У Крупках мужчына застрэліў сваю жонку і яе знаёмага. Па факце двайнога забойства пачата крымінальная справа. Аб гэтым паведамляе Следчы камітэт.
Целы 36-гадовай жанчыны і 39-гадовага мужчыны з агнястрэльнымі раненнямі без прыкмет жыцця былі знойдзены ў Крупках раніцай 16 красавіка. На месца здарэння неадкладна выбыла следча-аператыўная група.
Паводле папярэдніх звестак, 36-гадовы мясцовы жыхар даведаўся, што ягоная жонка хоча сысці да іншага і з рэўнасці застрэліў з паляўнічай стрэльбы жонку і яе новага мужчыну.
Следчым праведзены агляд месца здарэння, канфіскавана прылада злачынства, дапытаны падазроны і сведкі, прызначаны шэраг экспертных даследаванняў.
У дачыненні да 36-гадовага жыхара Крупак узбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.139 («Забойства дзвюх асоб») КК РБ. Мужчына затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, у дачыненні яго праводзяцца следчыя дзеянні.
Антон Тачняк belsat.eu