Офіс Ціханоўскай пачаў рыхтаваць для Еўропы план на выпадак смерці Лукашэнкі


Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 17 траўня ўзяла ўдзел у адкрыцці саміту Рады Еўропы ў Рэйк’явіку. «Белсат» спытаў яе і еўрапейскіх палітыкаў аб тым, якія беларускія тэмы падымаюцца на саміце.

Лідары еўрапейскіх краінаў на саміце Рады Еўропы. У цэнтры – прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Рышы Сунак. Рэйк’явік, Ісландыя. 17 траўня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Пра што казала Ціханоўская

Асноўная тэма саміту – вайна ва Украіне. Паводле офісу Святланы Ціханоўскай, яна на сустрэчах падымала пытанні недапушчэння размяшчэння ў Беларусі ядравай зброі, прымусовага вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў у Беларусь і ролі ў гэтым Аляксандра Лукашэнкі, тэму пагрозы беларускай незалежнасці.

Ціханоўская таксама прапанавала ўключыць у выніковыя дакументы пытанне Беларусі і падтрымкі Кантактнай групы па сувязях з Беларуссю, якая стала першым крокам па ўступу Беларусі ў Раду Еўропы.

Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская на саміце Рады Еўропы. Рэйк’явік, Ісландыя. 17 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

Ці ёсць у Еўропы план на выпадак смерці Лукашэнкі? Святлана Ціханоўская адказала «Белсату»: якраз цяпер працуюць над гэтым.

«Гэтыя чуткі пра ягоныя хваробы гальванізавалі дыскусію не толькі сярод беларусаў, але, канешне, сярод міжнароднай супольнасці, – расказала Ціханоўская. – Валер Кавалеўскі зараз рыхтуе такую «дарожную мапу» для прадстаўлення нашым замежным партнёрам. Будзе ўдакладняцца, але ж драфт ужо ў нас ёсць, бо мы так і адчулі, што замежнікі нават не ведаюць, што ў гэтым выпадку рабіць. Былі пытанні, ці адразу здымуць санкцыі, ці што…»

«Нам патрэбная міжнародная супольнасць, бо яны могуць з’яўляцца, як і Рада Еўропы, гарантам незалежнасці Беларусі, каб Беларусь не была паглынутая Расеяй у гэты адказны момант. Працуем».

Аляксандр Шлык, спецыяльны прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах, адзначыў, што ідзе толькі чацвёрты саміт Рады Еўропы – і прыемна, што на яго запрасілі Ціханоўскую, бо гэта сярод іншага дае паказаць, што Беларусь ужо хоча належыць да Рады Еўропы.

Агляд
Страйк, мітынгі і каліноўцы. Ці гатовыя дэмакратычныя сілы да раптоўнай смерці Лукашэнкі?
2023.05.12 10:23

Санкцыі здымаць пакуль не збіраюцца

Пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, а сітуацыя ў Беларусі не паляпшаецца, гаворкі аб зняцці санкцыяў з Беларусі не ідзе. Наадварот, некаторыя еўрапейскія дзяржавы думаюць аб пашырэнні санкцыяў і супраць Расеі, і супраць Беларусі.

Эгілс Лэвітс
Прэзідэнт Латвіі Эгілс Лэвітс на саміце Рады Еўропы. Рэйк’явік, Ісландыя. 17 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

Так, прэзідэнт Латвіі Эгілс Лэвітс расказаў, што лічыць вартым прыняць санкцыі адносна Беларусі такога ж узроўню, як да Расеі, саюзнікам якой Беларусь з’яўляецца. Краіны розныя, таму адносна іх будуць прымацца асобныя пакеты санкцыяў, адзначыў Лэвітс – але ён чакае аднолькавых вынікаў ад абмежавальных захадаў.

Анджэй Дуда
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на саміце Рады Еўропы. Рэйк’явік, Ісландыя. 17 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

«Палітыку санкцыяў трэба працягваць, і цалкам дакладна, што яна будзе працягнутая, – сказаў журналістам прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. – Відавочна, ацэнкі яе розныя. Дакладна, санкцыі дзейнічаюць – у меншай ці большай ступені. Можна спадзявацца, што будуць не толькі дыскусіі, але і наступныя пакеты санкцыяў».

Ды ў Еўропе збіраюцца не толькі караць рэжым Лукашэнкі, а таксама і падтрымліваць беларусаў, у тым ліку палітвязняў.

Пра палітвязняў не забылі

Камісарка Рады Еўропы па правах чалавека Дуня Міятавіч расказала журналістам, што працуе над тэмай беларускіх палітычных зняволеных са шматлікімі беларускімі праваабаронцамі, журналістамі і актывістамі, cочыць за сітуацыяй, ладзіць рэгулярныя сустрэчы.

Дуня Міятавіч
Камісарка Рады Еўропы па правах чалавека Дуня Міятавіч на саміце Рады Еўропы. Рэйк’явік, Ісландыя. 17 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

«Так шмат зняволеных! – казала Міятавіч пра Беларусь. – Я асабліва хвалююся за жанчын. Няма ў рэгіёне Рады Еўропы іншай краіны, дзе было б столькі экстраардынарных, цудоўных жанчын, зняволеных за іхныя крытычныя выказванні, за журналізм ці проста актывізм. Я магу толькі запэўніць вас, што мы працягнем рабіць усё, але таксама трэба разумець, што мы не маем доступу [да палітвязняў у Беларусі], што, я думаю, вельмі важна».

Яна таксама расказала, што толькі вярнулася з Украіны, дзе займалася перадусім тэмай дэпартацыі ўкраінцаў і ўкраінскіх дзяцей расейскімі сіламі (выкрадзеных дзяцей, падобна, могуць везці таксама і ў Беларусь). Міжнародная супольнасць справа за справай спрабуе вярнуць выкрадзеных дзяцей бацькам, але Расея не ідзе на кааперацыю. Яна згадала, як у яе роднай Босніі і Герцагавіне пасля вайны 1990-х было шмат дзяцей, якіх забралі «ў бяспеку» – і больш тых дзяцей не бачылі. Яна спадзяецца, што з украінскімі дзецьмі такога не будзе, і лічыць тэму дэпартаваных дзяцей адным са сваіх першых прыярытэтаў.

Для Беларусі бачаць еўрапейскую перспектыву

Генеральная сакратарка Рады Еўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч згадала, што калі прымалася рашэнне аб выключэнні Расеі з Рады Еўропы, адразу было разуменне таго, што трэба падтрымліваць дэмакратычныя сілы ў Беларусі і Расеі. І мэтай Рады было ўсё ж ўключэнне ўсіх краінаў Еўропы – таму там спадзяюцца, што аднойчы Беларусь зможа далучыцца.

Марыя Пэйчынавіч-Бурыч
Генеральная сакратарка Рады Еўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч на саміце Рады Еўропы. Рэйк’явік, Ісландыя. 17 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

«А пакуль у нас ёсць гэтая праблема палітычных зняволеных, якія цяпер у вялізнай колькасці, – казала Пэйчынавіч-Бурыч. – І хоць пакуль Беларусь не чалец Рады Еўропы, мы вельмі занепакоеныя атакай на грамадзянскую супольнасць, на свабоду асацыяцыі ў Беларусі, зняволенні вельмі часта вельмі маладых людзей, і на вельмі жахлівыя і доўгія тэрміны, у абгрунтаванасці якіх паводле вяршэнства права і дэмакратычных стандартаў мы сумняемся».

Паводле Пэйчынавіч-Бурыч, з Беларуссю Рада Еўропы «прасунулася даволі далёка». Яна нагадала стварэнне спецыяльнай кантактнай групы, у якой Беларусь прадстаўляе грамадзянская супольнасць і дэмакратычныя сілы на чале з Ціханоўскай. Неўзабаве плануюць чарговую сустрэчу групы. Таксама яна згадала, што прыняты план дзеянняў адносна таго, «як падтрымаць тых, хто хоча больш быць уцягнутым у сістэму канвенцыяў Рады Еўропы і ў тое, як падрыхтавацца да магчымай будучай ролі, калі гэтыя краіны вырашаць пайсці дэмакратычным шляхам».

Hавiны
Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком ПАРЕ падчас саміту ў Рэйк’явіку
2023.05.17 14:20

belsat.eu

Стужка навінаў