«Вупыру пастаянна патрэбная кроў». Як жыве пад кадыраўцамі і рыхтуецца да свабоды Чачэнія


На пачатку 1990-х Чачэнія абвясціла аб незалежнасьці ад Расеі, але ў выніку дзвюх кровапралітных войнаў засталася ў яе складзе. Два дзесяцігоддзі рэспублікай кіруе клан Кадыравых, які ператварыў Чачэнію ў свой уласны султанат і які падтрымлівае Крэмль ва ўсім. Але ці можа яна зноў стаць незалежнай і якой цаной? Пра тое, чым жыве сёння Чачэнія і якія яе шанцы на вызваленне, карэспандэнт «Белсату» гутарыў з прадстаўніком народнага руху «АДАТ» Байсангурам Янгулбаевым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі трымаюць партрэты прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і лідара Чачэніі Рамзана Кадырава падчас мітынгу ў гонар Дня народнага адзінства ў Грозным, Чачэнская Рэспубліка, Расея. 4 лістапада 2019 года.
Фота: Musa Sadulayev / AP Photo / East News

Чачэнія, якая была захопленая ў другой палове ХІХ стагоддзя і перажыла масавую дэпартацыю 1944 года, абвясціла аб сваёй незалежнасці ад РСФСР і СССР у 1991 годзе. У тым жа годзе адбыліся ўзброены пераварот, разгон Вярхоўнага Савету, выбары, якія апазіцыя генералу Джахару Дудаеву, які ўзначаліў оэспубліку, абвясціла фальсіфікаванымі, а Масква падтрымлівала апазіцыю. У выніку пачаўся хаос і разгул злачыннасці, якія суправаджаліся апроч іншага нападамі на транзітныя цягнікі, выкраданнямі людзей, дэ-факта ішла грамадзянская вайна. Улады Чачэніі і Расеі не змаглі прыйсці да кампрамісу.

У канцы 1994 году Расея, якая так і не прызнала суверэнітэт рэгіёну, пачала супраць уладаў самаабвешчанай Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя (ЧРІ) ваенную аперацыю. Падчас Першай чачэнскай вайны лідар рэспублікі Дудаеў быў забіты, але яна змагла захаваць незалежнасць, якую дэ-факта прызнала Масква – на носе былі прэзідэнцкія выбары і абодва бакі пайшлі на кампраміс. У 1999 годзе Уладзімір Пуцін выкарыстаў уварванне баевікоў з Чачэніі ў Дагестан, а таксама выбухі ў Маскве і Валгадонску (некаторыя падазраюць у іх «руку» ФСБ) у якасці падставы для пачатку Другой чачэнскай вайны (афіцыйна называлася «контртэрарыстычнай аперацыяй»). Крэмль змог вярнуць кантроль над рэспублікай і нават пачаў яе аднаўленне, хоць сутыкненні з сепаратыстамі і тэракты не спыняліся да канца 2010-х.

Прарасейскую адміністрацыю Чачні ў 2000 годзе ўзначаліў муфтый Ахмат Кадыраў, які перайшоў на бок войскаў РФ. У 2004 годзе ён быў забіты, але з 2005 года Чачэнію спачатку ў якасці кіраўніка ўраду, а затым і рэспублікі ўзначальвае ягоны сын Рамзан. Апошняга, дарэчы, сваім братам называе Аляксандр Лукашэнка.

Рэжым Кадырава ў Чачэніі, які атрымаў мянушку султаната, карыстаецца фінансавай і палітычнай падтрымкай Масквы. Паводле ацэнак экспертаў, рэспубліка фінансуецца з федэральнага бюджэту на больш як 80%. Пры гэтым рэжым актыўна падтрымлівае Пуціна. Напрыклад, чачэнскія войскі актыўна ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны. Абвінавачваюць кадыраўцаў і ў забойстве расейскага апазіцыянера, былога віцэ-прэм’ера Барыса Нямцова. У самой рэспубліцы ёсць культ Ахмата і Рамзана Кадыравых, у ёй дэ-факта не дзейнічаюць законы РФ, затое ёсць шматжонства, жаночае абразанне і элементы шарыяту, зʼявілася практыка «пакаянных відэа», чачэнскія сілавікі беспакарана выкрадаюць з іншых расейскіх рэгіёнаў ворагаў кадыраўскага рэжыму, гомасексуалаў і жанчын, што ўцяклі праз пагрозы гвалту. Развітая кланавасць, калі кіраўніцтва рэспублікай знаходзіцца ў руках шматлікіх сваякоў і сяброў Кадырава.

Выкраданні і падвалы

Сям’я Янгулбаевых у Чачні падвяргаецца пераследу з 2015 года. Падставай для гэтага стала праваабарончая дзейнасць Ібрагіма, брата Байсангура. Іх неаднаразова збівалі, выкрадалі іх сваякоў. Паўгода ў падвале будынка грозненскага САХРа правёў сам Ібрагім, а яго маці Зарэму Мусаеву 4 ліпеня 2023 года прысудзілі да 5,5 гадоў калоніі (раней чачэнскія сілавікі выкралі яе з Ніжняга Ноўгарада). Улады Чачэніі аб’яўлялі членам сям’і крэўную помсту і нават абяцалі адрэзаць ім галовы.

На скрыншоце – Ібрагім і Байсангур, сярэдні і малодшы сыны чачэнскага суддзі Сайдзі Янгулбаева. Крыніца: sotavision / YouTube

Праз пераслед Янгулбаевы былі вымушаныя пакінуць Расею, але ад апазіцыйнай дзейнасці не адмовіліся. Больш за тое, яны ініцыявалі стварэнне Народнага руху «АДАТ». Ён выступае за «спыненне генацыду чачэнскага народа, аб’яднанне чачэнскага народа і дэакупацыю Чачэніі». Мінюст Расеі 11 ліпеня 2022 года ўнёс яго ў спіс забароненых арганізацый. А тэлеграм-канал руху (больш за 93 тысячы падпісчыкаў) раней быў прызнаны ў Расеі экстрэмісцкім. У лістападзе 2022 года ўлады РФ унеслі нашага суразмоўцу Байсангура Янгулбаева ў спіс тэрарыстаў і экстрэмістаў, а ў траўні 2023-га абвясцілі яго ў федэральны вышук.

Актывіст адзначае, што, паводле дадзеных «АДАТа», штогод у Чачэніі, дзе пражывае крыху больш за 1,5 млн чалавек, затрымліваюць каля 1000 чалавек. У асноўным, гэта неправавыя затрыманні і выкраданні, што не рэгламентуюцца ніякім законам. І гэтыя звесткі – толькі «мізэрная частка», бо часта людзі баяцца паведамляць пра пераслед з боку ўладаў.

«Напрыклад, калі Ібрагіма ў нелегальным склепе трымалі, то кожны дзень або праз дзень па-любому кагосьці вазілі. І гэта адзін нелегальны склеп САХРа, а такіх па ўсёй Чачэніі мноства. У кожным РАУС», – распавядае Байсангур Янгулбаеў.

З ягоных слоў, першапачаткова новыя ўлады Чачэніі пераследвалі перадусім прадстаўнікоў збройнага супраціву. Але затым, па меры іх разгрому, перайшла і на звычайных грамадзян, якіх цяпер абвінавачваюць «у славесным супраціве ці проста мысленнай нязгодзе».

«Як нашы вайскоўцы з супраціву казалі: пакуль мы ёсць, пакуль нас яшчэ не вынішчылі, пуцінскі рэжым у асобе Кадырава да вас, да мірнага насельніцтва, яшчэ не дайшоў. Але вось калі нас больш не стане, вы тады зразумееце, пра што мы казалі», – адзначае Янгулбаеў.

З часам рэпрэссіі толькі ўзмацняліся, таму што ўсё менш станавілася людзей, за якіх можна атрымліваць «званні і рэгаліі, даваць справаздачу перад Пуціным». Пры гэтым выкраданням і катаванням падвяргаюцца не толькі дысідэнты і праціўнікі рэжыму, але і тыя, хто, напрыклад, парушае негалосны сухі закон у рэспубліцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Зарэма Мусаева сядзіць у зале суда ў Грозным. Суд прысудзіў жанчыну да 5,5 гадоў калоніі па справе аб махлярстве. Зарэма Мусаева, жонка былога суддзі Сайдзі Янгулбаева, была выкрадзена 20 студзеня 2022 года з кватэры ў Ніжнім Ноўгарадзе. Грозны, Чачэнская Рэспубліка, Расея. 4 ліпеня 2023 года.
Фота: AP Photo / East News

«Катуюць, бо трэба ж кагосьці катаваць. Гэта як вупыр, які пакаштаваў смак крыві, і яму ўвесь час патрэбнае падсілкоўванне», – мяркуе Янгулбаеў.

Праціўнікам жа рэжыму і зусім «галаву адрэжуць, у рот гранату пакладуць і чэку выдзернуць, заб’юць і закапаюць без магілы». Паведаміць жа пра пераслед – значыць, пайсці супраць сістэмы і ўцякаць з Чачэніі. Пагражаюць ахвярам выкраданняў таксама і рэальным крымінальным пераследам «легалізацыяй справы», якую цяпер, праўда, можна замяніць на ўдзел у вайне супраць Украіны.

«Кадыраў нафіг нікому не здаўся»

Па словах Янгулбаева, большасць жыхароў Чачэніі не падтрымлівае Кадырава. Але перавесці гэтае абурэнне ў дзеянне «немагчыма». Ёсць таксама і тыя, хто не хоча «нікуды ўлязаць».

«Улада Кадырава трымаецца толькі на сілавіках і толькі на грошах. Сам Кадыраў заяўляў, што калі месяц не будзе фінансавання з федэральнага бюджэту, дык усе сілавікі і чыноўнікі разыйдуцца», – падкрэслівае апазіцыянер. Спробы ж Кадырава выкарыстоўваць чачэнскія традыцыі і іслам для сваёй падтрымкі, паводле яго слоў, «суцэльная крывадушнасць, таму што ён сам гэтаму не адпавядае».

 

Што тычыцца здароўя кіраўніка Чачні, то, заяўляе Янгулбаеў, ён хоць і «бясспрэчна нездаровы, ён хворы, але не так, што проста пры смерці». Больш за тое, у параўнанні з 2020 годам, калі падчас пандэміі каронавірусу «у яго былі рэальныя праблемы і ён ляжаў пад ШВЛ», стан Кадырава палепшыўся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў выступае перад партрэтам свайго бацькі Ахмада Кадырава, забітага ў выніку выбуху бомбы ў 2004 годзе, падчас сустрэчы ў Грозным, Чачэнская Рэспубліка, Расея. 10 мая 2019 года.
Фота: Musa Sadulayev / AP Photo / East News

Але нават у выпадку смерці Рамзана Кадырава суразмоўца не бачыць прычын для змены сітуацыі. На яго думку, можа паўтарыцца сітуацыя 2004 года, калі пасля смерці бацькі сённяшняга кіраўніка рэспублікі спачатку на пераходны перыяд могуць «паставіць рускага кагосьці, а потым – кагосьці з Чачэніі». (Янгулбаев кажа пра тое, што некалькі месяцаў у 2004 годзе в.а. прэзідэнта Чачні быў Сяргей Абрамаў, які да гэтага працаваў міністрам фінансаў і прэм’ер-міністрам рэспублікі. Абрамаў жорстка кантраляваў фінансы, на яго неаднаразова рабілі замахі. Аднак з моманту прыходу да ўлады Рамзана Кадырава эліты ў Чачні спрэс мясцовыя.)

«Як я зразумеў, Крэмль задаволены палітыкай, калі сам чачэнец, ведаючы свой народ, можа яго добра рэпрэсаваць», – кажа Янгулбаеў.

Радыкальных пратэстаў ён не чакае, бо «чачэнцы выдатна разумеюць, што ім ваяваць трэба не проста з Кадыравым альбо з ягоным пераемнікам, а з Расеяй».

«У нас насельніцтва ў Чачэніі на дадзены момант 1,5 млн, а ў Расеі, па афіцыйных заявах, армія ў 1 млн. Зразумела, што чачэнцам ваяваць вельмі не выгадна», – лічыць суразмоўца.

Тым больш, заяўляе ён, У чачэнцаў нават няма досведу службы ў войску, бо іх у войска РФ не прызываюць – «ворагаў вайне не вучаць» (Мінабароны РФ сапраўды максімальна заніжала неабходную колькасць прызыўнікоў з Чачні і Інгушэціі). Служыць можна толькі ў кадыраўскіх падраздзяленнях, кажа Янгулбаеў, а іх праціўнікам «пры нейкіх дзеяннях трэба будзе вучыцца на хаду».

Янгулбаеў падкрэслівае: «Больш надзеі на тое, што з Масквы пачнецца рух», як было пры развале СССР, калі «чачэнцы скокнулі ў вагон і паспрабавалі выпрабаваць поспех, але вылілася гэта ў крывавую вайну». А вось самога Кадырава, упэўнены суразмоўца, у гэты «вагон» не пусцяць самі чачэнцы, якія захочуць яму адпомсціць: «З Кадыравым усё ясна, і яму самому таксама ўсё ясна. Ён ведае, што кожны яго крок – гэта была кропка незвароту. Ён не можа пасля гэтага ісці назад. Ён закаранелы расеец. У яго няма ідэнтычнасці чачэнскай. Ён апрычнік, нічога больш. І ён выдатна ведае, што трэба трымацца за Пуціна як за залатую галіну, якую ніяк нельга адпусціць. Ён ніколі не адважыцца пайсці супраць Пуціна. Гэта для яго раўназначна суіцыду. Кадыраў лаяльны да Пуціна, бо ведае, што яго нідзе не чакаюць і не прымуць».

Са слоў Янгулбаева, нават у арабскіх краінах Кадыраў «нафіг нікому не патрэбны без ягоных грошай, а без Пуціна ў яго і не будзе ніякіх грошай».

«Пакінутыя на волю лёсу»

Цяпер супраць расейскіх войскаў ваююць у складзе Узброеных сілаў Украіны адразу некалькі чачэнскіх фарміраванняў (як і ў арміі РФ). Адно з іх было створанае ўрадам ЧРІ ў выгнанні на чале з брыгадным генералам Ахмедам Закаевым. Але, як адзначае Янгулбаеў, сам ён нават не ведаў, што «Закаеў жывы». Дапамогу гэтым фарміраванням аказвалі праваабаронцы і журналісты. Паводле яго, да 2022 году актыўнай дзейнасьці і дапамогі чачэнцам на радзіме з боку эмігранцкіх арганізацыяў не было.

Менавіта з гэтай прычыны ў красавіку 2020 года быў створаны народны рух «АДАТ», «таму што чачэнцы ў кадыраўскай Чачні былі кінутыя на волю лёсу». Хацелася «неяк дапамагчы гэтай сітуацыі», калі ў перыяд пандэміі людзей на вуліцах скотчам прывязвалі да дрэў за парушэнне каменданцкай гадзіны.

«Пасля з’яўлення «АДАТа», вядома, у Чачэніі дрэнна, але хаця б з’явіўся невялікі глыток свабоды і надзеі на тое, што кагосьці з выкрадзеных, можа быць, адпусцяць.

Таму што да гэтага было не тое, што татальнае бяззаконне, а татальнае нахабства. Кадыраўцы ведалі, што могуць хоць адлупцаваць пры людзях, хоць збіць палкамі, і ніхто нідзе гэта не даведаецца, папросту як у Паўночнай Карэі», – кажа Янгулбаеў.

Агулам жа, на ягоную думку, калі эмігранцкія арганізацыі «працуюць, калі прыносяць карысць, то няхай, зразумелая справа, нічога супраць мы не маем». Але незразумела, што будзе адбывацца, калі вайна ва Украіне скончыцца.

«Яны спадзяюцца, што пасля вайны пачнецца развал Расеі. Але ёсць варыянт, што развалу ў Расеі не будзе. І што тады? Спыняемся і ўсё спыняем?», – задаецца пытаннем суразмоўца.

Каб нашчадкі маглі ганарыцца

«АДАТ» бачыць сваёй мэтавай аўдыторыяй чачэнскую моладзь, да якой трэба данесці «антыпрапаганду»: выкрыць Кадырава, ягоныя словы і дзеянні, паказаць, што Чачэнія «ніколі не была ні духоўна, ні маральна, ні яшчэ як не звязаная з Расеяй», а наадварот, ваявала з ёй за сваю свабоду і незалежнасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы падчас агляду войскаў і вайсковай тэхнікі Чачэнскай Рэспублікі ля рэзідэнцыі яе кіраўніка Рамзана Кадырава. 29 сакавіка 2022 года.
Фота: Yelena Afonina / TASS / Forum

«Мы павінны ганарыцца не тым, што раней нашы продкі ваявалі за гэта, а мы самі павінны быць прыкладам для сваіх нашчадкаў. Каб нашы нашчадкі таксама маглі ганарыцца намі, як мы цяпер ганарымся продкамі, што мы ваюем за свабоду, за дэакупацыю», – кажа Янгулбаеў.

У «АДАТа» ёсць свае крыніцы сярод прадстаўнікоў рэжыму і «праводзяцца розныя іншыя працы», «прадумваюцца розныя праекты», для рэалізацыі якіх патрэбныя час або магчымасці:  «Некаторыя ідуць паспяхова, некаторыя пакуль не, але калі адзін з іх стрэльне, то пра гэта дакладна ўсё даведаюцца». «Напрыклад, 24 чэрвеня, падчас бунту Прыгожына, у Чачэніі – у плане каардынацыі і арганізаванасці – не былі гатовыя да таго, што цяпер нешта разваліцца. Не было разумення, што рабіць, куды ісці», – адзначае суразмоўца. У сувязі з гэтым перад «АДАТам» стаіць задача інфармацыйнай каардынацыі, «калі нейкія рухі пачнуцца». Напрыклад, падчас пратэстаў у верасні 2022 года ў Дагестане рух паведамляў аб руху паліцыі, «за кім ідуць, што рабіць».

Янгулбаеў адзначае важнасць інфармацыйнай працы, паколькі, паводле яго слоў, падчас Другой чачэнскай вайны Расея змагла пераканаць свет, што ваюе не з правам народа на самавызначэнне, а з міжнародным тэрарызмам. Цяпер жа «АДАТ» мае намер не дапусціць гэтага.

У выпадку сур’ёзнага крызісу ў Расеі, калі ўлады будуць паралізаваныя і можа пачацца развал краіны, для чачэнцаў «самае галоўнае – не панікаваць і быць згуртаванымі». Пры гэтым параза РФ у вайне с Украінай, смерць Пуціна ці змена ўлады, у тым ліку на дэмакратычную, не гарантуюць свабоды Чачэніі. «Пасля Савецкага Саюза Расея стала дэмакратычнай, але бамбіла чачэнцаў», – нагадвае Янгулбаеў (не згадваючы пры гэтым тэрактаў).

Таксама, з ягоных слоў, краіны Захаду могуць зноў не захацець развалу Расеі, як у 1991 годзе не хацелі распаду СССР. Тым больш, яны не захочуць ваяваць за свабоду чачэнцаў, таму што «не хочуць Трэцяй сусветнай вайны, не хочуць, каб іх грамадзяне паміралі». Хоць Украіна і «можа прапіхваць тое, каб Расея ўсё ж развалілася».

Пры гэтым суразмоўца адзначае, што не ведае, «акрамя Чачні, рэгіёнаў, якія б заяўлялі аб сваім праве на самавызначэнне не проста словамі, а непасрэдна дзеяннямі». І таму таксама сумняваецца ў распадзе Расеі.

«Развал на што? На Расею і Чачэнію? Таму што іншых я не бачыў», – кажа Янгулбаеў.

Што тычыцца будучага ладу Чачэніі, у выпадку здабыцця ёю незалежнасці, то «гэта павінен вырашаць народ: як ён захоча, так няхай і будзе». Галоўнае, «каб іншыя не навязвалі нічога свайго, як, напрыклад, Расея спрабуе навязаць Украіне».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў