Беларускі рубель ужо месяц падае да долара і еўра. Спыталі эканаміста, чаму


Мінус амаль 7 % да долара і амаль 6 % да еўра – так змяніўся курс беларускага рубля за месяц. Долар і еўра ў Беларусі выйшлі на максімум за дзесяць месяцаў. Што адбываецца ў беларускай эканоміцы, «Белсату» растлумачыў эканаміст Леў Львоўскі.

Фота: Белсат

17 студзеня 2023 года курсы Нацыянальнага банку былі такія: за долар – 2,6162 беларускага рубля, за еўра – 2,8315 рубля, за 100 расейскіх – 3,8459. За месяц беларускі рубель заўважна ўпаў да долара (на 6,95 %, да 2,7982) і еўра (на 5,75 % да 2,9944), але не так моцна вырас да расейскага (на 2,1 % да 3,7649 беларускіх рублёў за 100 расейскіх).

Цягам 2022 года беларускі рубель істотна падаў да долара і еўра пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне (даходзіла да 3,9 рубля за долар і 4,2 рубля за еўра), але неўзабаве стабілізаваўся на ўзроўні 2,4–2,7 рубля за долар і 2,4–2,8 рубля за еўра. Да расейскага беларускі рубель спачатку ўзляцеў да таго, што 100 расейскіх куплялі ў абменніках у адзін момант усяго за 1,75 беларускага, а потым упаў аж да 4,88 беларускага за 100 расейскіх паводле Нацбанку, ды затым паступова ўзмацняўся.

У абменніках цяпер просяць за долар як мінімум 2,8 рубля, за еўра – прынамсі 2,995 рубля (а часцей – 3 і больш), за 100 расейскіх – ад 3,78 беларускага. З чым звязанае падзенне беларускага рубля да долара і еўра?

Аналітыка
Ці скокне курс беларускага рубля? Разбіраем, ад чаго ён залежыць і ці прывязаны да Расеі
2022.07.27 20:49

Старэйшы навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC, эканаміст Леў Львоўскі тлумачыць «Белсату»: цяпер галоўным гандлёвым партнёрам Беларусі з’яўляецца Расея, пры чым яе доля ў знешнегандлёвым абароце за апошні год моцна павялічылася і, хутчэй за ўсё, цяпер даходзіць да 70 %. Дакладнай свежай статыстыкі няма, але ў 2022 годзе краіны Садружнасці незалежных дзяржаваў давалі 65 % гандлёвага абароту, і звычайна Расея давала каля 90 % імпарту з СНД і каля 70 % экспарту ў СНД.

«Гэта адбылося як праз скарачэнне гандлю з Еўразвязам і страты ўкраінскага рынку, так і праз перанакіраванне часткі тавараў, якія раней ішлі ў гэтыя юрысдыкцыі на расейскі рынак, – тлумачыць Львоўскі рост долі Расеі ў беларускім вонкавым гандлі. – Пры такой гандлёвай залежнасці трэба зважаць у першую чаргу на ўзаемаадносіны з расейскім рублём.

За апошні месяц беларускі рубель адужэў да расейскага, але ўсё яшчэ не дасягнуў перадваенных узроўняў, а вось расейскі рубель пачаў слабець у адносінах да долара і еўра, і гэты трэнд пераважыў умацаванне беларускага рубля да расейскага. У выніку мы і бачым, як еўра і долар паступова ўмацоўваюцца да беларускага рубля».

За месяц беларускі рубель таксама ўпаў на 6,4 % да ўкраінскай грыўны, на 5,4 % – да фунту стэрлінгаў, на 4,8 % – да кітайскага юаню, на 3,9 % – да польскага злотага.

Аналітыка
Як беларусы распараджаліся банкаўскімі ўкладамі на фоне пандэміі, пратэстаў і вайны
2023.02.03 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў