17 верасня ў шэрагу медыяў з’явілася інфармацыя пра магчымы пераварот у яшчэ адной афрыканскай краіне. Улады Рэспублікі Конга (не блытаць з суседняй Дэмакратычнай Рэспублікай Конга) ужо зняпраўдзілі гэтыя звесткі, але гэта не значыць, што пераварот у гэтай краіне не можа адбыцца ў найбліжэйшай будучыні.
Былая французская калонія абвясціла сваю незалежнасць у 1960 годзе. З таго часу яе перыядычна страсалі дзяржаўныя перавароты. Гэтак за першы тузін незалежнасці вайсковыя перавароты рознай ступені паспяховасці тут адбыліся ў 1966, 1968 і 1972 гадах. Краіна абвясціла курс на пабудову сацыялістычнага грамадства, увяла пяцігодкі і канфіскавала маёмасць замежных кампаніяў.
У 1977 годзе спецназаўцамі быў застрэлены прэзідэнт Марыян Нгуабі, за забойства якога пакаралі смерцю зрынутага ім папярэдніка Альфонса Масамбу-Дэбу. У выніку ўсіх гэтых падзеяў да ўлады ў Конга прыйшоў 35-гадовы палкоўнік Дэні Сасу-Нгесо, які ўжо тры гады займаў пасаду міністра абароны.
Сасу-Нгесо захоўваў марксісцкі курс сваіх папярэднікаў, але адначасова выбудоўваў стасункі і з заходнімі краінамі, перадусім з ЗША і Францыяй. У 1989 годзе, з прычыны крызісу і Перабудовы ў СССР, ён нават абвясціў канец дзяржаўнага рэгулявання эканомікі і правёў частковую амністыю палітвязняў. У 1990 годзе была скасаваная аднапартыйнасць. Але ў выніку гэтых рэформаў улада прэзідэнта і кіроўнай партыі пахіснулася, і ў 1992 годзе яны прайгралі як парламенцкія, гэтак і прэзідэнцкія выбары.
Сасу-Нгесо спачатку падтрымліваў новага прэзідэнта, але затым перайшоў да яго ў апазіцыю. Гэтае супрацьстаянне ў 1993 годзе вылілася ў Першую грамадзянскую вайну, ахвярамі якой сталі 2000 асобаў.
У 1997 годзе ўлады Конга паспрабавалі арыштаваць Сасу-Нгесо, што стала нагодай для Другой грамадзянскай вайны. Яе ахвярамі сталі да 25 тысячаў асобаў, была моцна разбураная сталіца краіны Бразавіль. Але ў канфлікт ўмяшалася Ангола, войскі якой падтрымалі Сасу-Нгесо. 25 кастрычніка ён у чарговы раз прынёс прэзідэнцкую прысягу. Дарэчы, сваю зброю ў Конга ў 1997 годзе пастаўляла і лукашэнкаўская Беларусь.
Новы стары прэзідэнт скасаваў Канстытуцыю 1992 года і сканцэнтраваў усю ўладу ў сваіх руках. Пераабраўшыся ў 2002 і 2009 гадах, ён правёў рэферэндум і змяніў Канстытуцыю 2002 года. Гэта дазволіла яму балатавацца ў 2016 і 2021 гадах. Апошнія выбары ён выйграў з вынікам 88,4%.
Сасу-Нгесо намагаецца працягваць балансаваць паміж Захадам і Расеяй. Гэтак, у 2022 годзе ён удзельнічаў у саміце ЗША–Афрыка, а ў 2023 – быў сярод тых нямногіх, хто прыехаў у Санкт-Пецярбург на саміт Расея – Афрыка.
Палітык застаецца на сваёй пасадзе да сёння. Яму 79 гадоў, з якіх амаль 39 ён кіруе краінай. А ягоная сям’я перыядычна трапляе ў карупцыйныя скандалы. Ягоны сын Дэні-Крыстэль уваходзіць у кіраўніцтва нацыянальнай нафтавай кампаніі і з’яўляецца дэпутатам парламенту, а дачка была Эдыт-Люсі ў 1989 годзе выйшла замуж за Амара Банго – былога прэзідэнта суседняга Габону, сына якога зрынулі ў 2023-м.
Даўгое кіраванне Сасу-Нгесо не прынесла дабрабыту кангалезцам. Паводле ўзроўню ВУП на душу насельніцтва краіна займае 147 месца ў свеце са 192, а паводле індэксу чалавечага развіцця – 153-е са 191. У рэйтынгу свабоды ад Freedom House яна ў 2023 годзе набрала толькі 17 балаў са 100. Праўда, гэта больш як удвая вышэй, чым у Беларусі.
Для такога палітычнага доўгажыхара як Сасу-Нгесо вайсковы пераварот не з’яўляецца чымсьці новым. Ён сам удзельнічаў у ім 1968 годзе, душыў спробу ў 1987-м і скідваў прэзідэнта ў 1997-м. І вось 17 верасня 2023 года з’явіліся паведамленні пра новы дзяржаўны пераварот у Конга. Адным з першым пра яго паведаміла афрыканскае выданне «The Yoruba Times».
«Вайсковы пераварот у Рэспубліцы Конга проста цяпер. Прэзідэнт краіны знаходзіцца ў Нью-Ёрку, вайскоўцы бяруць пад кантроль ключавыя аб’екты сталіцы», – пісала медыя, нагадваючы, што Конга мяжуе з Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікай, дзе знаходзяцца расейскія вагнэраўцы.
Да распаўсюду інфармацыі далучылася і франкамоўнае «LesNews». Нават заяўлялася, што на чале перавароту стаіць камандзір прэзідэнцкай гвардыі. Праўда, пасля выданне заявіла, што не мае пацверджанняў звестак пра пераварот, дадаўшы, што крыніцай звестак сталі «тэлеграм-каналы, некаторыя прарасейскія».
Зняпраўдзілі звесткі і ўлады Конга. Пры тым, што прэзідэнт краіны сапраўды 17 верасня паляцеў у Нью-Ёрк на саміт ААН.
«Дзіўная інфармацыя пра сурʼёзныя падзеі ў Бразавілі. Урад адмаўляе гэтыя фальшывыя навіны. Мы запэўніваем грамадскую думку ў тым, што пануе спакой, і заклікаем людзей спакойна займацца сваёй дзейнасцю», – паведаміў міністр сувязі Т’еры Мунгала.
18 верасня пра адсутнасць перавароту заявілі і ў амбасадзе Расеі ў Конга.
Навіна пра пераварот у Конга трапіла на спрыяльную інфармацыйную глебу. Толькі гэтым летам вайсковыя хунты здолелі прыйсці да ўлады ў Нігеры (26 ліпеня) і ў суседнім Габоне (30 жніўня), якім кіравала роднасная прэзідэнцкая дынастыя. А з 2020 года паспяховыя вайсковыя перавароты адбыліся таксама ў Гвінеі, Малі і Буркіна-Фасо, дзе, як і ў Нігеры, да ўлады прыйшлі прарасейскія сілы. Хунты Малі, Нігеру і Буркіна-Фасо 16 верасня нават падпісалі дамову пра ўтварэнне вайсковага хаўрусу супраць унутраных і вонкавых ворагаў.
Паводле французскага Інстытуту стратэгічных даследаванняў вайсковай школы (IRSEM), Расея стварыла цэлую «інфармацыйную экасістэму» з тысяч сайтаў і акаўнтаў, пры дапамозе якіх распальваюцца антызаходнія настроі. Паводле звестак Цэнтру стратэгічных даследаванняў Афрыкі ў Вашынгтоне, на працягу 2015–2022 гадоў расейскія кампаніі дэзынфармацыі былі адзначаныя ўва ўсіх афрыканскіх краінах, дзе былі заўважаныя найміты з ПВК Вагнэра. Менавіта на прарасейскія медыі, як крыніцы звестак пра пераварот у Конга, спасылалася і выданне «LesNews».
Пры гэтым яшчэ 6 верасня «Financial Times» уключыла Конга ў спіс краінаў, у якіх неўзабаве можа здарыцца пераварот. Кампанію яму склалі Камерун, Экватарыяльная Гвінея, Тога і Чад, дзе прэзідэнты або прэзідэнцкія дынастыі, кіруюць дзесяцігоддзямі.
«Усе яны апынуцца пад пагрозай, калі генералы іх краіны паспрабуюць атрымаць выгаду з народнай незадаволенасці іх доўгім кіраваннем», – пісала выданне.
Адносна стабільныя заходнеафрыканскія дэмакратыі, такія як Сенегал і Кот-д’Івуар, лічацца менш уразлівымі. Тым не менш, аналітыкі кажуць, што незадаволенасць французскім уплывам у гэтых краінах «можа быць матывавальным фактарам для патэнцыйных мяцежнікаў». Менавіта на хвалі антыфранцузскіх настрояў адбыліся перавароты ў Малі, Буркіна-Фасо і Нігеры.
Пол Мэлі, эксперт афрыканскай праграмы лонданскага аналітычнага цэнтру Chatham House, мяркуе аднак, што ўразлівыя лідары зараз будуць думаць, як лепш размеркаваць сродкі сярод сваіх цывільных і вайсковых чыноўнікаў, каб утрымаць іх ад паўстання. А ў Камеруне, напрыклад, ужо адбыліся значныя перастаноўкі ў вайсковым кіраўніцтве, што было ўспрынятае як спроба апярэдзіць пераварот.
«Такія папераджальныя крокі зʼяўляюцца напамінам патэнцыйным змоўнікам пра тое, што навядзенне танкаў на прэзідэнцкі палац спалучанае з рызыкай, бо вайскоўцы падвяргаюцца новай пільнай увазе з боку лідараў, якія самі маглі прыйсці да ўлады ў выніку дзяржаўнага перавароту і таму ўвесь час занепакоеныя магчымасцю быць скінутымі», – піша карэспандэнт FT у Заходняй Афрыцы Аану Адэўое (Aanu Adeoye).
Тым больш, што і кінуць выклік Сасу-Нгесо «трэба быць смелым чалавекам», мяркуе аналітык, які часта бывае ў Конга, бо «ён жудасны».
Здымак вокладкі мае ілюстрацыйны характар. Бразавіль, Рэспубліка Конга. 21 сакавіка 2021 года. Фота: Olivia Acaland / Reuters / Forum
Макар Мыш belsat.eu