Як палітычны актывіст здолеў уцячы ад КДБ. Расказваем гісторыю сябра «Моладзевага блоку»


Мікіту Краснакуцкага затрымаў КДБ, але замест СІЗА прапанаваў яму супрацу. Маладзён не пагадзіўся, а здолеў уцячы на свабоду. Цяпер, калі хлопец у бяспецы, ён распавёў «Белсату» сваю гісторыю.

Затрымалі за план «Перамога»

Мікіта Краснакуцкі – даўно вядомы ў Беларусі актывіст. У 2016 годзе ён далучыўся да працы «Моладзі БНФ», пазней – да «Моладзевага блоку», а з 2020 года – актыўны сябра партыі БСДГ. На прэзідэнцкіх выбарах быў даверанай асобай Сяргея Чэрачня. Хлопца садзілі на содні падчас пратэстаў 2017 года, але не затрымоўвалі ані ў 2020, ані ў 2021 годзе. «Я не апошні чалавек у партыі БСДГ, кіраўнік менскай ячэйкі, шмат займаўся арганізацыяй праектаў у партыі. Таму, думаю, гэты статус мяне ў пэўным сэнсе бараніў», – распавядае Мікіта.

Мікіта Краснакуцкі. Фота прапанаванае рэдакцыі

Усё змянілася 4 красавіка 2022 года. Тады да Мікіты дадому з ператрусам прыйшлі сілавікі. Знайшлі БЧБ-сцяг, налепкі ды кнігу Уладзіміра Някляева. На шчасце, хлопца не білі. У кватэры была матуля, да яе таксама добра ставіліся. «Маё затрыманне не было звязанае з маёй палітычнай дзейнасцю, – тлумачыць Мікіта. – У мяне актыўна пыталі, ці ўдзельнічаю я ў плане «Перамога». Увогуле, пратакол быў паводле артыкулу за здраду радзіме і хуліганства. Гэтыя артыкулы зараз шыюць за ўдзел у «рэйкавай вайне». Таксама я падпісаны на розныя Telegram-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі. Ужо пазней у іх узніклі пытанні наконт «Моладзевага блоку».

Ультыматум КДБ

Мікіту паставілі ўмову: або ён будзе здаваць сваіх паплечнікаў, або ідзе паводле крымінальнага артыкулу.

«Мне сказалі, што аніхто не павінен ведаць пра нашую дамоўленасць. Была ўстаноўка: працягвай жыць сваім жыццём, але мы будзе сачыць за тваімі сацсеткамі. У іх быў доступ да маёй пошты і Telegram, кадэбэшнікі проста паралельна там былі».

Гісторыі
Унук супрацоўніка КДБ ідзе ваяваць за Украіну. Паразмаўлялі з хлопцам пра дзеда і рашэнне ўзяцца за зброю
2022.04.14 15:07

Мікіта літаральна на наступны дзень перадаў сябрам праз бяспечныя крыніцы, што за ім сочаць. Некалькі дзён думалі, што рабіць у такой сітуацыі.

«У КДБ была ўмова – яны хацелі прысутнічаць на адной з планёрак «Моладзевага блоку». Але я папярэдзіў пра гэта сваіх паплечнікаў. Таму мы проста сімулявалі планёрку, сядзелі, нічога не рабілі. На наступны дзень я адчуў, што яны расслабіліся, і вырашыў эвакуявацца», – кажа Мікіта.

Яму вельмі пашанцавала: перад самім ператрусам ён здолеў зрабіць новы біяметрычны пашпарт, а пры вобшуку ў яго забралі толькі ID-картку, якая патрэбная для ўнутранага карыстання ў Беларусі. Таму Мікіта змог легальна пакінуць Беларусь.

Эвакуацыя

Ён вырашыў рухацца бяспечным шляхам: Масква – Уладзікаўказ – Грузія. Хлопец пакінуў свой тэлефон у хаце, узяў адзін невялічкі заплечнік і пайшоў на маршрутку да Масквы. Пра план эвакуацыі ведалі толькі сябры за мяжой. Хлопец не паведаміў, куды накіроўваецца, нават матулі.

Аніякіх перашкодаў на ягоным шляху не ўзнікла: да Масквы, Уладзікаўказу, а потым і Тбілісі ён дабраўся без перашкодаў. Мікіта распавядае, што на расейска-грузінскай мяжы было вельмі шмат украінцаў, якія ўцякаюць ад вайны. Таму нават было дзве чаргі: адна для грамадзянаў Украіны, а другая для іншых.

Від на Тбілісі, Грузія.
Фота: Piotr Pogorzelski / Белсат

«Усё было спакойна, расейскія памежнікі толькі здзівіліся, пабачыўшы мой новы беларускі пашпарт», – прыгадвае хлопец.

Але беларускі КДБ пра Мікіту не забыў. Калі ён быў у Маскве, то выйшаў з усіх сваіх акаўнтаў у сацсетках і змяніў пароль. Яму напісалі ў Telegram: «Ты добра падумаў?»

«Таксама тэлефанавалі мне на працу і да матулі, казалі, што можна прыйсці і забраць мае сканфіскаваныя рэчы. Мама нават хацела пайсці, але я здолеў яе ўгаварыць».

Жыццё з нуля

Праз уцёкі Мікіта страціў працу, бо працаваў сістэмным адміністратарам на беларускую кампанію, у якой былі толькі беларускія кліенты. Цяпер ён спрабуе зразумець, як яму будаваць сваё жыццё з нуля.

У Тбілісі спрабуе знайсці працу ў IT. Далей глядзіць у бок Еўразвязу, перадусім Польшчы. «Калі я прыехаў у Тбілісі, то некалькі дзён не адчуваў, што я з’ехаў з Беларусі. Калі ў дарозе засынаў, то думаў, што прачнуся ў Менску ў сваім ложку. Але цяпер прыходзіць пакрысе разуменне, што вось гэта – мая рэчаіснасць, і трэба рухацца наперад. Намагаюся нешта рабіць, каб не скочвацца ў дэпрэсію і сумныя думкі», – кажа хлопец.

Гісторыі
У пошуках дома: мультыкультурная рэальнасць новых беларускіх намадаў
2022.04.13 16:09

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў