Аляксандра Герасіменя: Беларусь цяпер цалкам ізаляваная ад усяго свету ўжо і ў спорце


Беларусь цяпер цалкам ізаляваная ад усяго свету ўжо і ў спорце. Аб гэтым 17 лістапада заявіла вядомая беларуская спартоўка Аляксандра Герасіменя, каментуючы «Белсату» рашэнне Міжнароднага паралімпійскага камітэту аб прыпыненні сяброўства Беларусі і Расеі ў гэтай арганізацыі.

Аляксандра Герасіменя.
Фота: ЯП / Белсат

Вядомая беларуская плыўчыха, двухразовая віцэ-чэмпіёнка Алімпіяды 2012 Аляксандра Герасіменя лічыць, што прыпыненне сяброўства Беларусі і Расеі ў Міжнародным паралімпійскім камітэце азначае паглыбленне ізаляцыі Беларусі ў сферы спорту.

«Гэта рашэнне МПК значыць што Рэспубліка Беларусь зараз цалкам ізаляваная ад цывілізаванага свету ўжо і ў спорце», – заявіла Аляксандра Герасіменя.

Паводле Герасімені, агулам беларускія паралімпійцы «менш за ўсё заслужылі, каб іх пазбавілі такога права». Але яна лічыць, што дапамагчы спартоўцам-паралімпійцам «наўрад ці будзе магчымым, пакуль вайна не скончыцца». «Па сутнасці, такімі справамі і павінен займацца Беларускі фонд спартовай салідарнасці, – падкрэсліла чэмпіёнка, – каб кропкава дапускаць да міжнародных стартаў пад нейтральным сцягам спартоўцаў, якія не падтрымліваюць дзейсную уладу».

Яна дадала, што супраца Нацыянальнага паралімпійскага камітэту з Міжнародным паралімпійскім камітэтам давала беларускім спартоўцам з інваліднасцю шмат магчымасцяў, «былі і праграмы фінансавання, і розныя навучальныя праграмы для спецыялістаў. Падобныя праграмы існуюць і па лініі Міжнароднага алімпійскага камітэту».

«Крыўдна што першых «зачынілі» паралімпійцаў. Лепш бы наадварот. Хаця ўлічваючы, што там наш знакаміты плывец, то рашэнне прадказальнае», – дэталізавала Аляксандра сваё стаўленне да рашэння МПК.

Аляксандра не стала называць канкрэтныя прозвішчы, аднак найбольш вядомым плыўцом-паралімпійцам зʼяўляецца Аляксей Талай, які, як ён сам расказаў у інтэрвʼю парталу «Зеркало», ездзіць на Данбас, падтрымлівае самаабвешчаныя рэспублікі і іх жыхароў. Апошнія гады ён актыўна выступаў за дзейсную ўладу і Аляксандра Лукашэнку, а нядаўна атрымаў медаль Францыска Скарыны. Пасля пачатку расейскай агрэсіі ва Украіне Талай падтрымаў так званую спецаперацыю.

Hавiны
Міжнародны паралімпійскі камітэт прыпыніў сяброўства Беларусі і Расеі
2022.11.17 09:11

Раней паведамлялася, што на пазачарговай генеральнай асамблеі 16 лістапада Міжнародны паралімпійскі камітэт прыпыніў сяброўства Беларусі і Расеі. Абедзве краіны абвінавацілі ў «няздольнасці выконваць свае сяброўскія абавязанні ў адпаведнасці са статутам Міжнароднага паралімпійскага камітэту.

«Чальцы МПК мусяць рабіць усё, каб у паралімпійскім спорце панаваў дух сумленнай гульні, ахоўваліся бяспека і здароўе спартоўцаў і выконваліся асноўныя этычныя прынцыпы. Таксама забароненыя любыя дзеянні, што супярэчаць мэце або задачам Параліміпійскага камітэту ці пагражаюць пагаршэннем рэпутацыі МПК, паралімпійскага руху або паралімпійскага спорту», – адзначаецца ў паведамленні МПК.

Нацыянальныя паралімпійскія камітэты Беларусі і Расеі ў сувязі з рашэннем МПК губляюць усе правы сяброўства ў арганізацыі, за выключэннем права на апеляцыю.

Рэакцыя НПК Беларусі на прыпыненне сяброўства

Тым часам, старшыня Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель заявіў 17 лістапада, што краіна звернецца ў суд адносна рашэння МПК.

«Адхіленне гэта незаконнае, няправільнае, і палітыка не павінна пераважаць у паралімпійскім руху», – адзначыў Алег Шапель, удакладняючы аднак, што ў НПК Беларусі чакалі ад МПК «прыкладна такога рашэння, хаця прарабілі вельмі вялікую працу з нацыянальнымі паралімпійскімі камітэтамі».

Шэпель паведаміў, што Беларусь плануе звярнуцца ў суд Нямеччыны ў сувязі з прыпыненнем членства Паралімпійскага камітэту Беларусі ў МПК, «таму што Міжнародны алімпійскі камітэт зарэгістраваны ў Боне». Таксама «плануецца зварот ад імя спартсменаў, указаць на тое, што МПК парушае адзін з артыкулаў Канстытуцыі Германіі, дзе дакладна прапісана недапушчэнне дыскрымінацыі людзей па розных прыкметах».

Перадгісторыя канфлікту

У сакавіку 2022 года, неўзабаве пасля пачатку расейскай агрэсіі ва Украіне, у Пекіне прайшлі XIII зімовыя Паралімпійскія гульні, да удзелу ў якіх упершыню ў гісторыі не былі дапушчаны каманды Беларусі і Расеі.

«Мы ў МПК цвёрда перакананыя, што спорт і палітыка не павінны змешвацца. Аднак не па сваёй віне вайна прыйшла да гэтых Гульняў, і за кулісамі многія ўрады маюць уплыў на нашу запаветную падзею», – заявіў тады Эндру Парсанс, прэзідэнт МПК.

Агулам на гульні ў Пекіне не былі дапушчаны 83 чалавекі, якіх Парсанс назваў «ахвярамі дзеянняў вашых урадаў», і выказаў шкадаванне, што на лёс паралімпійцаў паўплывалі рашэнні, прынятыя ўрадамі Беларусі і Расеі «у сувязі з парушэннем алімпійскага перамір’я».

Hавiны
«Ахвяры дзеянняў вашых урадаў». Беларускіх і расейскіх спартоўцаў не дапусцілі да Паралімпіяды ў Пекіне
2022.03.03 11:27

Хто такая Аляксандра Герасіменя

Аляксандра Герасіменя – беларуская плыўчыха, двухразовая віцэ-чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 2012 года (50 і 100 метраў вольным стылем), уладальніца залатых узнагарод чэмпіянатаў свету і Еўропы як на «доўгай вадзе» (басейн 50 м), так і на «кароткай» (басейн 25 м). Шматразовая чэмпіёнка Універсіяд (2009, 2011 і 2013). Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (2012). Выступала ў плаванні вольным стылем, на спіне, батэрфляем. У кастрычніку 2020 года ўзначаліла Беларускі фонд спартовай салідарнасці. Актыўна ўцягнута ў апазіцыйную палітычную дзейнасць.

У красавіку 2022 Аляксандра Герасіменя заявіла, што пакідае Беларускі фонд спартовай салідарнасці, які да таго ўзначальвала. Прычынай выхаду з фонду сталі «разыходжанні ў поглядах з калегамі наконт таго, як трэба весці справы ў фондзе».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў