Калі вайна і санкцыі – хоць бы што. Чаму ў Беларусі працягваюць паказваць галівудскія фільмы


Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне многія заходнія кінастудыі прыпынілі сваё супрацоўніцтва з Расеяй і Беларуссю як краінамі-агрэсарамі. З-за гэтага беларускія кінатэатры не маглі паказваць галівудскія прэм’еры. Напрыклад, увесну 2022 года беларусы не пабачылі ў пракаце прэм’еру «Бэтмана». Аднак літаральна праз год сітуацыя змянілася, хоць аб узнаўленні супрацы заходніх кінакампаній з Расеяй і Беларусьсю не паведамлялася. Разбіраемся, як і чаму заходнія фільмы працягваюць трапляць на вялікія экраны ў Беларусі. 

Кадр з фільму «Дзюна. Частка 2».
Крыніца: kinopoisk.ru

«Кінатэатры зарабляюць грошы і робяць выгляд, што вайна нічога не змяніла»

7 сакавіка ў Беларусі пачалі паказваць галоўны блакбастэр сезону – фантастычны фільм «Дзюна. Частка 2». Паралельна працягваюць паказ амерыканскага супергеройскага фільму «Мадам Павуціна», фільм «Бедныя-няшчасныя» Ёргаса Лантымаса, які атрымаў 4 статуэткі апошняй кінапрэміі «Оскар», сярод якіх узнагарода за найлепшую  жаночую ролю для Эмы Стоўн. Раней у беларускіх кінатэатрах можна было паглядзець  мюзікл «Вонка» сумеснай вытворчасці ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады, мультфільм «Міграцыя» – сумесны праект ЗША і Францыі, амерыканскі баявік «З глыбіні», оскараноснага «Опенгеймера» ці мультфільм «Хлопчык і птушка» Хаяо Міядзакі.

Як бачым, беларускі гледач не застаецца без самых гучных навінак сусветнага кіно. Але тое, што мы бачым на экранах – гэта пірацкія рэлізы.

«Піраты-пасярэднікі набываюць у краінах СНД лічбавыя копіі стужак з расейскамоўным дубляжом. Хутчэй за ўсё копіі фільмаў робяцца ў Казахстане, і адтуль ідуць у пракат у Беларусь і Расею. Пры гэтым фільмы, якія ідуць у Беларусі, нічым не адрозніваюцца ў якасці ад тых, якія паказваюць ва ўсім свеце», – тлумачыць у размове з «Белсатам» кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі.

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі.
Крыніца: artists.byculture.org

Паводле яго, у Расеі пракат фільмаў адбываецца па шэрых схемах кшталту «перадсеансавага абслугоўвання»: гледачы набываюць квіток нібыта на кароткаметражны расейскі фільм, а пасля яго, праз 10-15 хвілін, ідзе асноўны блакбастар. Гэта «мыліцы», каб абыходзіць закон, бо у Расеі няма закону аб карыстанні чужой інтэлектауальнай уласнацю. У Беларусі ж 6 студзеня 2023 года прынялі закон «Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці». Ён дазваляе займацца паралельным імпартам у Беларусь – шэрымі схемамі паставак, у абыход меркавання праваўладальніка – аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, у тым ліку фільмаў. То бок у краіне легалізавалі «пірацтва».

«Такім чынам кінатэатры зарабляюць грошы і робяць выгляд, што вайна нічога не змяніла. Але па факце гэта проста рабаванне чужой уласнасці. І ў гэтым удзельнічае не толькі дзяржаўны, але і прыватны кінапракат. Я не вельмі разумею, як яны будуць гэта тлумачыць замежнаму бізнесу. І хоць у такой сітуацыі ў нармальнай краіне можна было б звярнуцца ў суд па абарону сваіх маёмасных правоў, усе разумеюць, што Беларусь не знаходзіцца ў плоскасці «закону» і судзіцца з ёй сэнсу няма. Натуральна, гэта па-за межамі любой нармальнай практыкі», – адзначыў наш суразмоўца.

У Расеі пірацкі кантэнт не паказваюць у адкрытым выглядзе, бо кінапракат знаходзіцца ў рэжыме чакання, што можа нешта зменіцца і кінатэатры змогуць вярнуцца да нармальнай сітуацыі пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне, мяркуе эксперт. Рынак Расеі нашмат большы за рынак Беларусі, таму на тое, што адбываецца ў нашай краіне, заходні бізнес можа заплюшчыць вочы.

«Судзіцца з краінай, дзе не працуюць законы, можа несці вялікія рэпутацыйныя рызыкі, дзе можна больш згубіць, чым атрымаць. Але думаю, на Захадзе выдатна бачаць і разумеюць, хто чым займаецца. Афіцыйныя гульцы кінавідэапракату асабліва ў шэрых схемах не замешаныя, бо разумеюць, што можна пацярпець. Гэтым займаюцца навічкі, якія карыстаюцца момантам і кан’юнктурай на рынку», – кажа Тарас Тарналіцкі.

Беларусы аддаюць перавагу замежнаму кіно

З пачатку 2020-х камерцыйны кінапракат сутыкнуўся з трыма вялікімі праблемамі. Першая – каронавірус, калі людзі проста перасталі хадзіць у кінатэатры. Другая – пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне і саўдзел у ёй Беларусі, што мела негатыўныя наступствы ў выглядзе адмовы ўсіх амерыканскіх кінастудыяў працаваць з краінамі-агрэсарамі. Трэцяя – бум стрымінгавых сэрвісаў, якія зрабілі цалкам камфортным прагляды кіно дома.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«У размовах з дыстрыб’ютарамі ад адных чую, што пакуль беларускім кінатэатрам не ўдалося аднавіць колькасць гледачоў на стан канца 2019 года. Іншыя кажуць, што людзі ўсё ж ходзяць у кіно ў колькасці, параўнальнай з дакрызіснай лічбай. І страляюць далёка не ўсе фільмы: з 10 стужак у кінатэатры грошы збіраюць 1-2 праекты, якія добра раскручаныя. Гэта тычыцца замежнага і расейскага кіно», – адзначае Тарас Тарналіцкі.

Што стала вельмі заўважным у апошнія гады – гэта павелічэнне колькасці расейскага кіно ў беларускіх кінатэатрах. Напрыклад, у кінатэатрах можна пабачыць меладраму «Лёд-3», мюзікл «Брэменскія музыкі», экранізацыю рамана Булгакава «Майстар і Маргарыта». Эксперт бачыць прычыну ў санкцыях і расейскім лоббі, аднак падкрэслівае, што шырокую аўдыторыю як і раней працягваюць прывабліваць заходнія фільмы.

Гэта пацвярджае і першая намесніца кіраўніка «Мінскінавідэапракату» Вольга Дзюльдзя. Паводле яе слоў, у пяцёрку самых запатрабаваных фільмаў 2023 года ўвайшлі менавіта амерыканскія рэлізы: фэнтэзі «Аватар 2: Шлях вады», драма «Опенгеймер», мультфільм «Кот у ботах 2: Апошняе жаданне».

«Калі паказвалі прапагандысцкі расейскі фільм «Дырыжор» пра тое, што адбылося ва Украіне пасля поўнамаштабнага ўварвання, у Менску былі пустыя залі, нікому гэта не было цікава. Такое адбываецца не толькі з-за таго, што гэта проста дрэннае кіно, але і праз тое, што такое кіно не мае рэкламнага суправаджэння.

А вось на расейскі фільм «Майстар і Маргарыта» беларусы хадзілі. «Чабурашка» наогул на першым месцы ў топе самых праглядаемых фільмаў за 2023 год, але гэта таксама штучны поспех, бо фільм выходзіў напрыканцы 2022 года, калі ў краіне не было нармальнай канкурэнцыі. Гэта быў амаль адзіны сямейны блакбастэр для ўсіх пакаленняў, таму ён сабраў шмат грошай. Калі б было больш замежных праектаў, карціна выглядала б іначай», – перакананы Тарас Тарналіцкі.

Аб’ектыў
Расея і Беларусь ствараюць агульную базу апальных творцаў?
2024.03.12 20:59

Разам з тым, нягледзячы на расейскае лоббі, пакуль сінхранізацыі беларускай і расейскай цэнзуры ў кіно не назіраецца: нейкія праекты не трапляюць у расейскі пракат, а ў Беларусі могуць ісці.

«Зараз усё складаней, бо шмат хто з дыстрыб’ютараў наогул сышоў з беларускага рынку. Але нядаўна быў кейс з адменай паказаў фільмаў Аляксандра Сакурава ў Менску (рэжысёр выступае супраць уварвання Расеі ва Украіну і цяпер у апале ў кіраўніцтва РФ, паводле ягоных словаў, з 2023-га Крэмль забараніў яму здымаць кіно – заўв. аўт.). Сакураў сказаў, што яго «адмяніла» Міністэрства культуры, медыя пісалі, што ў гэтым вінныя прарасейскія прапагандысты, а прыватныя пракатчыкі альбо чыноўнікі проста спужаліся. На маю ж думку, усё прасцей. Магчыма, гэта першы выпадак, калі расейскае Міністэрства культуры паўплывала на беларускае, каб не дазволілі выступаць непажаданаму аўтару. Меркаванне прарасейскіх прапагандыстаў не мае такога вялікага значэння, а большы ўплыў мае пазіцыя расейскага мінкульту наконт публічных персон», – заўважыў Тарас Тарналіцкі.

Стан кіно як і стан грамадства

У афішах кінатэатраў можна пабачыць самыя розныя фільмы, аднак вобмаль – беларускага кіно. У якім стане знаходзіцца зараз беларускі кінематограф? Па словах нашага суразмоўцы, у гэтай сферы існуе некалькі напрамкаў.

Кінатэатр «Беларусь» ў Менску.
Фота: tuda-suda.by

Першы – дзяржаўнае кіно. Гэта звычайна ідэалагічныя праекты, якія нікому нецікавыя, ды і ствараюцца яны не для таго, каб падабацца людзям і зарабляць грошы. Такія праекты ствараюцца выключна каб данесці нейкі ідэалагічны пасыл. Так, напрыклад, летась «бюджэтнікаў» і школьнікаў прымушалі хадзіць на гістарычную драму «На іншым беразе». Галоўны пасыл фільма ў тым, як кепска беларусам жылося пры паляках, і што палякі – гэта вялікае зло. Але фільм атрымаўся вельмі размыты і паказаць гэты ідэалагічны фокус асабліва не атрымалася.

Даведка
Паводле дадзеных Белстату, у Беларусі сёння працуе 85 кінатэатраў. У 2022 годзе іх наведалі 2,9 мільёна гледачоў. Большасьць з кінатэатраў дзяржаўныя, але ёсць і прыватныя арганізацыі (напрыклад, сетка Silver Screen (mooon), кампанія Skyline Cinema – абедзьве маюць латышскіх інвестараў – і іншыя).

«Другі напрамак – недзяржаўнае кіно. Там таксама няма асаблівага фокусу на тое, каб зрабіць цікавы праект. Такія фільмы часцей выходзяць у Расеі. Ёсць шэраг беларускіх рэжысёраў, якія працуюць на расейскі рынак і не пазіцыюнуць сябе як беларусы, мімікрыюць пад расейскі кантэнт», – распавядае Тарас Тарналіцкі.

Трэці напрамак – незалежнае фестывальнае кіно. Па словах нашага эксперта, яно добрае і актуальнае, але гэты напрамак амаль незаўважны для звычайнага гледача. Гэтыя праекты ў 95 % нельга паглядзець у Беларусі – у кінатэатрах ці на тэлебачанні. Іх можна паглядзець на фестывалях, незалежных ад дзяржавы пляцоўках.

«Стан кіно ў Беларусі вельмі складаны і адлюстроўвае сацыяльныя працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве.

Простымі словамі, што ў гармадстве – тое самае і ў кіно, якія эканамічныя, такія і культурныя стасункі», – рэзюмаваў наш суразмоўца.

Разбор
«Навошта плаціць дзяржаве за пірацкі фільм?» У Беларусі паменела гледачоў у кінатэатрах
2023.04.20 10:25

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў