Яшчэ адна калона ПВК Вагнэра прыбыла ў Беларусь


У панядзелак, 17 ліпеня, у Беларусь прыбыла яшчэ адна калона вагнэраўцаў, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Найміты ехалі са сцягамі РФ і ПВК Вагнэра.

ПВК Вагнэра. Крыніца: slovoidilo.ua

У 11:09 беларускага часу ў тэлеграм-канале «Беларускі Гаюн» з’явілася паведамленне, што «наўпрост цяпер у кірунку Асіповічаў і лагеру ў в. Цэль па трасе М5 ад Бабруйску рухаецца яшчэ адна буйная калона наймітаў ПВК Вагнэра».

У складзе калоны як мінімум 20 машынаў розных мадыфікацыяў: УАЗы, «Patriot», пікапы, «буханкі», будаўнічая тэхніка, аўтобусы, фуры. На аўтамабілях прымацаваныя сцягі Расейскай Федэрацыі і ПВК Вагнэра.

Маршрут вагнэраўцаў у панядзелак, 17 ліпеня. Крыніца: Беларускі Гаюн/Telegram

Гэта як мінімум трэцяя калона вагнэраўцаў, якая прыбыла ў Беларусь з 11 ліпеня. Папярэдняя з’явілася ў нашай краіне раніцай у суботу, 15 ліпеня.

На мінулым тыдні Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што наёмнікі ПВК Вагнэра трэнуюць беларускіх вайскоўцаў.

Прыбыццё вагнэраўцаў у лагер пад Асіповічамі трапіла на спадарожнікавыя здымкі, якія апублікавала выданне «The New York Times».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў