Пуціна западозрылі ў планах выкарыстоўваць беларускі ВПК для вайны ва Украіне


Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны мяркуе, што Уладзімір Пуцін хоча выкарыстоўваць ваенна-прамысловы комплекс Беларусі, каб узмацніць сваю армію для зацяжной вайны ва Украіне. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка вымушаны ісці на саступкі, напісалі аналітыкі інстытуту ў чарговай справаздачы.

Цэх 558-га авіярамонтнага заводу ў Баранавічах.
Фота: 558arp.by

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін важыцца задзейнічаць беларускі ВПК дзеля ўзмацнення сваёй арміі. Яму гэта патрэбна на выпадак зацяжной вайны ва Украіне, гаворыцца ў справаздачы Інстытуту вывучэння вайны.

17 лютага на сустрэчы з Пуціным Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатовасць выпускаць у Беларусі штурмавікі Су-25 пры ўмове перадачы тэхналогіяў, а таксама прапанаваў вырабляць электронныя кампаненты для Расеі замест страчанага заходняга імпарту.

Аналітыкі ISW не выключаюць, што Крэмль рэквізуе беларускія заводы, каб пераабсталяваць іх дзеля выпуску тэхнікі, патрэбнай для расейскай арміі. Таксама верагодны варыянт, што вытворчасць Су-25 сапраўды перанясуць у Беларусь, а на вызваленых пляцоўках Расея наладзіць выпуск іншай вайсковай прадукцыі.

Лукашэнка такім чынам расплачваецца за тое, што адмовіўся дасылаць беларускіх вайскоўцаў ва Украіну, адзначаюць эксперты. Гэтыя саступкі сведчаць пра рашучасць палітыка перадухіліць наўпроставы ўдзел беларускай арміі ў вайне.

На сустрэчы з журналістамі ў Менску 16 лютага Лукашэнка зрабіў некалькі супярэчлівых заяў. Ён сказаў, што гатовы ўступіць у вайну на баку расейцаў, калі з Украіны «хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей», але пры гэтым запэўніваў, што «ні ў якім разе не збіраецца ўводзіць свае войскі на тэрыторыю Украіны».

Hавiны
Зяленскі: Дазвол для Расеі напасці з Беларусі на Украіну будзе «велізарнаю памылкаю»
2023.02.17 09:19

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў