У Карэліцкім і Наваградскім раёнах пачалі вучэнні «тэрытарыяльнай абароны» і «народнага апалчэння»


Ад 18 да 21 красавіка ў Наваградскім і Карэліцкім раёнах Гарадзенскай вобласці праходзяць камандна-штабныя вучэнні з сіламі тэрытарыяльнай абароны Беларусі, паведаміла Міністэрства абароны.

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін аглядае сілы «народнага апалчэння» на камандна-штабным вучэнні. Глівін, Беларусь. 12 красавіка 2023 года.
Фота: Ян Гарбанюк / «Ваяр»

Падчас вучэнняў збіраюцца адпрацаваць узаемадзеянне з сілавікамі і ратавальнікамі ў ахове цывільных аб’ектаў, у падтрыманні ваеннага стану, у барацьбе з дыверсантамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі.

Аляксандр Лукашэнка прыдумаў арганізаваць у Беларусі «тэрытарыяльную абарону» яшчэ летам 2021 года. Мяркуецца, што ў выпадку вайны ці масавых палітычных пратэстаў у «тэрабарону» будуць набіраць вайскоўцаў запасу – патэнцыйна могуць набраць да 120 тысяч чалавек, што ўдвая больш за рэгулярную армію. На «тэрабарону» могуць ускласці ахову парадку і ахову аб’ектаў, захады мабілізацыі, барацьбу з дыверсантамі і партызанскую барацьбу на акупаваных тэрыторыях, выкананне баявых задачаў разам з асноўным войскам.

На дадатак да «тэрабароны» пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўлады Беларусі надумалі стварыць «народнае апалчэнне». Лукашэнка задумаў нешта такое яшчэ ў часе пратэстаў 2020 года: раздаць зброю былым вайскоўцам, каб тыя «баранілі сваю сям’ю і сваю зямлю». У марах Лукашэнкі – каб 1,5–2 мільёны «нашых людзей» (імаверна, ягоных прыхільнікаў) былі здольныя выкарыстоўваць стралковую зброю.

Каментар
Новае правяранне боегатовасці арміі. Навошта яно Лукашэнку
2023.04.04 07:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў