Еўрапейскае турнэ Зяленскага: што Захад паабяцаў Украіне напярэдадні контрнаступу


За тры дні ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі пабываў у Італіі і Ватыкане (13 траўня), Нямеччыне і Францыі (14 траўня), а таксама Вялікай Брытаніі (15 траўня). Belsat.eu разбіраўся, ці можна лічыць турнэ паспяховым і як паездка паўплывае на расейска-ўкраінскую вайну.

«Мы вяртаемся дадому з новымі абароннымі пакетамі. Больш новай і магутнай зброі для фронту, больш абароны для нашага народу, больш палітычнага падтрымання», – заявіў Зяленскі па выніках турнэ.

Падчас візіту ў Берлін было афіцыйна абвешчана пра рэкордны пакет вайсковай дапамогі з боку Нямеччыны на суму € 2,7 млрд. У яго ўваходзяць 30 танкаў «Leopard-1», 20 БМП «Marder», 18 гаўбіц, 15 зенітак «Gepard», 12 установак СПА «IRIS-T» і сотні ракетаў да іх, а таксама 100 бронемашынаў, 100 машынаў тылавога забеспячэння і 200 выведвальных дронаў.

Канцлер Оляф Шольц на супольнай прэс-канферэнцыі падкрэсліў, што Нямеччына не збіраецца на гэтым спыняцца і паабяцаў падтрымваць Украіну настолькі доўга, наколькі гэта будзе патрэбна самой Украіне. Шольц таксама даў зразумець, што Берлін супраць саступак у кантэксце мірнага ўрэгулявання: спачатку «трэба прымусіць Расею адступіць, выціснуць яе з тэрыторыі Украіны». У супольнай заяве Зяленскага і Шольца адзначалася, што Нямеччына ўсяго зарэзервавала больш за € 11 млрд на 2023 і наступныя гады для працягу вайсковага падтрымання Украіны.

Вялікая Брытанія паабяцала паставіць Украіне сотні ракетаў да зенітна-ракетных комплексаў, а таксама сотні ўдарных беспілотніках з далёкасцю больш за 200 км. Што гэта за беспілотнікі – пакуль не агучваецца. Аднак у любым выпадку ЗСУ цяпер зможа пашырыць свае магчымасці для знішчэння расейскіх тылоў. Як і ў выпадку з пастаўкамі крылатых ракетаў «Storm Shadow», Лондан дэманструе, што не баіцца фармаваць новыя трэнды ў пастаўках зброі для Украіны.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў сустрэчу з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Рышы Сунакам. 15 траўня 2023 года.
Фота: president.gov.ua

Над перадачай дальнабойнай зброі цяпер задумалася і Францыя. Прэзідэнт Эманюэль Макрон на наступны дзень пасля візіту Зяленскага заявіў журналістам, што Францыя гатовая накіраваць ЗСУ ракеты, далёкасць дзеяння якіх «дазволіць Украіне супраціўляцца». Назва і тэхнічныя параметры гэтых ракетаў не агучаныя. Магчыма, гаворка ідзе пра ракеты SCALP-EG – французскі аналаг «Storm Shadow».

Пакуль дакладна можна сказаць пра тое, што Францыя падрыхтуе і забяспечыць некалькі ўкраінскіх батальёнаў дзясяткамі бронемашынаў і лёгкіх колавых танкаў AMX-10RC. Гэта будзе ўжо другая партыя AMX-10RC – танкі з першай партыі ўжо працуюць на фронце. Таксама ў супольнай дэкларацыі Украіны і Францыі гаворка ідзе пра ўзмацненне ўкраінскіх сілаў СПА, але пакуль невядома, што менавіта і ў якіх аб’емах збіраюцца перадаць французы.

Найбольш загадкавымі аказаліся вынікі візіту Зяленскага ў Італію. Пасля сустрэчы з італьянскай прэм’еркай Джорджай Мэлёні ўкраінскі лідар заявіў, што былі прынятыя важныя рашэнні аб абароне ўкраінскага неба.

«Ёсць добрыя рэчы, якія зробім разам для абароны неба. Ёсць добрыя рэчы, якія зробім разам для абароны на зямлі. Дамовіліся аб зброі і СПА», – падкрэсліў Зяленскі. Але што маецца на ўвазе, не ўдакладніў.

У сваю чаргу італьянскі ўрад у супольнай дэкларацыі паабяцаў працягваць падтрымваць Украіну і спрыяць пашырэнню комплекснай дапамогі з боку NATO.

Кааліцыя знішчальнікаў

Наведваючы Берлін, Зяленскі заявіў, што адна з мэтаў ягонага турнэ – стварэнне так званай «кааліцыі знішчальнікаў». «Сёння ва ўкраінскім небе – перавага Расеі. Але нашая задача – быць магутнымі ў гэтай прасторы», – заявіў прэзідэнт. Гаворка ідзе пра тое, каб пераканаць краіны Захаду перадаць Украіне сучасныя знішчальнікі, ад чаго саюзнікі Кіева пакуль ухіляюцца.

Падчас цяперашняга турнэ доўгачаканага прарыву ў гэтым пытанні не адбылося – пакуль ніхто сучасныя самалёты Украіне не паабяцаў. Разам з тым, Зяленскі дамовіўся з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Рышы Сунакам, што яны будуць разам працаваць над стварэннем «кааліцыі знішчальнікаў». Макрон і прэм’ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ гэтую ідэю таксама падтрымалі. «Добры пачатак кааліцыі, дзякуй», – заявіў Зяленскі. Але характэрна, што Нямеччына і Італія сярод стваральнікаў «кааліцыі знішчальнікаў» не фігуруюць – значыць, у Берліне і Рыме скептычна паставіліся да прапановы ўкраінскага лідара. Раней Шольц проста заяўляў, што выключае пастаўкі баявых самалётаў для ЗСУ.

Брытанія мусіць адыграць у «кааліцыі знішчальнікаў» вызначальную ролю. Падчас візіту Зяленскага ў Лондан Сунак заявіў, што ўлетку ўкраінскіх пілотаў пачнуць вучыць кіраванню сучаснымі знішчальнікамі – гэта пазітыўны знак для Украіны. «Гэта навучанне ідзе поплеч з намаганнямі Вялікай Брытаніі для супрацы з іншымі краінамі дзеля перадачы знішчальнікаў F-16, якім аддае перавагу Украіна», – адзначыў ён. Паводле медыяў, Францыя і Бельгія таксама гатовыя рыхтаваць украінскіх пілотаў. Раней пра гэта заяўляла і кіраўніцтва Польшчы.

Украіна імкнецца атрымаць на ўзбраенне амерыканскія F-16, хаця раней улады ЗША публічна выказваліся супраць гэтага крока. Іншыя краіны Захаду без дазволу Вашынгтону таксама перадаць амерыканскія знішчальнікі Украіне не могуць, а галоўны лабіст авіяцыйнай кааліцыі – Вялікая Брытанія – наогул не мае на ўзбраенні F-16. Таму пытанне можа быць развязанае толькі комплексна, і гэта патрабуе часу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Abaca Press / Forum

Афіцыйны Кіеў у гэтым пытанні дэманструе аптымізм. «Цяпер адбываецца вельмі-вельмі-вельмі інтэнсіўная дыпламатыя на ўсіх узроўнях, якая набліжае нас да таго, што мы эфектыўна закрыем украінскае неба, што мы істотна ўзмоцнім нашыя Збройныя сілы з паветра, што мы атрымаем прынцыпова новыя магутнасці», – заявіў міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба. «Нашым прыярытэтам застаецца F-16, але мы не адмяняем іншых опцыяў самалётаў», – падкрэсліў ён.

Пра якія іншыя самалёты казаў Кулэба – невядома. Напрыклад, прадстаўнік прэм’ер-міністра Брытаніі заявіў журналістам, што Украіна робіць стаўку на F-16, таму брытанскія «Typhoon» і F-35 Лондан пастаўляць ЗСУ не плануе.

У любым выпадку, нават калі «кааліцыя знішчальнікаў» будзе мець поспех, ва Украіну заходняя авіяцыя трапіць не хутка – працэс навучання, пераадолення тэхнічных і лагістычных пытанняў зойме вельмі шмат часу. У канцы сакавіка ў Пэнтагоне заяўлялі, што ў выпадку станоўчага рашэння аб пастаўках F-16 на гэта можа спатрэбіцца 1,5 года. Таму сёлета Кіеў зможа паўплываць на паветраную вайну толькі за кошт узмацнення сілаў СПА, пра што падчас візітаў Зяленскага ў Нямеччыну і Італію таксама ішла размова.

Ці паспрыяе еўрапейскае турнэ контрнаступу?

Еўрапейскае турнэ Зяленскага адбылося на фоне рыхтавання да маштабнага контрнаступу ЗСУ, які анансуецца ўжо некалькі месяцаў. У Берліне журналісты спыталі ў Зяленскага, ці дастаткова абяцанай Украіне вайсковай дапамогі для контрнаступу. «Яшчэ некалькі візітаў, тады будзе дастаткова», – сцісла адказаў ён.

Ці стала дастаткова дапамогі пасля сустрэчаў з Макронам і Сунакам, палітык не ўдакладніў.

Зяленскі падкрэсліў, што рыхтаванне да актыўных дзеянняў ЗСУ для вызвалення акупаваных тэрыторыяў было прыярытэтам ягоных візітаў. Але не варта думаць, што маецца на ўвазе беспасярэдняя залежнасць бліжэйшых планаў ЗСУ ад вынікаў турнэ. Новыя пакеты вайсковай дапамогі будуць перададзеныя Украіне цягам некалькіх тыдняў або некалькіх месяцаў (у залежнасці ад віду зброі). Не факт, што контрнаступ ЗСУ будзе адкладацца да таго часу, калі ўся абяцаная тэхніка трапіць ва Украіну. Разам з тым, для ЗСУ важна мець магчымасць папаўняць свае рэзервы, мець гарантыі бесперабойных паставак узбраення ад саюзнікаў у доўгатэрміновай перспектыве.

Візіт Уладзіміра Зяленскага ў Нямеччыну. 14 траўня 2023 года.
Фота: president.gov.ua

«У ваенным плане больш глыбокі сэнс візіту Зяленскага палягаў на тым, што ўсяго, што было абяцана Захадам, можа быць яшчэ недастаткова – і што неабходна забяспечыць будучыя пастаўкі з Еўропы на працягу 2023 года, у выпадку, калі першапачатковы этап контрудару будзе слабым або дасць асечку», – падкрэслівае выданне «The Guardian».

Прадстаўнікі афіцыйнага Кіева не раз давалі зразумець, што вясновы контрнаступ не варта расцэньваць як апошнюю вызначальную бітву – контрнаступаў можа быць не адзін, а некалькі. Хуткай перамогі ніхто не абяцае. У сувязі з гэтым некаторыя заходнія палітыкі і медыі адкрыта казалі пра тое, што калі ўкраінскі контрнаступ зазнае няўдачу, то дапамога Украіне можа аслабнуць, у тым ліку праз стомленасць яе саюзнікаў.

Еўрапейская турнэ Зяленскага мусіць развеяць гэтыя сумневы. Рыторыка лідараў Брытаніі, Францыі, Нямеччыны і Італіі не прадугледжвае нейкіх дэдлайнаў для перамогі над Расеяй і не дэманструе стомленасці. Наадварот, прасоўванне такіх амбітных праектаў, як «кааліцыя знішчальнікаў», павінна паказаць, што прынамсі частка еўрапейскіх краінаў гатовая граць доўга. І гэта вельмі кепская навіна для Уладзіміра Пуціна, які як раз разлічвае на тое, што Захаду проста надакучыць.

Агульны месідж суразмоўцаў Зяленскага быў вельмі просты: Захад гатовы дапамагаць Украіне столькі, колькі трэба. Падчас турнэ еўрапейскія лідары выказаліся ў падтрымку ўкраінскай «формулы міру» – то бок было выразна заяўлена, што дамаўляцца з Расеяй за кошт Украіны ніхто не збіраецца. Акрамя таго, усяляк падкрэслівалася, што будучае Украіны – у Еўропе. Шольц нават агучыў гэтую думку на ўкраінскай мове: «Україна – це Європа».

Турнэ прэзідэнта – частка падрыхтоўкі да саміту G7 у Хірасіме, дзе ў значнай ступені будзе вызначацца далейшая стратэгія Захаду. Саміт G7 будзе, у сваю чаргу, уплываць на напаўненне ліпеньскага саміту NATO у Вільні. Кіраўнік украінскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі NATO Ягор Чэрнеў у інтэрв’ю LIGA.net адзначыў, што Кіеў разлічвае ўбачыць на саміце канкрэтыку наконт уступлення ў Альянс – то бок што для гэтага мусіць зрабіць Украіна. Ці ўдалося Зяленскаму падштурхнуць заходніх лідараў ў патрэбным кірунку, пакажа час.

Аналітыка
«Прэлюдыя да контрнаступлення». Што цяпер адбываецца пад Бахмутам
2023.05.17 14:06

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў