ISW пра візіт Пуціна ў Менск: Інфармацыйная аперацыя каб зламаць дух украінцаў


Пуцін едзе ў Менск, каб аказаць уціск на Лукашэнку з мэтай дабіцца ўступак па інтэграцыі дзвюх краін. Адначасова гэта інфармацыйная аперацыя, каб зламаць волю Украіны і гатовасць Захаду падтрымліваць Украіну. Такія меркаванні ўтрымлівае чарговая справаздача Інстытуту вывучэння вайны (ISW).

У справаздачы за суткі 16 снежня аналітыкі ISW выказалі свае меркаванні адносна прычын і мэтаў запланаванага на 19 снежня візіту Уладзіміра Пуціна ў Менск да Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле аналітыкаў, Уладзімір Пуцін, верагодна, будзе аказваць ціск на Аляксандра Лукашэнку, «каб ён пайшоў на саступкі ў расейска-беларускай інтэграцыі» на сустрэчы ў Менску 19 снежня. Аналітыкі звяртаюць увагу, што ў парадку дня сустрэчы пытанні расейска-беларускай інтэграцыі, не ўдакладненыя ваенна-палітычныя пытанні і рэалізацыя праграм Саюзнай дзяржавы.

«Саюзная дзяржава – наддзяржаўнае пагадненне 1997 года, мэта якога – федэратыўная інтэграцыя Расеі і Беларусі ў адзіную структуру. Крэмль імкнецца выкарыстоўваць Саюзную дзяржаву для ўсталявання расейскага сюзерэнітэту (кантролю) над Беларуссю», – адзначаюць аналітыкі ISW.



Пры гэтым эксперты адзначаюць, што «Лукашэнка ўжо стварае інфармацыйныя ўмовы, каб адхіліць расейскія інтэграцыйныя патрабаванні, як ён гэта рабіў дзесяцігоддзямі». У якасці пацверджання такіх намаганняў прыводзяцца апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі, у якіх ён кажа «ніхто, акрамя нас, Беларуссю не кіруе», і што Беларусь гатова будаваць адносіны з Расеяй, але іх адносіны «заўсёды павінны зыходзіць з таго, што мы – суверэнная і незалежная дзяржава».

«Незразумела, ці ўдасца Пуціну дамагчыся ад Лукашэнкі жаданых саступак. Лукашэнка дагэтуль у значнай ступені супраціўляўся інтэграцыйным патрабаванням Расеі і адмаўляўся далучыць беларускія сілы да ўварвання Расеі ва Украіну», – гаворыцца ў справаздачы.

Аднак аналітыкі папярэджваюць, што візіт Пуціна ў Менск можа сведчыць аб тым, што Пуцін «спрабуе ўсталяваць умовы для новай ацэнкі найбольш небяспечнага курсу дзеянняў, пра які ISW паведаміла 15 снежня: аднаўленне наступу на Украіну – магчыма, на поўнач Украіны або Кіеў – зімой 2023 года». Зараз ISW ацэньвае расейскае ўварванне ва Украіну з Беларусі «як нізкае, але магчымае».

«Верагоднасць таго, што беларускія войскі ўварвуцца ва Украіну без расейскай ударнай сілы, застаецца вельмі малаверагоднай. Далёка не ясна, што Лукашэнка прыцягне беларускія сілы ваяваць ва Украіне нават побач з расейскімі войскамі», – падкрэсліваюць аналітыкі.

Ацанілі аналітыкі і мінімальныя наступствы візіту Пуціна да Лукашэнкі: ён «паспрыяе асобнай расейскай інфармацыйнай аперацыі, якая імкнецца зламаць волю Украіны і гатовасць Захаду падтрымліваць Украіну». Гэтая сустрэча ўзмоцніць расейскую інфармацыйную аперацыю, закліканую «пераканаць украінцаў і заходнія краіны, што Расея можа напасці на Украіну з Беларусі». Паводле экспертаў, працягванне ўдараў Расеі па Кіеву, пастаяннае ўвядзенне войскаў у Беларусь і працяг ваяўнічай рыторыкі зʼяўляюцца часткамі гэтай інфармацыйнай аперацыі.

«Крэмль наўрад ці зломіць украінскую волю да барацьбы. Крэмль, верагодна, імкнецца пераканаць Захад прыняць ілжывы факт, што Украіна не можа істотна змяніць цяперашнія лініі фронту і што вайна фактычна зайшла ў тупік. ISW лічыць, што такая выснова недакладная і што Украіна мае добрыя шанцы вярнуць значную крытычную тэрыторыю ў бліжэйшыя месяцы», – адзначаюць эксперты ISW.

Антон Тачняк belsat.eu 

Стужка навінаў