Беларускія праваабаронцы патрабуюць рэабілітацыі для 150 былых палітвязняў


Беларускія праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыю для асуджаных удзельнікаў мірных сходаў і прынялі заяву аб наданні статусу «былых палітвязняў». Усяго імі прызнаныя 150 чалавек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Былымі палітвязнямі» прызнаныя асобы, якія былі асуджаныя за мірныя акцыі пратэсту паводле арт. 342 КК («Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), але падчас свайго зняволення з розных прычынаў не мелі статусу палітвязня.

Нягледзячы на тое, што яны ўжо на волі, застаецца адкрытым пытанне аб іхнай рэабілітацыі і кампенсацыі прычыненай ім шкоды.

«Улады Беларусі адвольна бралі пад варту, асуджалі ў парушэнне прынцыпу вяршэнства права і цяпер працягваюць пераследаваць у крымінальным парадку ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту; пра факты гэтага палітычна матываванага пераследу часта становіцца вядома толькі напярэдадні ці пасля вызвалення чарговай ахвяры рэпрэсіяў, у сувязі з чым праваабарончая супольнасць не выступала з заявай аб прызнанні іх палітычнымі зняволенымі», – заявілі праваабаронцы.

Паводле праваабаронцаў, гэтыя людзі за ажыццяўленне свайго права на мірныя сходы былі пазбаўлены волі. Яны былі ўзяты пад варту, асуджаныя да пазбаўлення або абмежавання волі, арышту, а да гэтага часу былі вызваленыя без рэабілітацыі і пакрыцця прычыненай шкоды.

Таксама праваабаронцы зноў запатрабавалі ад уладаў Беларусі адмяніць адвольныя прысуды, правесці поўную рэабілітацыю і пакрыць людзям шкоду, неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у паслявыбарчы перыяд, спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў