Чыноўнікі пашырылі наступ супраць нацыянальных герояў Беларусі і нацыянальнай сімволікі


Высокапастаўленыя чыноўнікі ў Беларусі выступілі супраць нацыянальных герояў і нацыянальных сімвалаў. Яны заклікаюць лічыць нацыянальнымі героямі дзеячаў Вялікай Айчыннай вайны. Таксама прагучала ініцыятыва забавязаць грамадзянаў краіны вывешваць чырвона-зялёныя сцягі. «Белсат» спрабаваў высветліць прычыны такой рыторыкі.

Мітынг падтрымання дзейных уладаў у Горадні, Беларусь. 22 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Ігар Сергеенка ў інтэрв’ю «Sb.by» заявіў, што не лічыць Тадэвуша Касцюшку і Кастуся Каліноўскага нацыянальнымі героямі Беларусі. Чыноўнік назваў Барыса Кіта калабарантам. А вось сапраўдныя героі, на ягонае меркаванне, – дзеячы Вялікай Айчыннай вайны або сучаснай Беларусі, такія як лётчыкі, што загінулі ў наш час. Яшчэ адзін чыноўнік у Беларусі, Барыс Батура, прапанаваў забавязаць людзей вывешваць чырвона-зялёныя сцягі.

Выглядае, што высокапастаўленыя чыноўнікі імкнуцца залагодзіць траўму Лукашэнкі, якую ён атрымаў у 2020 годзе, калі сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцы Менску з бел-чырвона-белымі сцягамі, кажа ў размове з «Белсатам» палітычны аглядальнік, карэспандэнт радыё «Свабода» Сяргей Навумчык.

«Рэжым быў шакаваны тым, якое падтрыманне бел-чырвона-белы сцяг атрымаў у 2020 годзе, асабліва сярод моладзі. Доўгі час лічылася, што гэты сцяг падтрымлівае нязначная частка грамадства, хоць насамрэч гэта было памылковае меркаванне. А тут сотні тысяч людзей выйшлі пад БЧБ-сцягамі, з’явіліся доўгія, па сто метраў, сцягі, якія неслі па праспектах Менску. Таму рэжым хоча нешта гэтаму супрацьпаставіць. Але што можна супрацьпаставіць нацыянальным сімвалам? Таму і вылезлі з ідэяй ладзіць Дзень герба, сцяга», – кажа суразмоўца «Белсату».

Акцыя святкавання Дня Волі ў Кракаве, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Сяргей Навумчык таксама кажа, што памятае Барыса Батуру, які раней працаваў міністрам ЖКГ. І гэту пасаду, адзначае журналіст, ён займаў у той час, калі над Домам ураду лунаў бел-чырвона-белы сцяг.

«І тады ў Барыса Батуры ніякіх пярэчанняў гэта не выклікала. Ён сядзеў ціха, як мыш, я не памятаю ніводнага ягонага выступу. Але, хіба, чакаў, калі надыдзе ягоны час. Відаць, што гэты час надышоў. Гэты чырвона-зялёны сцяг і мадэрнізаваны БССРаўскі герб – ніякія не дзяржаўныя сімвалы Беларусі. Яны цалкам нелегітымныя, бо былі ўведзеныя ў выніку нелегітымнага рэферэндуму ў 1995 годзе, яны не маюць ніякага дачынення ні да гісторыі беларускага народу, ні да ўвогуле паняцця канстытуцыйнай законнасці і нават да геральдыкі, калі ўжо ў гэтым рэчышчы глядзець», – кажа Сяргей Навумчык.

Публіцыст кажа, што штучна навязанае, што не мае сапраўдных народных крыніцаў, тое, што не выпакутаванае гісторыяй – проста знікне само па сабе. Тым больш што сучасныя Лукашэнкаўскія сімвалы звязаныя з парушэннем законнасці, фальсіфікацыямі, з дыктатурай і ўвойдуць у гісторыю Беларусі, калі нашая краіна адновіць канстытуцыйную законнасць, як сімвалы таталітарызму.

Артыкулы
«Прабач ім, Божа, бо не ведаюць, што робяць». Біскуп Касабуцкі заступіўся за БЧБ-сцяг і «Магутны Божа»
2021.09.07 23:20

Што да заяваў Сергеенкі, то Сяргей Навумчык нагадвае: нават у савецкі час Каліноўскі і Касцюшка былі нацыянальнымі героямі. Але ў сучасных сілавікоў нічога беларускага няма.

«Яно выпаленае «русcким миром», які валадарыць у Беларусі і ў пераносным і літаральным сэнсе. Практычна ўсе спецслужбы, ідэалагічныя структуры падпарадкоўваюцца Маскве, ідэям з Крамля. А ў пераносным сэнсе ідзе перагляд гісторыі. Усё, што хоць мінімальна сведчыць пра беларускую нацыянальную ідэнтычнасць, хоць за 30 гадоў Лукашэнка яе панішчыў, цяпер максімальна вынішчаецца», – канстатуе субяседнік «Белсату».

Каментар
Чаму спрацоўвае прапаганда – і ці можна ёй супрацьстаяць
2023.01.29 08:00

Сяргей Навумчык кажа, што сілавікі, ідэолагі, чыноўнікі ў адміністрацыі Лукашэнкі спадзяюцца, што калі прыйдзе Масква, за выслужванне перад «русcким миром» яны атрымаюць цёплыя месцы. Але варта паглядзець, дзе апынуліся афіцэры, якія да 2014 года былі ва ўкраінскім войску, міліцыі ці СБУ. Яны ўсе паехалі ў Сібір, на Далёкі ўсход, нагадвае журналіст.

У інтэрвʼю «Sb.by» Сяргеенка назваў Барыса Кіта калабарантам. Але Сяргей Навумчык нагадвае, што падчас акупацыі фашыстаў Барыс Кіт быў дырэктарам беларускіх школаў. Яго не раз хапалі гестапаўцы. Сергеенка прызнае, што Кіт быў выбітным навукоўцам у сферы касманаўтыкі. Хоць ён прыгадвае ракеты, якія былі нацэленыя на СССР. Але ракета, над якой працаваў Барыс Кіт, была нацэленая не на Савецкі Саюз, а на Месяц, і ў 1969 «Apollo-11» з трыма касманаўтамі прыляцела на Месяц. І ў гэтым ёсць заслуга і нашага выбітнага беларуса.

«Такі пасыл не здзіўляе, бо ён цалкам кладзецца ў канцэпцыю «русcкого мира», які фактычна з усіх завуголляў сучаснай Беларусі насаджваецца», – кажа Сяргей Навумчык.

Журналіст таксама кажа, што калі Сергеенка заняў высокія пасады, то чуў пра яго не самыя кепскія ўражанні, якія б, здавалася, можна пачуць пра чалавека, які ў сваёй кар’еры дайшоў да генерала КДБ. Але цяпер лукашэнкаўскі чыноўнік агучвае наратывы «русcкого мира».

Каментар
Аляксандр Класкоўскі: Прапаганда дае эфект ва ўмовах зачысткі інфармацыйнай прасторы
2023.04.14 13:11

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў