17 лістапада МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Спісу грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У спіс былі ўнесеныя журналіст Павел Мажэйка і адвакатка Юлія Юргілевіч, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Павел Мажэйка – журналіст, культурны менеджар, вядоўца гістарычных праграмаў, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», заснавальнік найбуйнейшай у Горадні культурніцкай прасторы і галерэі «Цэнтр гарадскога жыцця».
Юлія Юргілевіч прапрацавала адвакаткай амаль 18 гадоў. Пасля пратэстаў яна была адной з тых, хто ўзяўся абараняць абвінавачаных па палітычных справах. Амапаўцы адмаўляліся ад іскаў пасля яе апытанняў у судзе.
Журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч затрымалі 30 жніўня 2022 года. Суддзя Максім Філатаў пастанавіў пакараць Мажэйку 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юргілевіч – 6 гадамі калоніі агульнага рэжыму за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Праваабаронцы назвалі пераслед палітычна матываваным, а Мажэйку і Юргілевіч – палітвязнямі.
Унесеным у «спіс экстрэмістаў» на працягу пяці гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці ўнесеным у спіс забараняецца:
Акрамя таго, калі чалавеку, які трапіў у спіс, перавядуць на рахунак грошы, то банк паведаміць пра гэта ў Камітэт дзяржаўнага кантролю, тлумачыла mediazona.by.
Агулам 17 лістапада ў «Спіс экстрэмістаў» МУС дадаў 22 чалавекі. Сярод іншых, датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасці прызналі Дзмітрыя Маставога, асуджанага да 10 гадоў калоніі за відэатрансляцыю з ваеннага аэрадрому ў Мачулішчах, якую нібыта Дзмітрый і наладзіў; сын Анатоля Лябедзькі Арцём, асуджаны да 3,5 гадоў пазбаўлення волі.
У «Спісе экстрэмістаў» цяпер налічваецца 3520 прозвішчаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu