«Лепш паведаміць». У МУС распавялі, што чакае тых, хто мае замежныя дакументы


Начальнік дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун патлумачыў выданню «Сельская газета» пазіцыю ўладаў наконт наяўнасці ў беларусаў замежных дакументаў (карта паляка, від на жыхарства ў іншай краіне, замежнае грамадзянства).

Бягун падкрэсліў, што пазбаўляць грамадзянства, калі чалавек не паведаміў уладам пра наяўнасць у яго замежных дакументаў, не плануецца.

«Гэта фэйк. Акрамя таго, у інтэрнэце распаўсюджваецца лжывая інфармацыя, што беларусаў не будуць выпускаць за мяжу, калі яны не апавясцілі адпаведныя органы аб наяўнасці дакументаў, выдадзеных у іншых краінах. І гэта няпраўда.

Усё проста: у тэрытарыяльным падраздзяленні грамадзянства і міграцыі трэба запоўніць бланк апавяшчэння згодна з супольнай пастановай МУС і МЗС, а таксама прыкласці ксеракопію замежнага дакумента. Заява лічыцца прынятай. Пазбаўляць беларускага грамадзянства ніхто не будзе», – заявіў прадстаўнік МУС.

Каментар
Пастанова пра дазвол на выезд трэба, каб беларусы даносілі на сябе. Гэта абавязкова?
2023.11.23 18:58

Бягун сказаў, што калі чалавек паведаміць уладам пра грамадзянства замежнай дзяржавы, то для яго «ніякіх прававых наступстваў не будзе».

«Мэта новаўвядзення – сабраць праўдзівую інфармацыю аб тым, дзе пражываюць нашыя грамадзяне. Да 2002 года за наяўнасць замежнага грамадзянства людзі аўтаматычна гублялі беларускае. Цяпер дыяметральна супрацьлеглая норма: грамадзянства іншых краінаў на тэрыторыі нашай не прызнаецца, калі ў вас ёсць беларускае.

Лепш паведаміць своечасова, бо цяпер прапрацоўваецца ўвядзенне пэўных захадаў супраць тых, хто праігнаруе патрабаванне закону», – падкрэсліў ён.

Пры гэтым прадстаўнік МУС не ўдакладніў, што гэта могуць быць за захады.

Hавiны
Улады вызначылі, якім чынам беларусы мусяць паведамляць пра наяўнасць замежных дакументаў
2023.08.08 10:18

Нагадаем, абноўлены закон «Аб грамадзянстве» набыў моц 11 ліпеня. У адпаведнасці з гэтым дакументам, беларусы абавязаныя паведамляць дзяржаўным органам пра атрыманне замежнага грамадзянства, дазволу на жыхарства або іншых дакументаў, што даюць ільготы і прэферэнцыі ў іншых краінах.

Восенню пры выездзе з тэрыторыі Беларусі памежнікі пачалі правяраць, ці паставілі беларусы на ўлік у МУС свой ВНЖ або пашпарты іншых краінаў. У сеціве пачала распаўсюджвацца інфармацыя, што беларусаў, якія не паведамілі пра наяўнасць дазволу на жыхарства ці грамадзянства іншай краіны, могуць не выпусціць за мяжу або не дазволяць ім вярнуцца.

Афіцыйна пра такія абмежаванні ўлады не заяўлялі.

Разбор
З Беларусі не выпускаюць, тых, хто не паведаміў пра другое грамадзянства? Гэта незаконна
2023.09.06 09:00

Глеб Нержын belsat.eu

 

Стужка навінаў