12-гадовую дзяўчынку, якая знікла ў Дзятлаўскім раёне, знайшлі мёртвай


12-гадовая Елізавета Дзям’яненка з Дзятлава знікла ў аўторак, 13 чэрвеня. Праз 4 дні, 17 чэрвеня, пошукавы атрад «Анёл» паведаміў, што дзяўчынка загінула.

Елізавета Дзям’яненка.
Фота: zerkalo.io

«Дзяўчынка была знойдзена ў ходзе сумесных пошукавых мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел: пошукава-выратавальны атрад «Анёл» Берасцейскага рэгіёну, 6 кіналагічных разлікаў ПВА «Анёл» з Менску і Менскай вобласці, супрацоўнікі міліцыі і МНС, мясцовыя жыхары, кіналагічны разлік ПВА «Паўднёвы захад». Знойдзена пошукавай групай ПВА «Анёл» Берасцейскага рэгіёну», – паведаміў атрад «Анёл».

13 чэрвеня 2023 года ў Дзятлаўскі РАУС звярнулася выхавацелька сацыяльнага прытулку ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр» Галіна Баковіч. Жанчына распавяла, што ў той жа дзень а 19-й гадзіне падапечная прытулку Елізавета Дзям’яненка 13.08.2010 г.н. сышла ў невядомым кірунку і месца яе знаходжання невядомае.

Арыентыроўка на Елізавету Дзям’яненка.
Фота: diatlovonews.by

Біялагічныя бацькі дзяўчынкі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. У прытулку Елізавета знаходзілася часова, пакуль яе прыёмная маці была на курсах падвышэння кваліфікацыя прыёмных бацькоў.

Дзяўчынку шукалі некалькі падраздзяленняў ПВА «Анёл», міліцыя, МНС – агулам былі задзейнічаныя 77 чалавек і 15 адзінак тэхнікі. Пошукі вяліся каля вёскі Пагіры Дзятлаўскага раёну.

Пры якіх абставінах знайшлі дзяўчынку, а таксама прычыну смерці атрад «Анёл» не паведамляе.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў