У Беларусі зменяцца правілы падачы дакументаў на польскую візу


Візавы цэнтр «VFS.Global», афіцыйны партнёр амбасады Польшчы, анансаваў змены ў падачы дакументаў на візу. Каб запісацца, трэба будзе прайсці абавязковую верыфікацыю праз МСІ – міжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі, піша выданне «Точка».

Чарга ў візавым цэнтры ў Менску, Беларусь. 8 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

Для беларусаў зменіцца працэдура падачы дакументаў на візу ў Польшчу. Новаўвядзенне анансаваў візавы цэнтр «VFS.Global» – афіцыйны партнёр польскай амбасады. Цяпер для запісу трэба будзе прайсці абавязковую верыфікацыю праз МСІ – міжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі. Правіла пачне дзейнічаць з 28 лістапада.

Даведка
Міжбанкаўская сістэма ідэнтыфікацыі дазваляе дыстанцыйна атрымліваць паслугі банкаў і іншых удзельнікаў фінансавага рынку. Каб пацвердзіць сваю асобу ў сістэме, трэба толькі аднойчы прайсці працэдуру рэгістрацыі ў любым беларускім банку.

Як піша выданне «Точка», інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце «VFS.Global», але цяпер паведамленне недасяжнае. У візавым цэнтры патлумачылі, што заяву апублікавалі раней, чым трэба было, таму пакуль яе прыбралі.

«У інфармацыі пазначана, што змены набудуць моц у канцы месяца, верагодна, таму спасылка не актыўная. На жаль, не магу падзяліцца адпаведнымі звесткамі», – сказалі ў кол-цэнтры.

Праблема з запісам у візавыя цэнтры «VFS.Global» у Беларусі не развязваецца доўгі час. Вольныя месцы зʼяўляюцца на сайце раз на тыдзень, і ўсе слоты перахопліваюць адмысловыя боты. Звычайнай асобе зарэзерваваць час для падачы дакументаў амаль немагчыма (шанцы – 1 з 2000). На гэтых ботах зарабляюць пасярэднікі, яны бяруць за запіс ад 400 да 1800 рублёў у залежнасці ад тыпу візы.

Таксама беларусы сутыкнуліся з цяжкасцямі пры спробе запісацца ў візавыя цэнтры «VFS.Global» у Польшчы для афармлення нацыянальных візаў: на адпаведным сайце практычна ніколі няма вольных месцаў.

Гісторыі
Юрыстка ЦБС: Сітуацыя з падачаю дакументаў на гуманітарныя візы ў Польшчы пакуль не палепшылася
2022.10.11 19:36

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў