У Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцях затрымалі больш за 10 асобаў, якіх падазраюць у карупцыі. Сярод іх як кіраўнікі аграпрадпрыемстваў, так і хабарадаўцы з камерцыйных структураў, паведамілі ў прэс-службе МУС.
Як адзначаюць у ведамстве, аператыўнікамі ГУБЭЗ МУС былі спыненыя факты атрымання хабару службовымі асобамі шасці аграпрадпрыемстваў. Яны прасоўвалі інтарэсы камерцыйнай асобы пры закупах тэхнікі, сродкаў аховы раслінаў, насення для вырошчвання агракультураў, што выкарыстоўваюцца ў якасці кармавой базы для буйной рагатай жывёлы.
Рэгіянальны прадстаўнік фірмы нібыта плаціў за перамогі ў тэндарах, а таксама за своечасовую аплату паставак. Выкарыстоўваліся розныя схемы. Так, напрыклад, у тэхзаданнях на закупы пазначаліся спецыяльныя ўмовы, якім адпавядала толькі адна кампанія-пастаўляльнік. Хабары даваліся ў рублях і валюце, а кошт кантрактаў складаў ад пары сотняў рублёў да некалькіх тысяч долараў.
Аналагічную карупцыйную схему той жа кампаніі выявілі ў Гарадзенскай вобласці.
У міліцыі не выключаюць, што найбліжэйшым часам могуць быць выяўленыя новыя факты бізнес-карупцыі.
Таксама паведамляецца, што з пачатку года выяўлена 689 эканамічных злачынстваў, з іх 40 % карупцыйныя.
Алена Рувіна belsat.eu