Смерць Аляксея Навальнага ў Расеі, страляніна на парадзе ў ЗША. Фатаграфіі тыдня
18.02.202410:16
Ушанаванне памяці палітыка Аляксея Навальнага па ўсім свеце, місія касмічнага карабля «Odysseus» на Месяц, страляніна на парадзе ў Канзас-Сіці, перформанс супраць баёў быкоў у Мэхіка – падвялі вынікі тыдня ў здымках.
Жанчына трымае кветкі і партрэт лідара расейскай апазіцыі Аляксея Навальнага падчас акцыі пратэсту перад амбасадай Расеі ў Берліне. Зняволены палітык Аляксей Навальны памёр у веку 47 гадоў. Упраўленне Федэральнай службы выканання пакаранняў у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе паведаміла, што палітык адчуў сябе дрэнна пасля прагулкі ў пятніцу 16 лютага і страціў прытомнасць. Акцыі салідарнасці з апазіцыянерам адбыліся па ўсім свеце. Берлін, Нямеччына. 16 лютага 2024 года.
Фота: Liesa Johannssen / Reuters / Forum
Грузіны святкуюць традыцыйнае рэлігійнае свята ўшанавання памерлых Лампроба ў Каўказскіх горах рэгіёну Сванэтыя. Згодна з распаўсюджанымі легендамі, вогнішчы на магілах дапамагаюць сагрэць душы памерлых, або абудзіць прыроду і прыцягнуць ранні прыход вясны. Сванэтыя, Грузія. 14 лютага 2024 года.
Фота: Giorgi Arjevanidze / AFP / East News
Лыжнікі катаюцца на гарналыжным курорце Кардан на фоне гары Мон-Блян на мяжы Італіі ды Францыі з боку апошняй. 12 лютага 2024 года.
Фота: Olivier Chassignole / AFP / East News
Сілавікі сочаць за асобамі, якія ўскладаюць кветкі ля помніку ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Санкт-Пецярбурзе. 16 лютага стала вядома пра смерць палітыка Аляксея Навальнага ў турме. Мінімум 359 чалавек былі затрыманыя ў Расеі 16 і 17 лютага на акцыях памяці, большасць з якіх адбылася ў Санкт-Пецярбурзе, Расея. 17 лютага 2024 года.
Фота: Olga Maltseva / AFP / East News
Паліцыя аглядае варонку пасля падзення расейскай ракеты ў Будзе-Бабінецкай, недалёка ад Бучы ў Кіеўскай вобласці. У выніку выбуху згарэлі ўсе дрэвы ў радыусе 40 метраў, глыбіня ямы склала 10 метраў. Буда-Бабінецкая, Украіна. 15 лютага 2024 года.
Фота: Thomas Peter / Reuters / Forum
Парамедыкі Ірына Кніжных і Брэндан Мітчэл ездзяць па гарадах Вялікай Брытаніі і нагадваюць пра вайну ва Украіне інсталяцыяй пашкоджанай на фронце машыны хуткай дапамогі. Лондан, Вялікая Брытанія. 14 лютага 2024 года.
Фота: Jordan Pettitt / Press Association / East News
Людзі ўцякаюць з параду ў гонар пераможцаў чэмпіянату ЗША па амерыканскім футболе «Super Bowl LVIII» каманды «Kansas City Chiefs», дзе адбылася страляніна. Паліцыя затрымала двух падазраваных. У выніку страляніны загінуў адзін чалавек і 21 былі параненыя. Канзас-Сіці, штат Місуры, ЗША. 14 лютага 2024 года.
Фота: Andrew Caballero-Reynolds / AFP / East News
Удзельнікі групы «Rescate y Defensa Animal Colectivo», якая выступае супраць гвалту ў дачыненні жывёлы, зрабілі перформанс з крывёю перад будынкам Кангрэсу ў Мэхіка з патрабаваннем спыніць баі быкоў. Мэхіка, Мексіка. 14 лютага 2024 года.
Фота: Victor Mendiola / AFP / East News
Цвердапаліўны ракетны паскаральнік аддзяляецца ад ракеты «SpaceX Falcon 9» пасля ўзлёту з Касмічнага цэнтру Кенэдзі з мысу Канавэрал, штат Флорыда. Амерыканскі карабель «Odysseus» упершыню сядзе на Месяц, натуральны спадарожнік Зямлі, пасля апошняй місіі праграмы «Apollo» больш за 50 гадоў таму. Канавэрал, ЗША. 15 лютага 2024 года.