Вадзім Мажэйка пра «камісіі вяртання»: людзям неабходныя юрыдычныя гарантыі


Кіберпартызаны атрымалі звесткі пра рэальныя вынікі працы так званай «камісіі вяртання», якую ўзначальвае генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед. Паводле гэтай інфармацыі, за 5 месяцаў існавання ў «камісію» звярнуліся толькі 16 чалавек, 6 з іх – крымінальнікі, якія не звязаныя з палітыкай. З 16 гэтых заяваў ухвалілі толькі 2: Філіпа Давыдава і маці Рамана Пратасевіча. У траўні ж гэтага года Андрэй Швед заяўляў, што такіх зваротаў да іх паступіла больш за 70. Сваім меркаваннем на гэты конт у жывым эфіры «Белсат» падзяліўся каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

Цалкам каментар глядзіце ў нашым відэа:

«У нас няма магчымасці незалежна праверыць тыя дадзеныя, якія прадставілі Кіберпартызаны, але па сваёй сутнасці “камісія па вяртанні” была створаная не для сапраўднага вяртання простых беларусаў, тым больш палітычных, а з прапагандысцкай мэтай прадэманстраваць перамогу рэжыму, што палітычны крызіс ужо нібыта скончаны, старонка перагорнутая, усе вяртаюцца назад, выбачаюцца і гатовыя працаваць на блага Беларусі».

Эксперт падкрэслівае, што для таго, каб «камісія па вяртанні» рэальна запрацавала, людзям неабходныя зразумелыя юрыдычныя гарантыі. Але цяпер, відавочна, такое цяжка нават уявіць, ды і «камісія» да гэтага не імкнецца, разважае Вадзім Мажэйка.

Вадзім Мажэйка з аналітычнай супольнасці «Наша меркаванне». Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Фактычна замест таго, каб рэальна перагарнуць старонку, дайсці да нейкага грамадзянскага прымірэння, гэтая “камісія” па выбачэнні толькі для таго, каб проста стаяць на каленях».

Вядома, што шмат людзей, гатовых паверыць і рызыкнуць, рэжыму знайсці не ўдасца, падкрэслівае Вадзім Мажэйка, ды і давер да беларускіх сілавікоў, у якіх могуць з’явіцца чарговыя прэтэнзіі да гэтых уцекачоў, даўно згублены.

«Таму вялікіх лічбаў у гэтай “камісіі” няма і не будзе», – падсумоўвае эксперт.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў