Белстат: паскараецца рост ВУП і рэальных прыбыткаў беларусаў


Белстат апублікаваў свежую інфармацыю аб выніках працы эканомікі: у студзені–верасні сёлета ВУП вырас на 3,5% (месяцам раней было 3,1%) год да года, а рэальныя прыбыткі грамадзянаў у студзені–жніўні – на 5,1% супраць 4,5% месяц таму. Што піхае эканоміку наперад, а што цягне ўніз?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Нацыянальны статыстычны камітэт паведаміў, што за дзевяць месяцаў сёлета ВУП Беларусі вырас на 3,5% год да года. У студзені–жніўні было 4,5%, а ў пачатку года эканоміка наогул працавала ў мінус (-5%).

Валавы ўнутраны прадукт уверх піхае прамысловасць. Вытворчасць прадукцыі ўзрасла ў студзені–верасні на 8,1% год да года. У прыватнасці, апрацоўчая прамысловасць паказала плюс 9,7%, горназдабыўчая – плюс 4,7%.

Акрамя таго, эканоміцы дапамагае гандаль. Паводле Белстату, раздробны таваразварот за дзевяць месяцаў павялічыўся на 6,7% год да года. Аптовы гандаль вырас яшчэ больш, на 11%.

Беларусы сталі пакідаць больш грошай у крамах: штодзённы таваразварот у разліку на кожнага жыхара краіны вырас да 22 рублёў (у студзені–верасні летась было 20 рублёў).

Няблага пачуваецца грамадскае харчаванне, таваразварот у кавярнях і рэстаранах павялічыўся на 11,2%.

Агляд
«Назапашванне інфляцыйнага навеса». Эканамісты папярэдзілі пра пагрозу рэзкага росту цэнаў у Беларусі
2023.09.27 16:51

Растуць таксама пасажырскія перавозкі. Гэтымі паслугамі за дзевяць месяцаў скарысталіся 1,2 млн асобаў (плюс 3,1%). Пасажыразварот узрос на 9,4%.

Пры гэтым грузаперавозкі – усцяж у глыбокім крызісе і цягнуць ВУП уніз. У студзені–верасні грузазварот упаў на 20% год да года (месяцам раней было 20,7%, а за першае паўгоддзе – мінус 22,4% год да года).

Hавiны
У Мінэканомікі Беларусі заявілі пра рост у самых правальных галінах: IT і грузаперавозках
2023.08.19 20:57

Сельская гаспадарка – ні лой ні масла. За дзевяць месяцаў вытворчасць ва ўсіх гаспадарках, у тым ліку фермерскіх і асабістых, скарацілася на 0,2%, а асобна ў сельскагаспадарчых арганізацыях – вырасла на 1,1%.

Рэальныя прыбыткі беларусаў Белстат палічыў пакуль толькі за студзень–жнівень. З гэтых звестак вынікае, што грамадзяне разбагацелі на 5,1% у параўнанні з студзенем–жніўнем летась.

87,3% прыбыткаў грамадзянаў – гэта заробкі, пенсіі, стыпендыі, грашовая дапамога і іншыя трансферы. 8,1% – прыбыткі ад прадпрымальніцкай дзейнасці, прыбытак ад уласнасці – 4,6%.

Рэальныя прыбыткі – гэта грошы, што застаюцца на руках пасля выплаты падаткаў і ўнёскаў і ўлічваюць інфляцыю. Летась яны ўпалі на 3,6% у параўнанні з 2021 годам.

У жніўні сярэдні налічаны заробак (без уліку падаткаў) склаў у Беларусі 1962 рубля.

Hавiны
Белстат: 331 тысяча беларусаў жывуць на менш як Br 364,4 за месяц
2023.09.03 09:41

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў