Лукашэнка даў інтэрв’ю расейскай прапагандыстцы Дзіяне Панчанка, падчас якога заявіў, што Пуцін не распавядаў яму пра планы распачаць поўнамаштабную вайну супраць Украіны, а за содні да ўварвання папрасіў прыкрыць яго, «калі раптам штосьці здарыцца». Падчас размовы былі ўзгаданыя таксама вагнэраўцы. Урыўкі інтэрв’ю прыводзіць тэлеграм-канал «Пул первого».
На пытанне прапагандысткі, калі Пуцін распавёў пра «СВА», Лукашэнка адказаў:
«Вы бачылі па тэлевізары ягоны выступ, і я таксама. У нас не было ніколі размоваў напярэдадні ваенных дзеянняў, што вайна пачнецца, я вам клянуся, што ў нас не было размовы, што Расея будзе здзяйсняць нейкія дзеянні супраць Украіны».
Аднак за некалькі дзён ці за содні, паводле Лукашэнкі, падчас сустрэчы ў загараднай рэзідэнцыі Пуціна ён папрасіў «прыкрыць яго».
«Ён мне даслоўна сказаў, упершыню вам пра гэта кажу – ты ведаеш, Саша, такая сітуацыя, калі не дай Бог штосьці здарыцца, мы – саюзнікі. І так, мы саюзнікі – усе ведаюць пра нашыя дамовы. Супраць Расеі хтосьці ваюе – мы ўступаем у вайну, супраць Беларусі – яны ўступаюць у вайну. У нас фактычна тут створаная адзіная армія, – сказаў Лукашэнка. – Калі раптам штосьці здарыцца. А што можа здарыцца? Ну ўсялякае можа быць, ты прыкрый мяне, калі ласка. І ў першыя дні СВА я зрабіў заяву, што мы ўвязваемся ў гэты канфлікт, мы мала чым можам дапамагчы, Расея і так можа справіцца з кім заўгодна. Але страляць рускім у спіну мы не дазволім. Гэта было звязана з просьбай Пуціна «ты прыкрый мяне, калі ласка». Ён асцерагаўся, хутчэй за ўсё, удару ў спіну з Захаду».
Дзіяна Панчанка запыталася таксама пра вагнэраўцаў, і ці праўда, што пасля мяцяжу Прыгожына Пуцін ужо не той, а сам «паход на Маскву» быў пастаноўкай, каб адправіць вагнэраўцаў у Беларусь.
Лукашэнка адказаў, што Пуцін сапраўды ўжо не той, і што цяпер гэта ўжо – «Пуцін у квадраце», што мяцеж Прыгожына яго шмат чаму навучыў і ён стаў «мудрэйшы і хітрэйшы і больш мабілізаваны».
«Толькі вар’яты могуць сказаць, што гэта была пастаноўка. Такім дарагім коштам. Гэты тэзіс з’явіўся адразу, аднак акрамя Украіны, ён не разганяецца нідзе. Ніякай пастановы тут не было», – сцвярджае Лукашэнка.
Ён яшчэ раз распавёў, што размяшчэнне вагнэраўцаў у Беларусі было ягонай ідэяй, якую ён нават з Пуціным не абмяркоўваў напярэдадні.
«Каб нас завесці гэта было ў момант перамоваў з Прыгожыным мая прапанова, калі ён мне сказаў, што так, я з вамі згодзен, мы гатовыя прыняць вашыя ўмовы. Ён ператэлефанаваў мне праз 4 гадзіны і кажа – мы згодныя, але, па-першае, крымінальныя справы ўзбудзілі там. Але гэта пытанне вырашальнае, мы абмяркуем з Пуціным і вырашым гэтае пытанне. Другое пытанне – гарантыі бяспекі. І я сказаў – я вас выведу на тэрыторыю Беларусі. Я нават з Пуціным не абмяркоўваў гэта, калі яму прапанаваў гэта. Таму ніякая Расея сюды Вагнэр не заводзіла», – кажа Лукашэнка.
Прапагандыстка сказала Лукашэнку, што з уласных крыніц ведае, што Уладзімір Зяленскі вельмі балюча перажываў пагаршэнне адносінаў з ім і запыталася, ці засталіся ў яго нейкія словы для прэзідэнта Украіны.
«У мяне толькі адныя цяпер словы. Я б яму сказаў: Валодзя, вайна ідзе ў цябе ў краіне, на тваёй зямлі, трэба зрабіць усё, каб не было горш. Так, што здарылася, тое здарылася – за гэта давядзецца адказваць тым, хто ў гэтым вінаваты. Але сёння трэба спыніцца. Асабліва для Украіны негатыўнае развіццё падзеяў трэба спыніць, а яно негатыўным будзе найперш для Украіны. Гэта адзінае, што я яму сёння хачу сказаць, каб ён гэта пачуў», – сказаў Лукашэнка.
Марыя Міхалевіч belsat.eu