Выданне «Politico» абвінаваціла Кітай у продажы зброі Расеі


Кітай цягам чэрвеня – снежня летась перадаў Расеі штурмавыя вінтоўкі, запчасткі да беспілотнікаў і бронекамізэлькі. Пра гэта напісала выданне «Politico», спасылаючыся на мытную інфармацыю. У Пэнтагоне заявілі, што ў іх няма звестак, якія б гэта пацвердзілі.

Вінтоўка CQ-A1.
Фота: reddit.com

«Politico» паведаміла, што кітайская кампанія перадала фірме «Техкрим», звязанай з расейскімі ўладамі, тысячу штурмавых вінтовак. Яны ў дакументах лічыліся «цывільнымі паляўнічымі стрэльбамі». Гаворка ідзе пра вінтоўкі CQ-A, створаныя паводле ўзору амерыканскіх M16. Гэтую зброю выкарыстоўвае паліцыя ў Кітаі, а таксама вайскоўцы некаторых краінаў, да прыкладу, Філіпінаў, Паўднёвага Судану, Парагваю.

Таксама ў чэрвені – снежні летась Кітай праз Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Турцыю прадаваў Расеі дэталі дронаў і бронекамізэлькі. Пра гэта стала вядома дзякуючы інфармацыі агрэгатару мытных звестак «ImportGenius».

«Politico» адзначае, што ва Украіне кітайскія вінтоўкі ў расейскіх вайскоўцаў не заўважалі, аднак напярэдадні стала вядома, што ЗСУ збілі беспілотнік «Mugin-5». Кампанія-вытворца з Кітаю пацвердзіла, што гэта быў іх дрон, і заявіла, што «робіць усё магчымае», каб перадухіліць выкарыстанне сваёй тэхнікі ў вайне.

Тым часам у Міністэрстве абароны ЗША заявілі, што не могуць пацвердзіць перадачы Кітаем Расеі смяротнай зброі.

«Мы вельмі ўважліва сочым за гэтым. Цяпер мы не бачым, каб з Кітаю ў Расею перадавалася якая-небудзь смяротная зброя для выкарыстання на полі бою ва Украіне», – заявіў журналістам спікер Пэнтагону Патрык Райдэр.

Hавiны
«The Economist» назваў саюзныя Пуціну краіны. Хто трапіў у спіс?
2023.03.16 12:22

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў