«У нас ёсць чым страляць». Як Украіна дае рады з праблемамі ў пастаўках снарадаў


Заходнія саюзнікі марудзяць з дапамогай Украіне ў вайне. «Белсат» запытаўся ўкраінскага эксперта, наколькі сур’ёзныя праблемы са снарадамі. Ён жа звяртае ўвагу на дроны. 

Украинские военные
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 16 лістапада ў каментары Bloomberg заявіў, што пастаўкі снарадаў ад заходніх саюзнікаў скараціліся з-за вайны, якую Ізраіль вядзе ў сектары Газа супраць тэрарыстаў ХАМАС. Па словах Зяленскага, Украіна ўжо мае пэўныя праблемы з-за недахопу снарадаў калібра 155 мм для гаўбіц M777.

У Злучаных Штатах тым часам не могуць прыняць пакет дапамогі для Украіны і Ізраіля – рэспубліканцы хочуць прыняць пакет толькі для Ізраіля, дэмакраты гэтае рашэнне блакуюць. Нямецкі Бундэстаг збіраўся павялічыць у два разы дапамогу Украіне, але пакуль у Нямеччыне не могуць прыняць бюджэт праз спрэчкі аб перанакіраванні сродкаў, не выдаткаваных на барацьбу з пандэміяй.

Можа здацца, што з дапамогай Украіне праблемы з усіх бакоў. Наколькі гэтая сітуацыя небяспечная? Пра гэта ў каментары «Белсату» распавёў былы супрацоўнік Службы бяспекі Украіны Іван Ступак.

Іван Ступак у эфіры «Белсату». Скрыншот: «Белсат» / YouTube

Паводле яго, існуе і такое меркаванне, што зацягваючы з дапамогай, краіны Захаду могуць падштурхоўваць Украіну да перамоваў з Расеяй. Пытанні ўзнікаюць не да таго, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн або канцлер Нямеччыны Олаф Шольц асабіста не хочуць даваць дапамогу. Ва Украіне, кажа ён, разумеюць, што гэта звязана з бюджэтнымі пытаннямі, а актуальнасць ўкраінскага пытання ў бягучых навінах паступова падае, таму што няма значных прасоўванняў на фронце, вялікіх перамог.

«Мы разлічвалі, што з Ізраілем мы не будзем перасякацца, – распавядае ён. – Ізраілю патрэбныя боепрыпасы, як кажуць вайскоўцы, „проста чыгун“: аскепкава-фугасныя, прыляцела ў будынак – і ўсё. А нам патрэбныя вялікія касетныя. Але бачым, што і з касетнымі праблемы намячаюцца. Але! Вялікае-вялікае такое “але” : калі адкрыць апошнюю статыстыку па днях пашкоджанай і знішчанай тэхнікі з украінскага і расейскага боку, то мы бачым, што не такое ўжо і вялікае значэнне артылерыі цяпер у гэтай вайне».

Hавiны
На моры і ў паветры. Як выкарыстоўваюцца беспілотнікі ў вайне Расеі і Украіны
2023.08.04 20:38

Супраць жывой сілы, кажа ён, касетныя боепрыпасы сапраўды эфектыўныя, але супраць тэхнікі на першае месца выходзяць FPV-дроны (тыя, якімі аператары кіруюць у спецыяльных акулярах або шлемах). У апошні час больш за палову танкаў, бронемашын, станцый радыёэлектроннай барацьбы, транспарту знішчаецца менавіта беспілотнікамі. Дрон, адзначае Ступак, каштуе каля $ 800, а можа знішчыць танк за некалькі мільёнаў долараў. Таму ідзе пераацэнка на стварэнне і закупку такіх дронаў, каб кампенсаваць недахоп боепрыпасаў, мяркуе экспэрт.

А тым часам паведамляюць, што Паўночная Карэя перадала Расеі мільён артылерыйскіх боепрыпасаў, а Еўразвяз прызнае, што не можа выканаць сваё абяцанне пра мільён боепрыпасаў для Украіны: пакуль хіба што 300 тысяч снарадаў, а не мільён.

«Сітуацыя праблемная, але яна не з’яўляецца крытычнай „у нас нічога няма“, – адказвае на гэта Ступак. – Нам ёсць чым страляць. Сітуацыя не выглядае так, што нашы артылерысты сядзяць, а снарадаў няма наогул. Так, ёсць там праблемы з забеспячэннем. Так, яго не столькі, колькі хацелася б. Гэта прымушае нас больш рацыянальна іх выкарыстоўваць, больш дакладна страляць і выкарыстоўваць альтэрнатывы».

У Еўропы, адзначае суразмоўца, грошай-то шмат, але вайсковай вытворчасці не так шмат: не разлічвалі, што будзе такая вайна. Найбяднейшая Паўночная Карэя ж была «запаяная на вайну», таму і мела запасы снарадаў.

Ступак упэўнены, што Еўропа і ЗША цяпер працуюць над тым, каб развіваць вайсковую галіну, хай пакуль і «прасядае». Ва Украіны галоўная задача цяпер – не даць расейскім войскам прасунуцца, стрымаць ворага.

У суразмоўцы ёсць надзея на левы бераг Дняпра ў Херсонскай вобласці: украінскія вайскоўцы змаглі там замацавацца, перакінулі ўжо не толькі людзей, але і тэхніку. Калі там будуць доўгачаканыя першыя перамогі, то паскорыцца і пытанне з пастаўкамі Украіне боепрыпасаў і тэхнікі. Ступак параўноўвае гэта з біржавымі каціроўкамі: як убачаць невялікі рост «акцый Украіны», так адразу «кампанія Украіна» стане ўсім цікавая.

Агляд
Зіма, тупік, бітва за ўвагу і трампістаў. Што заходнія медыі пішуць пра вайну ва Украіне
2023.11.13 17:41

Алесь Наваборскі / УК belsat.eu

Стужка навінаў