Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком самаабвешчанай «ДНР»


Аляксандр Лукашэнка 18 красавіка прыняў у Менску Дзяніса Пушыліна – кіраўніка падкантрольнай Расеі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі», паведаміў ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі.

Кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 18 красавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

Візіт Дзяніса Пушыліна пазней пацвердзіла дзяржаўнае інфармагенцтва «БелТА». Паводле яго, Аляксандр Лукашэнка пытаў, што Беларусь можа зрабіць для Данецку, калі «ва ўмовах працягу ваенных дзеянняў, абстрэлаў мясцовым людзям жыць цяжкавата».

«Працы наперадзе вельмі шмат, – казаў Лукашэнка. – Трэба аднаўляцца. Трэба прамысловыя прадпрыемствы адраджаць, сельскую гаспадарку. У рэшце рэшт, людзі там жыць будуць. Гэта 100 %. І карміць людзей жа трэба. Таму мы гатовыя аказаць адпаведную дапамогу і падтрымку для таго, каб не чужыя нам людзі там нарэшце перасталі пакутаваць».

Лукашэнка заўважыў, што кіраўнік баевікоў «адносна добра ведае Беларусь». Пушылін у сваю чаргу адзначыў гасціннасць Лукашэнкі.

Абноўлена. Пушылін распавёў, што прыязджаў дамаўляцца пра «перспектыву, якая адкрыецца перад намі праз год, праз два, па заканчэнні спецыяльнай ваеннай аперацыі».

Колішні функцыянер фінансавай піраміды «МММ», Дзяніс Пушылін у 2014 годзе стаў спачатку намеснікам «народнага губернатара» часткі Данецкай вобласці пад кантролем прарасейскіх баевікоў, затым – кіраўніком «Вярхоўнай рады ДНР», але пайшоў у адстаўку і з’ехаў у Маскву, затым вярнуўся на Данбас у якасці «народнага дэпутата» і пазней – кіраўніка «Народнага савету ДНР». Быў прадстаўніком «ДНР» у трохбаковай кантактнай групе ў Менску. Заняў вярхоўную пасаду ў «ДНР» пасля забойства мінулага кіраўніка баевікоў Аляксандра Захарчанкі ў 2018 годзе. Пасля анексіі Расеяй акупаваных тэрыторыяў Украіны захаваў пасаду, але стаў звацца «часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка».

Гэта не першы візіт Пушыліна ў Беларусь у якасці кіраўніка «ДНР». У ліпені 2022 года ён прыязджаў у Берасце разам з амбасадарам Расеі і прадстаўніком партыі «Единая Россия». Але тады з Лукашэнкам не сустракаўся, хоць за тыдзень да таго Лукашэнка заяўляў, што «дэ-факта прызнае» самаабвешчаныя «рэспублікі» на Данбасе.

Агляд
Баі ў Бахмуце і Пуцін на Луганшчыне. Галоўнае пра вайну ва Украіне на ранак 18 красавіка
2023.04.18 11:45

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў