Ала Пугачова папрасіла Міністэрства юстыцыі залічыць яе ў «замежныя агенты»


Народная артыстка СССР Ала Пугачова ў сваім акаўнце ў Instagram апублікавала пост, у якім просіць залічыць яе ў спіс «замежных агентаў» Расеі ўслед за ейным мужам, артыстам Максімам Галкіным.

Ала Пугачова і Максім Галкін. 
Фота: alla_orfey/Instagram

«Прашу залічыць мяне ў шэрагі замежных агентаў маёй любімай краіны, бо я салідарная са сваім мужам. Сумленным, прыстойным і шчырым чалавекам, сапраўдным і непадкупным патрыётам Расеі, які жадае Радзіме  росквіту, мірнага жыцця, свабоды слова і спынення гібелі нашых хлопцаў за ілюзорныя мэты, што робяць нашую краіну ізгоем і абцяжарваюць жыццё нашых грамадзянаў», – напісала артыстка.

Скрыншот: alla_orfey/Instagram

Некалькімі днямі раней, 16 верасня, расейскае Міністэрства юстыцыі залучыла Максіма Галкіна ў спіс фізічных асобаў, якія выконваюць функцыю «замежнага агента». У ведамстве сцвярджаюць, што артыст вядзе палітычную дзейнасць і атрымлівае дапамогу ад замежнай крыніцы – Украіны.

На гэта ён заявіў, што яго прызналі «замежным агентам» з надуманай нагоды, а «доказная база Міністэрства юстыцыі не вытрымлівае ніякай крытыкі». Паводле словаў Галкіна, ён не займаецца палітычнай дзейнасцю, а грошы з Украіны ён атрымліваў, калі выступаў там з канцэртамі, «гадоў дзесяць таму».

«Са сцэны ў сваіх канцэртах я займаюся гумарыстычным жанрам, палітычнай сатырай. Калі я звяртаюся да сваіх падпісальнікаў ці гледачоў па-за жанрам, як грамадзянін, як чалавек, я гэта раблю абсалютна шчыра. Міністэрства юстыцыі, шчырасць і сумленнасць не аплачваецца ў прыстойных людзей, да якіх я, спадзяюся, адношуся. Я не прадаю свайго меркавання і сваіх думак і не купляю чужых. Я гандлем сумлення не займаюся», – сказаў Галкін.

З пачаткам расейскага ўварвання ва Украіну Максім Галкін з’ехаў з РФ і адкрыта выступаў супраць вайны і палітыкі расейскіх уладаў. У адказ на гэта ў пачатку верасня прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў сказаў, што Максім Галкін рабіў «вельмі дрэнныя заявы» і што «яму відавочна з намі не па дарозе».

Пасля адʼезду Галкін працягваў даваць канцэрты за мяжой, а частку сродкаў ад іх перадаваў на дапамогу ўкраінскім уцекачам.

Hавiны
«Прабач нам, Украіна!» Хадаркоўскі, Акунін, Муратаў, Галкін, Лазараў – пра вайну, развязаную Расеяй
2022.02.25 12:29

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў