З часу апошняй аблавы на сем’і палітвязняў служба эвакуацыі BySol вывезла з Беларусі больш за 35 чалавек, паведаміў «Нашай Ніве» яе кіраўнік Андрэй Стрыжак.
«Пасля таго, як сілавікі пайшлі па сваяках палітвязняў, адбыўся ўсплёск. За гэтыя тры тыдні было вывезена больш за 35 чалавек. А калі глядзець на статыстыку, то ва ўмоўна спакойным часе цягам трох тыдняў было б чалавек 10-15», – кажа Андрэй Стрыжак.
Ён вылучыў пэўныя асаблівасці апошняй хвалі эвакуацыі. Адна з іх у тым, што сярод эвакуяваных было «шмат людзей, якія яшчэ раніцай былі ўпэўненыя, што ў іх жыцці нічога не змянілася, а ўжо вечарам былі на эвакуацыйнай трасе».
«То-бок у людзей банальна не было часу, каб падрыхтавацца і нармальна сабрацца. Іншая спецыфіка складалася з таго, што было шмат эвакуацый семʼямі. Людзі былі вымушаныя зʼязджаць як з малымі дзецьмі, так і са старымі бацькамі», – адзначыў Стрыжак.
Праз гэта была вялікая разбежка па ўзросце эвакуяваных: самым маладым – менш за 10 гадоў, самым дарослым – больш за 60.
Падчас масавага рэйду сілавікоў напрыканцы студзеня пад пераслед трапілі сама меней 257 чалавек, большасць з іх – жанчыны. З пачатку лютага пад судовы пераслед за паводле арт. 24.15 КаАП трапілі прынамсі 65 чалавек, паведамляюць праваабаронцы.
Прычынай стала дапамога ў выглядзе прадуктовых перадач, якую сем’і палітвязняў атрымлівалі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY. Многія затрыманыя падчас аблавы – непублічныя пажылыя жанчыны, не сваякі палітвязняў і не грамадскія актывісты, яны проста дапамагалі тым ці іншым чынам.
Характэрнай рысай стала тое, што многім затрыманым не вярнулі пашпартоў – імаверна для таго, каб людзі не маглі легальна выехаць з краіны і баяліся размаўляць з праваабаронцамі ды медыя.
Ася Саковіч belsat.eu