Дзеянне польскага гуманітарнага каналу для атрымання візаў беларусамі будзе працягнутае з выкананнем усіх неабходных візавых правілаў, паведаміла намесніца міністра замежных справаў Польшчы Хенрыка Масціцка-Дэндзіс падчас сустрэчы з намеснікам Святланы Ціханоўскай, кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам.
Падчас сустрэчы атрымалася дасягнуць дамоўленасці пра працоўную камунікацыю для вырашэння праблемаў, звязаных з пытаннямі ўезду і легалізацыі беларусаў у Польшчы. Польскі бок запэўніў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, што дзеянне гуманітарнага каналу для атрымання візаў беларусамі будзе працягнутае з выкананнем усіх неабходных візавых правілаў. Таксама дасягнутая дамоўленасць аб развіцці працоўных кантактаў для вырашэння праблемных пытанняў беларусаў, якія знаходзяцца ў гэтай краіне.
Акрамя таго, абмяркоўваліся наступныя пытанні:
Таксама закраналася тэма гарманізацыі санкцыяў у дачыненні рэжыму Лукашэнкі і кантроль за іх выкананнем. Каманда НАУ перадала прадстаўнікам МЗС Польшчы прапановы па ўзмацненні санкцыйнага ціску. Дасягнутыя дамоўленасці аб працягу працоўных кантактаў па гэтай тэме ў адказным дэпартаменце. Як адзначылі прадстаўнікі міністэрства, пытанні гарманізацыі санкцыяў і ўзмацнення кантролю за іх выкананнем «знаходзяцца пад пільнай увагай» МЗС Польшчы.
«Пытанне Беларусі знаходзіцца ў цэнтры ўвагі польскага боку. Ёсць адзіны падыход – падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларусаў», – адзначыла Хенрыка Масціцка-Дэндзіс.
Удзел у сустрэчы таксама прынялі спецпасланнік Польшчы па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю, Малдовай і Украінай Артур Міхальскі і прадстаўнікі МЗС Польшчы, адказныя за асобныя кірункі дзейнасці: дырэктар консульскага дэпартаменту Юстына Хшаноўская, намеснік дырэктара консульскага дэпартаменту Міхал Светлік, намесніца дырэктара Усходняга дэпартаменту Ганна Костшэва-Мішталь, дырэктар дагаворна-прававога дэпартаменту Артур Гаразім, намесніца дырэктара дэпартаменту публічнай і культурнай дыпламатыі Ёана Стахіра.
26 студзеня 2024 года Польшча без папярэджання прыпыніла выдачу візаў «Poland. Business Harbour», якія прызначаліся найперш для айцішнікаў і стартапаў. Замест іх у МЗС цяпер раяць афармляць працоўныя візы.
Марыя Міхалевіч belsat.eu