Мабілізацыя ў Паўночнай Карэі: за содні ў армію запісаліся больш за 800 тысяч чалавек


У пятніцу, 17 сакавіка, каля 800 тысяч студэнтаў і працоўных з усіх куткоў Паўночнай Карэі выказалі жаданне ўступіць ва ўзброеныя сілы, каб змагацца супраць ЗША, паведамляе CNN са спасылкай на паўночнакарэйскую газету Rodong Sinmun.

Армія Паўночнай Карэі.
Фота: KCNA/AP/FILE

Медыі КНДР сцвярджаюць, што добраахвотнікі, якія запісваюцца ў армію, «з энтузіязмам патрабуюць адправіць іх на перадавы край вялікай вайны за нацыянальнае аб’яднанне», дзе яны будуць «бязлітасна знішчаць мілітарыстаў, якія прадпрымаюць апошнія спробы знішчыць каштоўную сацыялістычную радзіму».

Навіна пра такую масавую мабілізацыю з’явілася пасля таго, як 16 сакавіка Паўночная Карэя запусціла міжкантынентальную балістычную ракету Hwasong-17 у адказ на сумесныя вайсковыя вучэнні ЗША і Паўднёвай Карэі. Ракета была выпушчаная ў мора паміж Карэйскай паўвыспай і Японіяй, за некалькі гадзін да таго, як прэзідэнт Паўднёвай Карэі вылецеў у Токіа на саміт, дзе абмяркоўвалася супрацьдзеянне Паўночнай Карэі.

Рэзалюцыямі Рады бяспекі ААН Паўночнай Карэі забаронена выпускаць балістычныя ракеты, таму такія дзеянні выклікалі асуджэнне ўрадаў Сеула, Вашынгтона і Токіа.

Сумесныя вучэнні ЗША і Паўднёвай Карэі «Шчыт свабоды 23» распачаліся ў панядзелак 13 сакавіка. У такім маштабе вучэнні не праводзіліся з 2017 года. Яны праходзяць з мэтай супрацьдзеяння пагрозе з боку Паўночнай Карэі і будуць цягнуцца 11 дзён. Паўднёвая Карэя і ЗША непакояцца, што неўзабаве КНДР распачне чарговыя ядравыя выпрабаванні.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў