Аляксандр Класкоўскі: Рызыка ўступлення Беларусі ў вайну ўзрастае


Сёння Аляксандр Лукашэнка прыняў у Менску кіраўніка самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Дзяніса Пушыліна. Мы спыталі ў палітычнага аналітыка @pozirkonline Аляксандра Класкоўскага, што азначае гэты візіт і якое значэнне ён будзе мець уласна для Беларусі.

Пуцін «нахіляе» Лукашэнку

Аналізуючы прычыны візіту, Аляксандр Класкоўскі адзначыў, што, на ягоную думку, «Крэмль такім чынам падкрэслівае васальны статус Лукашэнкі і прымушае яго дэ-факта прызнаць анексаваныя тэрыторыі, так званыя народныя рэспублікі. І відавочна, што Лукашэнку гэта было некамфортна, і ён адкручваўся ад гэтага».

Кіраўнік прарасейскай «ДНР» Дзяніс Пушылін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 18 красавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

У сувязі з гэтым наш суразмоўца прыгадаў, што ў ліпені мінулага года Пушылін ужо прыязджаў у Беларусь, але Лукашэнка тады не сустракаўся з ім. Пушыліну давялося задаволіцца паездкай у Берасце і ўскласці кветкі, зрабіўшы прамову пра подзвіг «расейскага салдата». «Лукашэнка тады дыстанцыяваўся ад гэтага адыёзнага прадстаўніка «рускага свету», – кажа палітаглядальнік. –   Толькі нейкія мясцовыя чыноўнікі трэцяга рангу яго [Пушыліна] суправаджалі. Але гэта ўжо быў кепскі знак для Лукашэнкі».

Аналітыка
«Пачатак пакладзены». Што стаіць за візітам у Беларусь кіраўніка «ДНР», і чаму яго ігнаруе Лукашэнка
2022.07.28 17:18

Пазней, у верасні 2022 года, адзначае Класкоўскі, Лукашэнку пасля сустрэчы з Пуціным у Сочы давялося з’ездзіць у Абхазію. Гэты візіт дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА і іншыя праўладныя беларускія медыі асвятлялі так, каб не згадваць слова «Абхазія». Як успамінае палітолаг, яны пісалі, што «Лукашэнка наведаў памятныя мясціны ўзбярэжжа Чорнага мора і сустрэўся з нейкім грамадзянінам Асланам Бжанія, таксама без тытулу. Дык вось не так даўно, – працягвае Аляксандр Класкоўскі, – той самы Бжанія прылятаў у Менск, і Лукашэнка адкруціцца не мог, хаця таксама было відаць, што ён не ў вялікім захапленні ад гэтай сустрэчы, бо недзе збоку пасадзіў гэтага абхазскага госця як свайго падначаленага, які прыйшоў да яго з дакладам».

Прыезд Пушыліна ў Менск, паводле меркавання Класкоўскага, – гэта наступны этап для Лукашэнкі. «Я думаю, што, канечне, як за візітам Бжаніі ў Менск, так і за цяперашнім візітам Пушыліна стаіць воля самога Пуціна. Ён такім чынам, кажучы слэнгам Лукашэнкі, «нахіляе» беларускага правадыра, якога, канечне, лічыць у душы васалам, хоць уголас гаворыцца нібыта пра раўнапраўныя дачыненні і братнюю інтэграцыю», – адзначае наш суразмоўца.

Трывожны званочак

У сувязі з гэтым візітам, лічыць Аляксандр Класкоўскі, рызыка ўцягвання Беларусі ў вайну ўзрастае. Бо калі не юрыдычна, то фактычна Лукашэнка такім чынам прызнае самаабвешчаную «Данецкую народную рэспубліку».

«І калі пачнецца той самы ўкраінскі контрнаступ і ўкраінскія войскі пачнуць вызваляць нейкія раёны так званых ЛНР-ДНР, можа, нават у Крым уварвуцца, тады Масква можа сказаць Лукашэнку: ну, давай, абараняй, гэта ж частка Саюзнай дзяржавы, ты ж дэ-факта ўсе гэтыя рэаліі прызнаў», – гаворыць палітычны аглядальнік.

Нягледзячы на тое, што на сённяшняй сустрэчы Лукашэнка на першы план высоўваў гуманітарныя матывы, не кажучы нічога пра палітыку і падкрэсліваючы, што на акупаваных Расеяй тэрыторыях жывуць «не чужыя нам людзі», якім трэба дапамагаць, тым не менш ён выдатна разумее, што яго такім чынам заганяюць у кут.

Ці ёсць сэнс хвалявацца прызыўнікам?

Усё вельмі непрадказальна, лічыць палітолаг, і пагроза наўпроставага ўцягвання Беларусі ў вайну са сваім войскам вісіць у паветры. Хаця Лукашэнка не хоча гэтага рабіць, бо разумее, якімі цяжкімі палітычнымі наступствамі яму пагражае прыняцце такога рашэння. Але «адкруціцца» Лукашэнку, паводле словаў Класкоўскага, будзе цяжка.

Палітолаг гаворыць, што шмат што будзе залежаць ад украінскага контрнаступу. «Калі Пуціну прыпячэ і стане зусім кепска, то ён можа вырашыць, што пара ўжо кідаць у бой беларускае гарматнае мяса. Дагэтуль Лукашэнка адкручваўся і тлумачыў тым, што нам трэба прыкрываць расейскіх братоў ад удараў у спіну, ад праклятых натаўцаў. Думаю, што тэт-а-тэт ён казаў і пра іншыя матывы: што ў войска няма імпэту ваяваць з Украінай і насельніцтва вельмі негатыўна ўсё гэта ўспрымае, і што ўвогуле лепей, каб Беларусь была палігонам, плацдармам і зборачным цэхам для Расеі». Напэўна, да некаторага часу гэтыя аргументы маглі ўздзейнічаць на Пуціна, але як будзе цяпер, сказаць цяжка, «бо мы бачым, што крамлёўскі ўладар здольны на абсалютна нерацыянальныя рашэнні», – рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі.

Пажар у адным з раёнаў гораду. Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна. 27 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

Ці будзе Беларусь карміць ДНР?

Падчас сустрэчы з Пушыліным Лукашэнка адзначыў, што «трэба прамысловыя прадпрыемствы адраджаць, сельскую гаспадарку. Урэшце, там людзі жыць будуць. Гэта 100 адсоткаў. І карміць жа людзей трэба». Мы спыталі ў нашага суразмоўцы, ці значыць гэта, што ў ДНР неўзабаве пачнуць шырока пастаўляцца харчы?

Аляксандр Класкоўскі адзначыў, што Лукашэнка не супраць зарабіць грошай на такіх узаемадачыненнях. Бо, як вядома, сёння ў Беларусі назіраюцца праблемы з рынкамі збыту. Пагатоў, наколькі можна зразумець, сітуацыя з таварамі ў гэтых самаабвешчаных рэспубліках не вельмі добрая. Таму варта чакаць, што ў хуткім часе туды будуць пастаўляцца і беларускія прадукты і тавары шырокага спажывання, «бо там народ, напэўна, не раскошна жыве і будзе рады нават сціпламу беларускаму тавару».

Ці будзе рэакцыя Кіева?

Палітычны аглядальнік лічыць, што Кіеў, хутчэй за ўсё, выкажа незадаволенасць праз пэўных афіцыйных асобаў. Але на рэзкія крокі, на думку суразмоўцы, не пойдзе.

«Мы бачым, што ад самага пачатку гэтай шырокамаштабнай вайны Кіеў вядзе вельмі прагматычную лінію, якую можна назваць realpolitik, то бок ні ў якім разе не справакаваць Лукашэнку на ўступленне ў вайну. Гэта, можа, і трохі наіўнае ўяўленне, але, з гледзішча ўкраінцаў, усе метады добрыя, калі гаворка вядзецца пра выжыванне краіны», – адзначае палітолаг.

Таму, на думку аглядальніка @pozirkonline, наўрад ці Украіна будзе «цвяліць Лукашэнку такімі рэзкімі крокамі. Дый якія можна зрабіць рэзкія крокі? Гандлю паміж дзвюма краінамі фактычна няма, а абстрэльваць беларускую тэрыторыю яны з-за гэтага, канечне, не пачнуць».

Таксама Класкоўскі сумняецца, што Кіеў можа зрэагаваць на візіт Пушыліна ў Менск адкліканнем свайго пасла з Беларусі. Нягледзячы на тое, што такая ініцыятыва прапаноўваецца шэрагам украінскіх дэпутатаў у Вярхоўнай Радзе, ім даводзяць, што ў першую чаргу амбасадар у Менску патрэбы для выканання гуманітарных функцыяў: для абмену ваеннапалоннымі, вырашэння лёсу ўкраінцаў, якія апынуліся ў Беларусі, і іншых. Таму, адзначае палітолаг, Кіеў наўрад ці пойдзе на падобны крок.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў