Чым замяніць пластыкавыя кветкі на Радаўніцу?


Кожны год на Радаўніцу беларусы нясуць на могілкі тоны пластыкавых кветак. Але ці не лепш нават з павагі да сваіх памерлых упрыгожваць іх магілы кветкамі жывымі? Аб тым, якая можа быць альтэрнатыва пластыкавым упрыгожанням на могілках, расказвае экалагічная арганізацыя «Экадом».

Шкоды больш, чым прыгажосці

Так, сапраўды, сёння прадаўцы прапануюць кветкі самых неверагодных гатункаў, памераў і колераў, якія могуць знешне выглядаць даволі прывабна.  На першы погляд здаецца, што, сапраўды, купіўшы кветкі пластыкавыя, вы можаце проста і нядорага аздобіць магілы сваіх блізкіх. Але, пагадзіцеся, чым больш «прыгожыя» кветкі, тым вышэйшая іх цана. У дадатак да ўсяго – шкоды ад такіх букетаў невымерна больш, чым хараства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца фота: greenbelarus.info

У саставе штучных кветак могуць быць і пенапласт, і латэкс, і поліэстэр, і арганза, і штучныя фарбавальнікі, якія разам з дажджом змываюцца ў тым ліку і на магілы блізкіх вам людзей. Пасля таго як такія кветкі «адслужылі» сваё, іх вельмі цяжка ўтылізаваць, а значыць, шкодныя рэчывы трапляюць у глебу, ваду і паветра.

Штогод на палігоны цвёрдых бытавых адходаў адпраўляецца каля 1 мільёна штучных кветак, што раўназначна дзясяткам тон пластыку. Тэрмін іх раскладання – ад 100 да 500 гадоў, другаснай перапрацоўцы яны не падлягаюць. Больш за тое, пры спальванні гэтага смецця ў паветра выкідваюцца цяжкія металы і дыяксіны, шкодныя для здароўя людзей, асабліва дзяцей.

Негатыўна ставяцца да пластыкавых кветак і прадстаўнікі царквы, бо стракатыя колеры штучнай «расліннасці» не супастаўляльныя з атмасферай могілак як сакральнага месца. Дык ці не прасцей, танней і экалагічней будзе пасадзіць кветкі жывыя?

Якія кветкі пасадзіць на могілках?

Зразумела, што больш практычна высадзіць шматгадовыя расліны, не патрабавальныя да ўмоваў і ўстойлівыя да засух і маразоў.

Дывановыя расліны будуць прыгожа сцяліцца па зямлі і пры гэтым душыць так званае пустазелле – што, натуральна, спрасціць вам догляд за магіламі. Добра падыйдуць барвінак, які пераносіць цень і непатрабавальны да складу грунту; гваздзіка травянка з малінавыммі, чырвонымі або чырвона-белымі кветачкамі; гарлянка паўзучая, іберыс.

Злева – барвінак, справа – гваздзіка травянка. Фота мае ілюстрацыйны характар

Таксама падыдуць для высаджвання на могілках хмызнякі – у першую чаргу для аздаблення перыметру магілы. Найчасцей абіраюць для гэтых мэтаў барбарыс, шыпшыннік, гартэнзію, язмін або хмызняковыя ружы Alexandre Girault, Blushing Bride, Maria Liesa. Праўда, трэба ўлічваць, што для руж трэба больш пажыўная глеба, таму яны могуць прыжыцца не ўсюды. Але ж чаму не паспрабаваць?

Злева – верас, справа – ружа Blushing Bride. Здымак мае ілюстрацыйны характар

Не трэба выключаць таксама і сезонныя кветкі. З магчымых варыянтаў лепш за ўсё спыніць свой выбар на мнагалетніках. Касачы, незабудкі, нарцысы, стакроткі прыдадуць хараства і, відавочна, будуць радаваць вока нашмат лепш, чым любыя глітарна-стракатыя пластыкавыя займеннікі. Можна таксама высадзіць кветкі пад розны сезон: выбірайце бягоніі, прымулы, фіялкі, цюльпаны – для вясны; сухацвет, афаналіс і лаванду – для лета; а ўвосень квітнеюць аксаміткі і верас. Таксама для аздаблення можна выкарыстоўваць мох, плюшч і нізкарослыя дрэвы – варыянтаў можа быць сапраўды багата. І ўсе яны, безумоўна, будуць радаваць ваша вока, што вам наўрад ці захочацца пасля гэтага забруджваць магілы блізкіх танным і шкодным пластыкам.

РШ belsat.eu

Стужка навінаў