У Гарадку затрымалі і судзілі расейца ў кепцы з Пагоняй. Яго адправілі на содні


Грамадзяніна Расеі Віктара Мішчанку затрымалі і судзілі за тое, што ён хадзіў па Гарадку ў кепцы з гербам Пагоня, паведамляюць праваабаронцы. У выніку ён атрымаў двое содняў арышту за «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў». Кепку яму не вярнулі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: aliexpress.ru

Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, Віктар хадзіў па горадзе ў кепцы з выявай герба Пагоня і паласой бел-чырвона-белага колеру. Суду ён растлумачыў, што сапраўды гэта рабіў, бо не ведаў, што публічная дэманстрацыя сімволікі з’яўляецца выказваннем сваіх грамадска-палітычных поглядаў і лічыцца пікетам, які праводзіцца незаконна.

Суддзя Ганна Гурынава не пагадзілася з аргументацыяй расейца і на падставе ч. 1 арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў») пакарала мужчыну арыштам на двое содняў.

Рэчавы доказ – кепку з выявай герба Пагоня і бел-чырвона-белага сцяга, пастанавіла пакінуць пры справе на ўвесь тэрмін яго захоўвання, то бок на працягу трох гадоў.

Нагадаем: гістарычны герб Пагоня быў дзяржаўным гербам Беларусі ў 1991–1995 гадах і занесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Аднак за выяву герба Пагоня заводзяць адміністрацыйныя справы нібыта за «пікетаванне». Так, напрыклад, у жніўні сілавікі затрымалі мужчыну за выяву Пагоні на танку ў камп’ютарнай гульні «World of Tanks». Тады ГУБАЗіК сцвярджаў, што яго здалі іншыя гульцы. Таксама беларусаў затрымлівалі за выяву герба Пагоні на аўтамабільным знаку, працоўным кубку, чахле ад тэлефона і за татуіроўкі.

Але нягледзячы на гэта, у верасні ў Магілёве ўстанавілі сяміметровы герб гораду з выявай Пагоні. Герб быў зацверджаны каралём Рэчы Паспалітай Янам II Казімірам у 1661 годзе.

Hавiны
У Магілёве ўсталявалі 7-метровы герб з выявай Пагоні
2023.09.08 17:40

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў