У Польшчы пачалі правяраць транспартавыя фірмы з беларускім і расейскім капіталам


Прадстаўнікі дзяржаўных службаў Польшчы прыйшлі з правяраннем у больш чым 60 транспартавых фірмаў па ўсёй краіне. Гэта толькі першы этап шырокай акцыі. Аб правяранні паведамляе Галоўная інспекцыя дарожнага транспарту Польшчы.

Пункт проверки автомобилей, которые едут в сторону белорусской границы, во время чрезвычайного положения из-за наплыва мигрантов
Правяранне транспартавых сродкаў на дарозе. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЮШ / Белсат

Правяранне пачалося 16 сакавіка адначасова ў 60 фірмах, што месцяцца ў розных гарадах Польшчы: Беластоку, Белай Падляскай, Познані, Чэнстахове, Вроцлаве. Кантрольныя дзеянні супольна праводзяць прадстаўнікі Інспекцыі дарожнага транспарту, Нацыянальнай управы даходаў, Дзяржаўнай інспекцыі працы, Памежнай аховы ды іншых органаў.

«На падставе інфармацыі, сабранай у даступных нам базах звестак, мы выбралі адрасы, дзе, сярод іншага, вядзецца так званая віртуальная транспартавая дзейнасць. Вызначаныя фірмы, якія, імаверна, маюць беларускі ці расейскі капітал. 16 сакавіка мы пачалі кантрольныя дзеянні – гэта першы этап такой шырокай акцыі», – заявіў галоўны інспектар Інспекцыі дарожнага транспарту Польшчы Альвін Гаядур.

Службы кантралююць шэраг аспектаў, звязаных з функцыянаваннем прадпрыемстваў. Галоўная мэта правярання – выявіць і абмежаваць нядобрасумленную дзейнасць на аўтамабільным транспарце.

Паводле намесніка галоўнага каменданта Памежнай аховы Польшчы Гжэгажа Немеца, пытанне паўтаральнасці такіх правяранняў вельмі важнае, «толькі так будзе дасягнуты жаданы эфект».

«Мы стараемся пазбягаць выпадковасці. Мы адбіраем субʼекты на аснове раней праведзенага міграцыйнага расследавання, а таксама на аснове аналізу рызыкі», – падкрэсліў Немец.

Паводле інфармацыі польскіх дзяржаўных службаў, падчас распачатых кантрольных дзеянняў найперш фізічна правяраюць, наколькі адпавядае патрабаванням тэхнічная база транспартавых кампаніяў (наяўнасць парковак, месцаў пагрузкі-разгрузкі, месцаў для тэхнічнага абслугоўвання або рамонту транспартавых сродкаў).

Таксама правяраюць наяўнасць адпаведных дакументаў, наяўнасць інфармацыйнай базы для вядзення бізнесу і яе адпаведнасць памерам транспартавага парку. У кантрольных службаў узнікаюць пытанні, калі па адным адрасе працуе адразу дзясятак-другі транспартавых кампаніяў з пэўнай колькасцю аўтамабіляў.

Правяраюць і сертыфікаты прафесійнай кампетэнцыі кіроўцаў транспартавых сродкаў, звяртаюць увагу на выкананне кіроўцамі нормаў працоўнага часу і на іншыя важныя пытанні дзейнасці транспартавых кампаніяў, сярод якіх законнасць побыту замежнікаў на тэрыторыі Польшчы, аплата падаткаў і гэтак далей. Правераць і будынкі, якімі карыстаюцца транспартавыя кампаніі, на адпаведнасць правілам будавання і бяспекі.

Адначасна праводзяцца таксама дарожныя агляды, падчас якіх Інспекцыя дарожнага транспарту правярае як польскія, так і замежныя цяжкавікі. Паведамляецца, што летась 47 % прыдарожных правяранняў у велікагрузным транспарце тычыліся замежных перавознікаў. 53 % з усіх выяўленых на той момант парушэнняў тычыліся субʼектаў гаспадарання з-за мяжы, у 52 % выпадкаў прымаліся адміністратыўныя рашэнні аб накладанні штрафаў на перавознікаў.

У выпадку наяўнасці парушэнняў Галоўная інспекцыя аўтамабільнага транспарту мае права прыпыніць дзейнасць аўтаперавозніка або пазбавіць яго дазволу на ажыццяўленне дзейнасці. Адпаведныя рашэнні пра абмежаванне дзейнасці нядобрасумленных кампаніяў могуць прыняць і іншыя кантрольныя службы, у межах іх кампетэнцыяў. Аб выніках правярання службы паведамяць пасля яго завяршэння.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў