Калі Варшава цалкам зачыніць мяжу з Беларуссю?

Поўная ізаляцыя краіны ад заходняга свету будзе тэстам на выжыванне не толькі для рэжыму, але і для яго праціўнікаў.

Сітуацыя на памежным пераходзе «Баброўнікі» падчас яго закрыцця. Баброўнікі, Польшча. 10 лютага 2023.
Фота: Карына Пашко / Белсат.

Паспрабуем уявіць такую сітуацыю. Польшча цалкам зачыняе дарожны і чыгуначны пераход «Берасце – Тэрэспаль». У той самы часе Варшава каардынуе гэтыя дзеянні з Літвой і Латвіяй, якія таксама прыпыняюць рух на сваіх межах з Беларуссю. Такім чынам цалкам спыняецца гандаль з Еўразвязам праз заходнія межы і беларуская эканоміка губляе некалькі мільярдаў еўраў за год. Дэфіцыт еўрапейскіх тавараў жыхары краіны заўважаць ва ўсіх крамах. Дарога ў Еўропу для беларусаў будзе пралягаць праз Маскву і Стамбул. Самы танны кошт падарожжа з беларускай сталіцы да той жа Варшавы (цягніком да Масквы, а адтуль самалётам з перасадкай у Турцыі) складзе больш за 500 еўраў у адзін бок. А гэта азначае, што 99 % жыхароў Беларусі (без уліку тых, хто ўжо зʼехаў) не будуць больш наведваць Еўропы.

Незадаволеныя будуць тысячы беларусаў, асабліва тыя, для каго памежны гандаль і перапродаж тавараў  – асноўная крыніца даходу. У першую чаргу гэта ўдарыць па жыхарах Берасця і Горадні.

Ці магчымы такі сцэнар? Мае суразмоўцы ў польскім урадзе кажуць, што поўнае зачыненне мяжы сёння малаімавернае. Бо прыпыненне транзіту для прыватных асобаў ударыла б таксама і па польскай меншасці ў Беларусі, ужо больш чым 150 тыс. грамадзянаў краіны маюць карту паляка (дадзеныя за 2008–2021 г.). Аднак гледзячы на настроі ў Варшаве і дзеянні літоўскага ўраду, нельга выключаць поўнага прыпынення гандлёвых патокаў. Выглядае, што адпаведныя пастановы могуць быць прынятыя ўжо найбліжэйшым часам. І гэта калі з тэрыторыі Беларусі чарговым разам не адбудзецца  ўварвання ва Украіну.

Сітуацыя на памежным пераходзе «Баброўнікі» падчас яго закрыцця. Баброўнікі, Польшча. 10 лютага 2023.
Фота: Карына Пашко / Белсат.

Калі ж Лукашэнка ўсё ж такі зноў прапусціць праз Беларусь расейскія войскі, варта чакаць самых жорсткіх крокаў Польшчы і краінаў Балтыі. Трэба разумець, што ніхто ўжо не будзе пераймацца «інтарэсамі звычайных беларусаў». Хутчэй за ўсё, у такім выпадку мяжа будзе зачыненая цалкам. Нават тыя палітыкі ў Еўропе, якія моцна сімпатызуюць беларускай дэмакратычнай супольнасці, нічога не змогуць зрабіць. Беларусаў канчаткова паставяць у адзін шэраг з расейцамі. Праблемы беларусаў за мяжой (з легалізацыяй, адкрыццём рахункаў ці прадпрымальніцкай дзейнасцю) таксама будуць павялічвацца. І гэта будзе сапраўдны выклік для Абʼяднанага пераходнага кабінету, ад якога можа залежаць далейшы лёс усёй дэмакратычнай супольнасці. Таму лідары дэмакратычнай апазіцыі разам з беларусамі замежжа павінны ўжо сёння стаяць пад беларускімі амбасадамі ў Варшаве, Вільні, Берліне, Парыжы і Лондане, не чакаючы чарговага ўварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Пратэсты мусяць быць масавымі і гучнымі. Каб пачулі таксама беларусы ўнутры краіны. Некаторыя драматычныя падзеі варта апярэджваць, а не чакаць іх наступстваў.

Лукашэнка, руйнуючы стасункі з суседнімі еўрапейскімі краінамі, таксама рызыкуе. Нехта скажа, што на Кубе, у Паўночнай Карэі ці Туркменістане таксама жывуць людзі. Але там людзі дрэнна жывуць даўно і ніколі не каштавалі іншага жыцця. У Беларусі ж значная частка грамадства прывыкла да падарожжаў, поўных паліцаў у крамах, невялікіх, але рэгулярных заробкаў і пенсіяў. Кожны цвярозы эксперт пагодзіцца з тым, што ў 2020 годзе людзі не выйшлі на вуліцы «дзеля кавалка хлеба». Таму і не было працяглых страйкаў.

Закрыццё мяжы і поўная эканамічная ізаляцыя краіны ад заходняга свету будуць мець непрадказальныя наступствы. Найперш гэта загоніць рэжым Лукашэнкі ў поўную палітычную і эканамічную залежнасць ад Крамля. І спаліць усе масты. А гэта ўжо цалкам новая сітуацыя для Лукашэнкі, які дагэтуль стараўся не класці ўсіх яек у адзін кошык.

Сёння ўлады ў Менску маюць толькі адзін выхад, каб пазбегнуць далейшай эскалацыі ў адносінах з Польшчай і поўнай ізаляцыі беларусаў ад цывілізаванага свету. Адзін гарадзенскі «суддзя» нядаўна прысудзіў Анджэю Пачобуту 8 гадоў турмы, іншы «суддзя» можа пазітыўна разгледзець апеляцыю і прыпыніць выкананне выраку. І трэба як мага хутчэй правесці амністыю для прынамсі часткі палітвязняў. І галоўнае – не станавіцца другі раз на адныя і тыя ж граблі, то бок не дапусціць чарговага ўварвання ва Украіну праз Беларусь.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў