Прарасейскія актывісты заклікалі накручваць галасы супраць беларускіх дзеячаў. Беларусы адказалі


Прарасейскія актывісты спрабавалі накруціць галасы супраць імёнаў выбітных беларусаў. За некалькі гадзін беларусы абнулілі вынікі іхнай працы за апошнія пяць дзён, заўважыла «Наша Ніва».

Няміга. Менск, Беларусь. Фота носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Адміністрацыя Ленінскага раёна Менску вынесла на абмеркаванне пытанне наймення прыпынкаў грамадскага транспарту. 14 лютага ў тэлеграм-канале «Белоруска «топит» з’явіўся допіс, у якім прарасейская актывістка абурылася, што былі прапанаваныя імёны кампазітара Станіслава Манюшкі і географа Аркадзя Смоліча, у гонар якіх названыя суседнія вуліцы.

Тэлеграм-канал заклікаў сваіх прыхільнікаў галасаваць супраць Манюшкі і Смоліча. Яе заклік перапосціла інфаказачка Вольга Бондарава.

За гэтыя дні ім удалося сабраць больш за тысячу галасоў супраць, што складала каля 81% ад агульнай колькасці галасоў.

На дзіўнае галасаванне звярнулі ўвагу ў сацыяльных сетках, палічыўшы, што галасы свядома накручваліся дзеля патрэбнага выніку.

Падазронымі выглядалі аднолькавыя працэнты галасоў супраць, чаго звычайна не бывае ні ў якіх галасавання па любой тэме, а таксама надзвычайная цікаўнасць да галасавання, дзе ўсяго толькі пыталіся меркавання наконт назвы прыпынкаў на праектаваных вуліцах, размяшчэнне якіх нікому не вядомае. Звычайна апытанні па больш вострых тэмах на дзяржаўных сайтах не набіраюць і пары соцень галасоў.

Абураныя беларусы заклікалі галасаваць за імёны Манюшкі і Смоліча, каб «не даць падняць беларусафобам галавы ў краіне».

За некалькі гадзін перавага на сайце змянілася – цяпер больш за 50% галасоў падтрымліваюць назвы прыпынкаў у гонар славутых беларусаў. Галасаванне працягваецца.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў