Мы ж чулі, што часам – не да законаў»). Але трэба пастаянна нагадваць, што пры гэтым парушаюцца базавыя правы чалавека, згодна з якімі «ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмаўлення ад іх».

«Калі глядзіце такое відэа, успомніце гэтую фразу, і падумайце, чалавек дабравольна адмаўляецца ад сваіх перакананняў ці не. А то атрымліваецца, што былі ў чалавека перакананні, але як зірнуў у вочы супрацоўніку ГУБАЗіКу – стала гэтак нясцерпна сорамна, што раптоўна пастанавіў ад іх адмовіцца. Так?» – разважае Павел Левінаў.

«Іх ніхто не спыняе»

Былы начальнік упраўлення ГУБАЗіКу Аляксандр Азараў лічыць, што гэтыя ролікі хоць і нагналі страху на грамадства, але ўжо не працуюць і маюць невялікую колькасць праглядаў. Мяркуе, што глядзіць іх збольшага вузкае кола саміх супрацоўнікаў, якія, магчыма, ладзяць для сябе «дзве хвіліны нянавісці» – па Орўэлу. Аднак «крызіс жанру» падшпільвае «аўтараў» да «крэатыву», і менавіта адсюль – налепкі на лобе, швабры ў руках, фонавыя падкладкі, музыка і г. д.:

«Страшна падумаць – як гэта будзе развівацца. Можа, прыдумаюць на калені ставіць людзей. Ці, напрыклад, здымаць раздзетымі, хай у майтках адных стаяць, ці наагул – без майткоў… Любая прыдумка будзе падтрыманая ўладамі. Іх ніхто не спыняе. У іх зʼявіўся азарт, конкурсы абвяшчаюць ужо! Праяўляецца ўсё самае нізкае, што раней трымалі ў сабе, калі дзейнічалі законы. Цяпер закону няма».

«Па сутнасці, яны робяць тое, што робяць крымінальнікі ў турме. Тое ж самае. Праваахоўная сістэма стала крымінальнай, злачыннай сістэмай. Прымус да гэтых здымак таксама злачынства. Як мінімум – перавышэнне службовых абавязкаў і ўлады», – дадае Азараў.

«Адмяніць законы і ўвесці рытуалы». Ці атрымаецца?..

Азараў мяркуе, што «пакаянныя відэа» – гэта ноу-хау беларускага ГУБАЗіКу. Але, хутчэй за ўсё, практыка была запазычаная з Расеі, а ў гэтую краіну «мода» на публічныя выбачэнні прыйшла з Чачэніі, дзе статус гонару дагэтуль вышэйшы і каштоўнейшы за любы закон (яшчэ ў 2005-м чачэнскія камуністы публічна прасілі прабачэння за сталінскія дэпартацыі).

Навукоўцы кажуць, што карані пакаянных практык сягаюць у далёкую мінуўшчыну – да патрыярхальных грамадстваў, дзе рытуалы віны і ганьбы выконвалі функцыі законаў. Распаўсюджанне такіх практык у сучасным грамадстве кажа пра тое, што грамадства скачваецца ў патрыярхальнасць.

Вячаслаў Арлоўскі.
Фота: скрыншот з відэа/CTV.BY

Такім чынам, у Беларусі закон зводзіцца да рытуалаў?

«Я б не сказаў, – мяркуе праваабаронца Павел Левінаў. – Таму што давайце паглядзім праўдзе ў вочы. Колькі ўжо распачата крымінальных і адміністратыўных спраў, колькі людзей сядзіць за кратамі, колькі прызнаныя палітвязнямі. Калі ўсё скласці – атрымаецца велізарная лічба. А цяпер гляньце, колькі гэтых ролікаў запісана і які працэнт яны складаюць ад той вялікай лічбы. Ён мізэрны. Можа, уладам і хацелася б увесці такую традыцыю, каб чалавек перайшоў, скажам, дарогу ў неналежным месцы, а потым пайшоў і запісаў ролік на сябе: я сёння быў падлюгай – перайшоў дарогу на чырвонае святло, пакарайце мяне. Уладам было б вельмі зручна адмяніць законы і ўвесці рытуалы, але наўрад ці ў іх гэта атрымаецца».

Інтэрв’ю
Муж і жонка 3 месяцы пад арыштам за прыватную перапіску. Мяркуюць, што насамрэч – за паездку ў Польшчу
2021.10.11 16:28

Здымак вокладкі мае ілюстрацыйны характар. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў