У Беларусі больш нельга аформіць «Зялёнай карты». Дзе і як цяпер рабіць страхаванне для аўта?


З 1 чэрвеня 2023 года спыняецца ўзаемнае прызнанне абавязковага страхавання «Зялёная карта» паміж Беларуссю і краінамі Еўразвязу, што дзейнічала з 2003 года. Страхоўкі для выезду за мяжу  перасталі афармляцца беларускімі страхавымі кампаніямі з 17 траўня – цяпер іх давядзецца купляць у краіне заезду. Расказваем, як гэта будзе працаваць і колькі каштаваць. 

Памежны пераход Тэрэспаль – Берасце на польска-беларускай мяжы.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Новаўвядзенне датычыцца тых, хто выязджае ў Еўропу на сваім аўце. На сайтах страхавых кампаніяў змешчанае апавяшчэнне: «З 16.05.2023 з 23:59 спыняецца заключэнне дамоваў страхавання «Зялёная карта» (дамовы з тэрмінам дзеяння 15 дзён мусяць заканчвацца 31.05.2023) з тэрыторыяй дзеяння».

Цяпер уладальнікі аўтамабіляў пры выездзе з Беларусі ў краіны Еўрапейскай эканамічнай зоны мусяць афармляць полісы пасля пераезду мяжы. Калі ездзіць за мяжой без страхоўкі, кіроўцу чакае пакаранне.

Дзе перастане дзейнічаць «Зялёная карта»?

«Зялёная карта» – міжнародная дамова страхавання аўтаграмадзянскай адказнасці. Яна гарантуе атрыманне выплаты, калі здараецца страхавы выпадак у любой з краінаў, што падпісалі пагадненне страхавога полісу для страхавання адказнасці ўладальнікаў сродкаў аўтатранспарту. Дакумент абавязковы пры выездзе за мяжу для ўсіх транспартных сродкаў.

Гэтае пагадненне падпісанае 48 дзяржавамі, але з 1 чэрвеня ў 32 краінах з іх беларуская «Зялёная карта» перастане дзейнічаць. Гэта Аўстрыя, Бельгія, Балгарыя, Вугоршчына, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Кіпр, Латвія, Літва, Люксембург, Мальта, Нямеччына, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славаччына, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швецыя, Эстонія, а таксама Швейцарыя, Вялікая Брытанія і Паўночная Ірландыя. Пры заездзе ў гэтыя краіны давядзецца набываць страхоўку на месцы.

Новаўвядзенне дзейнічае і ў адваротным парадку: страхавыя дамовы, заключаныя ў дачыненні еўрапейскіх транспартных сродкаў, што едуць у Беларусь і Расею, таксама спыняць сваё дзеянне аўтаматычна з 1 чэрвеня 2023 года.

Беларускія дамовы страхавання сістэмы «Зялёная карта» прызнаюцца і працягваюць дзейнічаць у Расеі, Азербайджане, Албаніі, Андоры, Босніі і Герцагавіне, Іране, Марока, Малдове, Паўночнай Македоніі, Сербіі, Тунісе, Турцыі і Чарнагорыі.

Як гэта будзе працаваць цяпер

Калі вы ўжо маеце «Зялёную карту», што дзейнічае на тэрыторыі Еўразвязу, то з 1 чэрвеня яна будзе ануляваная. Пасля гэтага вы мусіце набыць страхавы поліс ужо на тэрыторыі краіны, у якую заехалі. Калі ж вы выязджаеце з Беларусі пасля 17 траўня і не маеце страхоўкі, яе можна будзе набыць пры заездзе ў краіну на мяжы.

Таксама ў Памежным камітэце Беларусі «Белсату» распавялі, што з 17 траўня памежнікі ўвогуле перастануць правяраць «Зялёныя карты» пры выездзе з краіны. У ведамстве пацвердзілі, што страхоўку трэба будзе рабіць  пры заездзе ў іншую краіну

Пры заездзе ў Польшчу страхоўку можна будзе аформіць у пунктах пропуску «Берасце – Тэрэспаль» або «Казловічы – Кукурыкі» на тэрмін ад 1 месяца да 1 года. Як паведамляюць беларускія страхавальнікі, за мяжой полісы будуць афармляць гэтыя страхавыя кампаніі:

  • «PZU SA»;
  • «TUR WARTA SA»;
  • «Balcia Insurance SE»;
  • «TUZ TUW».

У Літве страхоўку можна будзе аформіць на тэрмін ад 15 да 90 дзён у пунктах пропуску «Каменны Лог – Мядзінінкай», «Катлоўка – Лаварышкес», «Беняконі – Шальчынінкай», «Прывалка – Райгардас». Страхоўку будуць афармляць арганізацыі:

  • «AAS BTA Baltic Insurance Company Lithuanian branch»;
  • «AB Lietuvos draudimas»;
  • «ADB COMPENSA Vienna Insurance Group»;
  • «ADB GJENSIDIGE»;
  • «BALCIA Insurance SE Lietuvos filialas».

У Латвіі, як і ў Польшчы, страхоўку можна аформіць на памежных пунктах на тэрмін ад 1 месяца да 1 года з наступнымі страхавымі арганізацыямі:

  • «AAS BALTA»;
  • «ADB Gjensidige Latvijas filiale»;
  • «Balcia Insurance SE»;
  • «BTA Baltic Insurance Company»;
  • «Compensa Vienna Insurance Group ADB Latvijas filiale»;
  • «ERGO Insurance SE Latvijas filiale»;
  • «If P&C Insurance AS Latvijas filiale».

Варта адзначыць, што ў гэтых страхавых кампаніях «Белсату» заявілі, што не могуць дакладна пацвердзіць, ці будзе працаваць менавіта іх прадстаўніцтва на мяжы, а ў некаторых, напрыклад, у польскай PZU, заявілі, што ўвогуле не робяць полісаў для аўтаў на беларускіх і расейскіх нумарах. Аднак кампаніі запэўнівалі, што на мяжы абавязкова будуць працаваць якія-небудзь страхавыя кампаніі, праз якія можна будзе зрабіць страхоўку для аўта.

Што наконт цэнаў?

Раней, у залежнасці ад тэрміну страхавання, набыць «Зялёную карту» ў Беларусі можна было за 30 еўраў на 15 дзён, за 50 еўраў на месяц і за 425 еўраў на год. Аднак цяпер плаціць давядзецца дакладна болей. Таксама ў краінах Еўразвязу цана полісу вызначаецца індывідуальна страхавой кампаніяй, таму цэны могуць адрознівацца.

Польшча

У польскіх страхавых кампаніях нам не змаглі назваць дакладнай сумы страхавання, бо яна будзе залежаць ад такіх паказнікаў, як стаж кіроўцы, колькасць людзей, якія кіруюць гэтым аўтам, год яго выпуску, дзе яно будзе паркавацца. Раней у СМІ з’яўлялася інфармацыя, што страхоўка на месяц будзе каштаваць каля 35-40 еўраў.

Пункт проверки автомобилей, которые едут в сторону белорусской границы, во время чрезвычайного положения из-за наплыва мигрантов
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота:

Літва

У кампаніі ВТА нам распавялі, што ў іх страхоўка на 15 дзён будзе каштаваць каля 50 еўраў, на месяц – 100 еўраў, а на 90 дзён – каля 350 еўраў.

У «Lietuvos draudimas» страхоўка на 15 дзён абыдзецца ў 42 еўраў, на месяц – 66 еўраў, на 90 дзён – 150 еўраў. Таксама гэта адзіная кампанія, у якой пацвердзілі, што страхоўку можна зрабіць онлайн, для гэтага трэба напісаць ім на электронную пошту.

У страхавой кампаніі «Compensa» не змаглі дакладна назваць цэнаў, бо яны мяняюцца ў залежнасці ад розных характарыстык, але заявілі, што цана за 3 месяцы складзе каля 230 еўраў.

Латвія

У страхавой кампаніі «Gjensidige» страхоўка для машынаў з беларускімі нумарамі будзе каштаваць на месяц – 100 еўраў, на год – 700 еўраў.

«BTA Baltic» робіць страхоўку на месяц за 50 еўраў па Еўропе, на год яна будзе каштаваць ад 195 да 400 еўраў, у залежнасці ад розных характарыстык аўта.

Але вось у кампаніі «ERGO Insurance» заявілі, што ўвогуле не робяць страховак для машынаў на беларускіх і расейскіх нумарах.

Таксама ёсць імавернасць, што пасля спынення дзейнасці «Зялёнай карты» з 1 чэрвеня цэны на страхавыя полісы ў замежных страхавых кампаніях могуць змяніцца.

Калі ж вы плануеце адправіцца ў падарожжа без страхавання, то за адсутнасць полісу вам могуць выпісаць штраф да некалькі сотняў еўраў. Пакаранне можа прадугледжваць і дэпартацыю ды забарону заязджаць у краіну, адабранне або арышт транспартнага сродку.

Разбор
З 1 чэрвеня замест «Зялёнай карты» на мяжы прыйдзецца набываць памежную страхоўку
2023.04.17 18:02

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў