Сёння, 17 траўня, у наваградскі Следчы камітэт позвамі выклікалі каля 30 чалавек. Ва ўсіх іх ёсць пратаколы паводле артыкулу 23.34 КаАП.
Падставай да выкліку стала расследаванне справы аб абразе пракурора Аляксандр Шляжко і змешчанай пра яго інфармацыі.
«Людзей выклікаюць і дапытваюць літаральна за 10 хвілін. Пытаюцца, які яны маюць нік у мэсэнджары Telegram, а пасля паказваюць спіс нікаў на магчымае іх пазнаванне», – паведамляюць чытачы «Белсату».
Людзі, якія ўжо выйшлі пасля допыту, распавядаюць, што Следчы камітэт расследуе справу аб абразе ў каментарах пракурора Аляксандра Шляжко.
Справу расследуюць у Горадні.
Раней у тэлеграм-канале «Каратели Беларуси», які быў прызнаны экстрэмісцкім, размясцілі інфармацыю пра пракурора Шляжко: нібыта ён выклікаў людзей да сябе ў кабінет, шантажаваў, прымушаў падпісваць паперку, у якой людзі абавязваюцца не хадзіць на мітынгі. Жанчынам пагражаў адабраць дзяцей.
У верасні Шляжко рассылаў розным службам патрабаванні паведамляць у пракуратуру пра бела-чырвона-белыя сцягі.
АД, belsat.eu