Міжнародны алімпійскі камітэт шукае незалежных аналітыкаў з добрай рэпутацыяй, каб паўторна праверыць беларускіх і расейскіх спартоўцаў, якія ўжо прайшлі адбор на Алімпійскія гульні ў Парыжы.
Пра гэта паведаміў прадстаўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту Марк Адамс.
«Магу толькі ў агульных рысах сказаць, бо не ведаю ўсіх дэталяў. Мы ў працэсе пошуку і прызначэння незалежных аналітыкаў з добрай рэпутацыяй, якія правераць кожнага з гэтых спартоўцаў. Людзі, якія кваліфікаваліся, ужо прайшлі адну праверку, але МАК правядзе другую з удзелам незалежных арганізацый», – адзначыў прадстаўнік МАК.
Нагадаем, што 8 снежня 2023 года Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў беларускіх і расейскіх спартоўцаў да ўдзелу ў Алімпіядзе 2024 года ў Парыжы, аднак толькі пры ўмове выступу ў нейтральным статусе. Украіна выступіла з асуджэннем гэтага рашэння.
У рашэнні таксама адзначалася, што на афіцыйных пляцоўках Алімпійскіх гульняў спартоўцам з Беларусі і Расеі нельга будзе дэманстраваць сцягі ці спалучэнні нацыянальных колераў і іншыя сімвалы сваіх краінаў, а таксама выконваць свой дзяржаўны гімн. У Парыж не будуць запрошаныя і акрэдытаваныя як расейскія, так і беларускія чыноўнікі.
Акрамя таго, было абвешчана, што на Алімпіяду нават у нейтральным статусе не дапусцяць спартоўцаў, якія выказваліся ў падтрымку ўварвання Расеі ва Украіну, а таксама звязаныя з ваеннымі ці сілавымі структурамі ў Расеі ці Беларусі.
Станам на 14 снежня МАК дапусціў да ўдзелу ў Алімпіядзе шасцярых расейцаў і пяцярых беларусаў. Пры гэтым 4 студзеня 2024 года стала вядома, што ніводзін нейтральны спартовец не возьме ўдзелу ў зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць з 19 студзеня па 1 лютага ў Паўднёвай Карэі.
Раман Шавель belsat.eu