Аўстрыя падтрымала 12-ы пакет санкцыяў Еўразвязу ў дачыненні Расеі пасля таго, як Украіна выключыла аўстрыйскі «Raiffeisen Bank International» са спісу «міжнародных спонсараў вайны». Пра гэта паведамляе «Reuters» са спасылкай на дыпламата ЕЗ.
Раней Аўстрыя блакавала ўхваленне 12-га пакету антырасейскіх санкцыяў, настойваючы на выдаленні «Raiffeisen Bank International» з украінскага спісу «міжнародных спонсараў вайны», куды банк трапіў за шчыльныя сувязі з Расеяй. Гэты чорны спіс не прадугледжвае юрыдычных абмежаванняў, ён хутчэй разлічаны на рэпутацыйныя страты для заходніх кампаніяў, што працягваюць весці бізнес у РФ.
Цяпер на сайце Нацыянальнага агенцтва ў пытаннях перадухілення карупцыі Украіны статус банку «прыпынены». Зроблена гэта, як тлумачыцца, на перыяд двухбаковых кансультацыяў з Еўракамісіяй.
Пасля выключэння банку з чорнага спісу Аўстрыя адклікала свае пярэчанні наконт 12-га пакету санкцыяў супраць Расеі, адзначае «Reuters».
12-ы пакет санкцыяў супраць Расеі яшчэ афіцыйна не апублікаваны, але ён быў прынцыпова ўхвалены на саміце ЕЗ у Бруселі 14–15 снежня. Як паведаміла выданне «Politico», у галасаванні аб гэтым пытанні канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр не ўдзельнічаў. Выданне патлумачыла гэта «збегам акалічнасцяў»: нібыта ў момант галасавання канцлер выйшаў з залы, каб паразмаўляць з Урзуляю фон дэр Ляен. Такое супадзенне «Politico» ахарактарызавала як іранічнае, улічваючы, што прыняцце 12-га пакету санкцыяў тармазіла якраз Аўстрыя.
Чакаецца, што ў 12-ы пакет санкцыяў увойдзе забарона на імпарт алмазаў з Расеі са студзеня 2024 года і паэтапная забарона на імпарт расейскіх алмазаў, апрацаваных у трэціх краінах, з сакавіка 2024-га. Таксама ў новы пакет залучылі патрабаванне да еўрапейскіх кампаніяў падаваць доказы таго, што яны прытрымліваюцца цэнавай столі на расейскую нафту.
Глеб Нержын belsat.eu