Генерал Роман Полька: Ядравая зброя ў Беларусі? Проста Пуцін перагуляў Лукашэнку


Чалец Рады бяспекі і абароны Польшчы генерал Роман Полька заявіў у жывым эфіры праграмы «Тыдзень» на тэлеканале «Белсат», што абяцанні размясціць у Беларусі ядравую зброю – гэта найперш гульня Пуціна супраць Лукашэнкі. Суразмоўца «Белсату» выказаў таксама меркаванне, што выцек сакрэтнай інфармацыі з Пэнтагону найхутчэй ніяк не паўплывае на сітуацыю на полі бою ва Украіне.

Польскі генерал Роман Полька. Варшава, Польшча. 20 верасня 2022 года.
Фота: Jacek Dominski / Reporter / East News

«Гэты выцек не выпадковы. Але ён не зменіць сітуацыі на полі бою. Найгоршае, што паказваецца нейкая кухня, якая асацыюецца з дыпламатыяй, з баявымі дзеяннямі, з міжнароднымі перамовамі. Расейскі бок, безумоўна, хоча выкарыстаць гэта, каб пасварыць, падзяліць людзей альянсу NATO ці нават Украіны з заходнімі партнёрамі. Але я ўпэўнены, што гэта не ўдасца», – мяркуе генерал Роман Полька.

Чаму Украіна не распачала контрнаступу

Роман Полька не выключае, што выцек з Пэнтагону мог быць кантраляваны, бо «вядзецца інфармацыйная вайна», а ўкраінскае камандаванне рыхтуецца да контрнаступу і шукае такім чынам «элемент нечаканасці, нарошчвання перавагі». На погляд польскага генерала, галоўнымі кірункамі ўкраінскага контрудару могуць стаць Мелітопаль або «адразанне Крыму», але могуць быць і іншыя вектары. Аднак ключ поспеху аперацыі застаецца ў руках Захаду, мяркуе генерал.

«І гэта не можа быць тая папяровая дапамога, якая надавалася дасюль. А дапамога – у значна большых памерах, менавіта некаторымі ўзбраеннямі малой далёкасці, рэактыўнай артылерыяй далёкага дзеяння, для сучаснай авіяцыі», – кажа Роман Полька.

На ягоны погляд, Украіна не пачала пакуль контрнаступу, бо не мае на гэта дастаткова сілаў.

«Гэтая аперацыя не пачалася, бо бюракратычныя перашкоды ці злая воля некаторых краінаў Захаду яшчэ не далі Украіне ўпэўненасці ў тым, што яна здольная весці актыўны наступ. Не было б разумна пачынаць, калі ў вас няма поўнага патэнцыялу», – гаворыць эксперт.

Генерал Полька заўважае, што жахлівыя відэа з адразаннем галоваў, якія расейцы распаўсюджваюць у сеціве, маюць на мэце застрашыць украінскае грамадства і аслабіць баявы дух вайскоўцаў ЗСУ. Менавіта такімі тэрарыстычнымі метадамі Уладзімір Пуцін дамагаўся сваіх мэтаў у Чачэніі і Сірыі. Але ва Украіне гэта не спрацуе, упэўнены суразмоўца «Белсату», бо ўкраінскіх ваяроў яднае «дух згуртаванасці».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты едуць на танку ля лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 16 красавіка 2023 года.
Фота: Muhammed Enes Yildirim / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

«Так, людзі прыходзяць са сваімі страхамі, бачаць гэтыя жахлівыя відэа… Але яны ідуць на рызыку, бо ведаюць, што змагаюцца за нешта большае. Яны змагаюцца за ўласныя сем’і, жонак, маці, дзяцей, за сваю Радзіму», – кажа Роман Полька.

Расейскіх вайскоўцаў ён называе бандытамі і тэрарыстамі.

«Цяпер яны гвалцяць, рабуюць, ужываюць тактыку забойства мірнага насельніцтва. Гэта не ўпісваецца ні ў якія катэгорыі міжнароднага права, і мяне здзіўляюць тыя краіны, якія дасюль спрабуюць захоўваць нейтралітэт у дачыненні гэтага міжнароднага тэрарыста», – сказаў польскі генерал.

Ядравы шантаж – паказнік бяссілля Пуціна

Роман Полька выказаўся таксама наконт пагрозаў расейскага і беларускага рэжымаў размясціць у Беларусі праз тры месяцы тактычную ядравую зброю. Наш суразмоўца лічыць гэта «яшчэ адным элементам ядравага шантажу, які мала што змяняе ў рэчаіснасці».

«Гэта прызнанне таго, з чым мы мелі справу і раней. А менавіта – што расейскія войскі ставяцца да Беларусі проста як да ўласнай тэрыторыі. Гэта парушэнне дамоваў, звязаных з нераспаўсюдам ядравай зброі. Безумоўна, гэта і адказ на адсутнасць моцнага падтрымання Кітаем Расеі. Гэта паказвае бяссілле. Думаю, гэта найгоршы сігнал для самой Беларусі», – мяркуе Роман Полька.

Ён падкрэслівае, што ва ўмовах акупаванай дзяржавы беларускае грамадства, якое імкнецца да міру, мусіць больш асцерагацца Расеі і «гэтых расейскіх варвараў», чымся Захаду.

«Бо ні ў адным з вучэнняў Заходняга альянсу NATO мы не перасякалі межаў тэрыторыі Беларусі ці Украіны. Польшча не мае тут ніякіх памкненняў захапіць пэўныя раёны Беларусі ці Украіну, як сцвярджае беларуская прапаганда. Не толькі таму, што яна сама хоча захаваць мір, але таму, што яна ёсць часткаю міжнародных дамоўленасцяў Еўразвязу і альянсу NATO», – сцвярджае польскі генерал.

Ён дадае, што калі б у Польшчы былі агрэсіўныя памкненні, то яе партнёры хутка заклікалі б яе «да парадку ў межах гэтых самых саюзных гарантыяў ці проста выкінулі б з саюзаў, якія вельмі карысныя для Польшчы».

«Карацей кажучы, гэта вельмі шкодна для самой Беларусі, а на ўзроўні міжнароднай расстаноўкі сілаў – гэта звычайны расейскі шантаж», – падсумоўвае эксперт.

«Беларусь уцягваюць у прайграную вайну»

Наконт нядаўніх заяваў міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна, што ў Беларусі чакаюць таксама і стратэгічную ядравую зброю, генерал Роман Полька зазначае, што «гэта насамрэч няважна», бо стратэгічную зброю расейцы могуць выкарыстоўваць і з уласнай тэрыторыі.

«Калі гэтая зброя будзе ў Беларусі, то толькі таму, што Расея хоча, каб Аляксандр Лукашэнка і Беларусь уцягнуліся ў яе вайну. І гэта самая вялікая праблема Беларусі – што яе ўцягваюць у прайграную вайну Пуціна», – лічыць Полька.

Ён мяркуе, што Пуцін, які «выкарыстоўвае ўсялякія хітрыкі», проста перагуляў Лукашэнку, які хацеў бы заставацца ўбаку. Ядравая зброя, якая мае зʼявіцца ў Беларусі, на думку эксперта, – проста шантаж і гульня Пуціна супраць Лукашэнкі, які «ўсё-такі спрабуе аказаць пэўны супраціў».

«Але перш за ўсё гэта вялікая праблема для самой Беларусі і беларусаў, якія жадаюць жыць спакойна. Але ў такой геапалітычнай сітуацыі немагчыма быць нейтральным. Тым болей з такім выклятым Захадам і цалкам залежным ад Пуціна дыктатарам. Гэта шлях да правалу», – падвёў вынік генерал.

Цалкам размову з польскім генералам Романам Полькам у праграме «Тыдзень з Ігарам Кулеем» можна паглядзець у запісе на youtube-канале «Белсат News».

Агляд
Што такое тактычная ядравая зброя і чым яна адрозніваецца ад стратэгічнай
2023.04.12 08:00

belsat.eu

Стужка навінаў